Улады Літвы пры ўдзеле беларускіх дэмакратычных сілаў 30 верасня падалі ў Міжнародны крымінальны суд дакументы для выдачы ордару на арышт самаабвешчанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Дзеянні Літвы ўжо падтрымалі ўлады суседняй Польшчы. «Белсат» жа паглядзеў, як складваецца лёс магчымых калегаў дыктатара Беларусі.
Міжнародны крымінальны суд перадаў разгляд сітуацыі ў Беларусі ў Палату папярэдняга вядзення № 1, прызначаныя суддзі. Таксама сфармаваная група асобаў, якія будуць займацца расследаваннем.
«Вынясенне першага рашэння адносна сітуацыі ў Беларусі падкрэслівае важнасць міжнароднага правасуддзя і гатовасць міжнароднай супольнасці расследаваць злачынствы рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі. Гэта выразны сігнал, што беспакаранасць не будзе дапушчальная», ‒ адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.
Пакуль жа МКС пастанаўляе, што рабіць з Лукашэнкам, мы паглядзелі, як склаўся лёс тых, каму ўжо былі выстаўленыя абвінавачанні.
У спіс асобаў, якім выставілі абвінавачанні ў Міжнародным крымінальным судзе, увайшлі 57 чалавек. Іх вінавацяць у генацыдзе, злачынствах супраць чалавечнасці, ваенных злачынствах, агрэсіі і непавагу да МКС у адпаведнасці з Рымскім статутам. Важна адрозніваць гэты спіс ад асобаў, якіх вінавацілі ў здзяйсненні злачынстваў адмысловыя Міжнародныя трыбуныла ў справах былой Югаславіі і Руанды. Сярод абвінавачаных там былі 161 і 96 чалавек адпаведна, у тым ліку былы прэзідэнт Сербіі Слабодан Мілошэвіч.
На гэты момант працягваюцца судовыя разборы супраць 25 асобаў. З іх 20 цяпер на волі як уцекачы, а пяцёра ‒ пад судом. Разборы супраць 32 былі завершаныя: з іх двое адбываюць пакаранне, сямёра яго ўжо адбылі, чацвёра былі апраўданыя, з 11 абвінавачванні былі знятыя, а васьмёра памерлі да завяршэння судовага разбору супраць іх.
Хто сядзіць, а хто ўжо адсядзеў
Цяпер пакаранне, згодна з пастановамі МКС, адбываюць дзве асобы. Адна з іх ‒ былы камандзір і чалец кіраўніцтва Гасподняй арміі супраціўлення Домінік Онгўэн, які кіраваў партызанскімі дзеяннямі супраць ураду Уганды. Яго абвінавацілі ў арганізацыі нападаў на лагеры для ўнутрана перамешчаных асобаў, рабаванняў, забойстваў, катаванняў, жорсткага абыходжання і бесчалавечных дзеянняў, сексуальнага рабства, згвалтаванняў, вербаванні і выкарыстоўванні дзяцей у якасці вайскоўцаў. Онгўэна затрымалі вайсковыя дарадцы ЗША 6 студзеня 2014 года. Вырак Міжнароднага крымінальнага суда склаў 25 гадоў зняволення.
Таксама пакаранне адбывае Баско Нтаганда ‒ адзін з лідараў Патрыятычных сілаў вызвалення Конга, узброенага крыла паўстанцкага Звязу кангалезскіх патрыётаў у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга (ДРК). Ён таксама вербаваў і актыўна выкарыстоўваў у баявых дзеяннях дзяцей, арганізоўваў напады на цывільнае насельніцтва іншых этнічных групаў, здзяйсняючы забойствы, згвалтаванні, рабуючы дамы. Ягонымі ахвярамі сталіся каля 800 мірных жыхароў, яшчэ 60 тысячаў мусілі ўцякаць. Нтаганда 18 сакавіка 2013 года прыйшоў у амбасаду ЗША, 8 ліпеня 2019-га яму прысудзілі 30 гадоў зняволення.
Лідара і заснавальніка згаданага Звязу кангалезскіх патрыётаў і галоўнакамандуючага Патрыятычных сілаў вызвалення Конга Тамаса Любангу арыштавалі 19 сакавіка 2005 года. 10 ліпеня 2012-га яго асудзілі на 14 гадоў турэмнага зняволення. На волю выйшаў у 2020-м.

