Упершыню за шэсць гадоў беларускі футбольны клуб дабраўся да асноўнага этапу еўракубкаў. Сталічны клуб пачынае выступ у асноўным раўндзе Лігі Канферэнцый 3 кастрычніка хатняй гульнёй супраць шатландскага "Харста". Разбіраем як беларуская каманда аказалася ў гэтым турніры і чаго ад яе можа чакаць, і ці перамогі «Дынама» працуюць на прапаганду рэжыму.
Для беларускага футболу па незразумелых прычынах зрабілі выключэнне
У большасці відаў спорту беларускія зборныя і клубы патрапілі пад санкцыі разам з расейцамі і не могуць выступаць на міжнароднай арэне. Для беларускіх жа каманд у футболе зрабілі выключэнне, яны могуць гуляць у еўракубках і зарабляць грошы. Праўда, самі гульні не могуць праходзіць на тэрыторыі Беларусі. І ў дадзеным выпадку ўзнікае вельмі спрэчны момант. Беларускі рэжым даў сваю тэрыторыю для нападу на Украіну, але большасць чыноўнікаў ад футбола і беларускіх трэнераў і гульцоў ніяк не асудзілі гэтыя дзеянні, не заявілі, што яны супраць вайны, адмаўляюцца адказваць на пытанні не звязаныя з футболам падчас матчаў за мяжой, але дапушчаныя да міжнародных спаборніцтваў.
Напрыклад, штаб Паўла Латушкі і іншыя прадстаўнікі дэмакратычнага руху патрабавалі адхіліць каманды, якія прадстаўляюць рэжым Лукашэнкі ад міжнародных спаборніцтваў. Але хапае ў беларускага спорту і лабістаў. У выніку міжнародныя футбольныя структуры ігнаруюць гэтыя звароты. Напрыклад дайшло да таго, што ў кулуарах ФІФА абмяркоўвалася пытанне вяртання да міжнародных спаборніцтваў расейцаў. Чыноўнікаў ад футбола спыніла заява большасці дэмакратычных краін, што ў выпадку допуску расейцаў яны не выйдуць гуляць супраць іх. Ад такога скандалу адмовіліся. Падобныя выпадкі ўжо здаралісяі на прыкладзе беларускіх зборных, калі з тымі, хто фармальна падтрымлівае вайну, адмовіліся гуляць зборныя Літвы і Эстоніі.
Ці прадстаўляе менскае «Дынама» рэжым Лукашэнкі?
Былы футбаліст, а цяпер футбольны трэнер, Яўген Вяроўка лічыць, што ў сённяшняй сітуацыі, беларускім камандах не месца на міжнароднай арэне.
– Я лічу, што ні зборная Беларусі, ні беларускія клубы не мусяць брат удзел у любых мерапрыемствах пад эгідай ФІФА і УЕФА. Чаму? Па-першае, таму, што Беларусь - краіна ў якой не спыняюцца рэпрэсіі, як супраць людзей, так і супраць футбалістаў. Шмат беларусаў з парушэннем усіх чалавечых нормаў сядзяць у вязніцах яшчэ з 2020 года. Да таго ж рэжым Лукашэнкі падтрымлівае Расею ў вайне супраць Украіны.
,,У мяне няма сумневу, што менскае «Дынама» карыстаецца прамой падтрымкай уладаў і актыўна выкарыстоўвае гэтыя рэсурсы , у выніку прамые канкурэнты знішчаны, і менскі клуб атрымаў непараўнальна лепшыя ўмовы ў параўнанні з іншымі, - сказаў Яўген Вяроўка ў размове з журналістам «Белсату».
А вось меркаванне кіраўніка Беларускага фонду спартовай салідарнасці зусім іншае. Аляксандр Апейкін выказаў меркаванне, што не варта казаць, што беларускія клубы прадстаўляюць рэжым Лукашэнкі.
– Улічваючы сённяшні палітычны кантэкст, часта гучаць меркаванні, што ўдзел беларускіх клубаў у міжнародных спаборніцтвах з'яўляецца неадназначным, быццам бы спартыўныя клубы прадстаўляюць беларускую дыктатуру. Але што тычыцца канкрэтна сталічнага футбольнага клубу "Дынама", то ў прынцыпе няма ніякіх прамых доказаў таго, што клуб ці ягоныя гульцы нейкім чынам падтрымліваюць палітычныя рэпрэсіі альбо расейскую вайсковую агрэсіі ва Украіне. Да таго ж многія заўзятары лічаць, што спорт павінен заставацца па-за палітыкай, – кажа Апейкін.

– Для шматлікіх прыхільнікаў «Дынама» гэтае выступленне – значная падзея, якая дае ім магчымасць ганарыцца сваім клубам і краінай на міжнароднай арэне. Тым больш, што гэта першае выступленне мінскага клубу ў асноўнай стадыі еўракубкаў за шмат гадоў. Асабліва значным будзе матч супраць польскай "Легіі" у Варшаве 7 лістапада, бо гэта будзе вельмі добрая нагода ўсім беларусам у эміграцыі сустрэцца на футболе, пабачыцца, зладзіць сумесныя мерапрыемствы. Удзел беларускіх спартыўных клубаў у еўракубках, асабліва сёння, мае важнае значэнне для захавання спартыўнага суверэнітэту і прысутнасці Беларусі ў сусветным спорце.
,,Пазбаўленне беларускіх клубаў магчымасці выступаць на міжнароднай арэне можа нанесці вельмі сур'езную шкоду беларускаму прафесійнаму спорту, прывесці да шматгадовай стагнацыі гэтай галіны, паглыблення інтэграцыі ў расейскі спорт. Не разумею, як нехта можа гэтаму радавацца, – падсумоўвае размову Аляксандр Апейкін.
Таксама нагадаем, што адзін з самых вялікіх фанатскіх рухаў Беларусі менскага «Дынама» у 2020 годзе ўвёў байкот супраць сталічнага клубу і да сённяшняга моманту яго не адмяняў.
У гэтым сезоне розыгрыш еўракубкаў пройдзе па новай схеме, з адзінай турнірнай табліцай, у кожным з трох турніраў (Лізе чэмпіёнаў, Лізе Еўропы і Лізе Канферэнцый) выступіць па 36 каманд.
Калі раней для правядзення дамашніх матчаў беларускія каманды выбіралі стадыёны ў Сербіі, Венгрыі або Арменіі, то цяпер мінскае "Дынама" будзе гуляць за 2725 кіламетраў ад дома ў азербайджанскім горадзе Сумгаіце на стадыёне Мехдзі Гусейнзадэ. Там падапечныя Вадзіма Скрыпчанкі сустрэнуцца з шатландскім "Хартсам" (3 кастрычніка, пачатак у 19.45 па беларускім часе), дацкім "Капенгагенам" (28 лістапада, 20.45) і паўночнаірландскім "Ларнам" (12 снежня, 20.45). А самым блізкім і ў той жа час самым гарачым стане выезд у Варшаву на гульню з "Легіяй". Гульня пройдзе 7 лістапада і пачнецца а 20.45 па беларускім часе. Ужо вядома, што ў ёй не змог узяць удзел расейскія легіянеры «Дынама» Ігар Школік і Даніл Кулакоў, іх проста не ўпусцяць на тэрыторыю Еўразвяза. Нагадаем, што ў складзе мінчан выступае 8 легіянераў, апрача расейцаў гэта бразільцы і афрыканцы. На выездзе «Дынама» згуляе яшчэ 24 кастрычніка супраць фінскага «ХІКа» і 19 снежня супраць грэчаскага «Панацінакоса».
Для выхаду ў плэй-оф мінскае «Дынама» павінна заняць месца не ніжэй за 24-е. Такую задачу перад камандай і ставіць галоўны трэнер беларускага клуба. «Задаволеныя лёсаваннем і тым узроўнем каманд, якія нам выпалі. Усе клубы з розных краін - стылістыка розная. Плюс трэба ўлічваць, што сёлета адбылася рэформа правядзення Лігі канферэнцый. 36 каманд у розыгрышы. У кожнага шэсць розных сапернікаў. Будзем імкнуцца як мінімум патрапіць у лік 24 лепшых каманд па набраных ачках, каб далей працягнуць, узімку ці ранняй увесну, удзельнічаць у плей-оф», – сказаў галоўны трэнер менскага "Дынама" Вадзім Скрыпчанка.
Алесь Ляўчук belsat.eu