1 сакавіка 2005 года затрымалі Жэрмэна Катангу ‒ лідара канкуравальнай кангалезскай групоўкі, Фронту патрыятычнага супраціву ў Ітуры. Ён, як сцвярджаецца, адказны за наўмысны напад на цывільнае насельніцтва, разбурэнні і рабаванні, забойства прынамсі 200 цывільных асобаў, выкарыстанне дзяцей-вайскоўцаў, згвалтаванні, замах на чалавечую годнасць, наўмыснае калецтва і жорсткае абыходжанне з цывільнымі. 23 траўня 2014 года Катангу прыгаварылі да 12 гадоў турэмнага зняволення. Але пакаранне змякчылі, і ў 2016-м ён выйшаў на волю.
27 верасня 2016-га да дзевяці гадоў зняволення асудзілі Ахмада аль-Магдзі, аднаго з лідараў джыхадысцкай групоўкі «Ансар Дын» у Малі. Яго абвінавацілі ў наўмысным знішчэнні рэлігійных будынкаў і гістарычных помнікаў, якія да таго ж былі аб’ектамі сусветнай спадчыны. У 2021-м тэрмін пакарання яму, праўда, скарацілі, аль-Махдзі выйшаў на волю. Але 24 чэрвеня 2024 года асудзілі ягонага паплечніка Аль-Хасана Ага Абдула Азіза. Яго прызналі вінаватым у некаторых ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці, у тым ліку катаванні, наўмыснае калецтва і жорсткае абыходжанне. Прысуду яму пакуль не вынеслі.
Не дажылі да суда
Не ўсім з тых, каго абвінавачваў Міжнародны крымінальны суд, пашчасціла дажыць да яго. Гэтак, 12 жніўня 2006-га ў баях з угандыйскімі сіламі быў забіты адзін з лідараў Гасподняй арміі супраціўлення Раска Лукўія. Загінулі і ягоныя паплечнікі: у кастрычніку 2007 года ‒ Вінсэнт Оці, 27 кастрычніка 2013 года ‒ Акот Адыямба. У тым жа годзе загінуў лідар Вызвольнай арміі Судану Салех Джэрба. У 2019-м забілі Сільвэстра Мудакумуру, лідара збройнага крыла Дэмакратычных сілаў вызвалення Руанды. У 2021-м у Егіпце ад наступстваў каронавіруса памёр былы кіраўнік лівійскіх спецслужбаў Тахамі Халед.
27 чэрвеня 2011 года за злачынствы супраць чалавечнасці пры задушэнні пратэстаў Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт кіраўніка Лівіі Муамара Кадафі і ягонага сына Сэйфа аль-Іслама. Але 20 кастрычніка 2011 года лідара рэвалюцыі жорстка забілі паўстанцы. Ягоны сын дасюль у вышуку.

Смерць Кадафі гэтак моцна паўплывала на Лукашэнку, што ён і праз гады згадваў, як таго ці то «на палю пасадзілі», ці то «ўкрыжавалі». І параўноўваў гэта са сваім лёсам, што яго таксама «на палю пасадзяць, яшчэ нешта».
Апраўданыя
Былі ў гісторыі МКС і апраўдальныя прысуды. Напрыклад, у 2008 -м выдалі ордар на былога віцэ-прэзідэнта ДРК Жана-П’ера Бэмбу. Ён як кіраўнік Руху за вызваленне Конга дапамагаў уладам душыць паўстанне ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы. Бэмбу абвінавацілі ў адказнасці за згвалтаванні, катаванні, знявагі асабістай годнасці, забойствы і рабаванні. Арыштавалі ў Бельгіі 24 траўня 2008 года і ў 2016-м асудзілі да 18 гадоў пазбаўлення волі. Аднак палітык здолеў апратэставаць вырак і, скарыстаўшыся працэсуальнымі і юрыдычнымі памылкамі, дамагчыся апраўдання. У 2018-м ён вярнуўся ў Конга, дзе летась заняў пасаду віцэ-прэм’ера. Пры гэтым за перашкоды МКС былі асуджаныя на тэрміны ў 11 месяцаў чатыры паплечнікі Бэмбы.
Сярод апраўданых судом быў яшчэ адзін прадстаўнік ДРК Мат'ё Нгуджалё Чуі, камандзір Нацыяналістычнага і Інтэграцыянісцкага фронту. Яго абвінавачвалі ў тых жа дзеяннях, што і асуджанага на 12 гадоў Катангу, але Чуі апраўдалі ў 2012 годзе.
Цяпер у Міжнародным крымінальным судзе разглядаюцца справы лідара суданскай арабскай міліцыі Алі Кушайба (затрыманы ў 2020 годзе), лідара паўстанцаў у ЦАР Альфрэда Екатома, былога міністра спорту рэспублікі Патрыса Нгаісона (абодва затрыманыя ў 2018-м) і іхнага праціўніка Махамата Саіда Абдэля Кані (у зняволенні з 2021-га).
Вышук кіраўнікоў дзяржаваў
Згаданы вышэй Кдафі ‒ не адзіны кіраўнік краіны, у дачыненні якога выдалі ордар МКС. Першы быў прэзідэнт Судану з 1993 года Умар аль-Башыр. 4 сакавіка 2009-га яму выставілі абвінавачанне паводле пяці пунктаў злачынстваў супраць чалавечнасці і двух пунктаў ваенных злачынстваў у звязку з сітуацыяй у Дарфуры. Затым яму выставілі дадатковыя абвінавачанні паводле трох пунктаў генацыду. Палітыка вінавацяць у загадах гвалтаваць, забіваць, знішчаць, гвалтоўна перамяшчаць і катаваць мірных жыхароў, а таксама ў рабаванні шматлікіх вёсак і лагераў народнасцяў, якіх падазравалі ў падтрыманні паўстанцаў. У 2019 годзе ў выніку пратэстаў палітыка з прэзідэнцкай пасады скінулі вайскоўцы. З таго часу ён у зняволенні, у Судане пачатае ўласнае расследаванне.

У 2011 годзе крымінальную справу пачалі ў дачыненні на той момант ужо былога прэзідэнта Кот-д’Івуару Лёрана Гбагбо. Ён стаўся першым у гісторыі кіраўніком дзяржавы, які паўстаў перад МКС за злачынствы супраць чалавечнасці. Яго вінавацілі ў арганізацыі сістэматычных нападаў на мірных жыхароў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010-га. Івуарыйскія сілавікі, як заяўлялася, забівалі, гвалтавалі, пераследавалі і бесчалавечна абыходзіліся з цывільнымі прыхільнікамі апанента Гбагбо. Палітыка затрымалі апазіцыянеры 11 красавіка 2011-га і 29 лістапада таго ж года перадалі ў суд. Аднак у 2019-м яго апраўдалі і вызвалілі. На радзіму, дзе на 20 гадоў была асуджаная ягоная жонка Сімонэ, Гбагбо не вярнуўся.
17 сакавіка 2023 года суддзі МКС выдалі ордар на арышт кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна за ваенныя злачынствы, учыненыя падчас расейскага ўварвання ва Украіну, у тым ліку за прымусовы вываз украінскіх дзяцей. Разам з ім ордар выдалі на ўпаўнаважаную ў правах дзяцей Марыя Львову-Бялову. З 2024-га Міжнародны крымінальны суд таксама вышуквае камандуючага Вайскова-касмічнымі сіламі РФ Сяргея Кабылаша, цяпер ужо былога камандуючага Чарнаморскім флотам Віктара Сакалова, начальніка Генштабу УС РФ Валерыя Герасімава і сакратара Савету бяспекі РФ Сяргея Шайгу. Апроч таго, у 2022 годзе былі выдадзеныя ордары на арышт чыноўнікаў самаабвешчанай Паўднёвай Асетыі за падзеі расейска-грузінскай вайны 2008-га: Давіда Санакоева, Міхаіла Міндзаева і Гамлета Гучмазава.
Беларускія дэмакратычныя сілы спадзяюцца, што спіс прарасейскіх палітыкаў, якіх вышуквае МКС, неўзабаве папоўніцца прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі.
Макар Мыш belsat.eu