У Еўрапарламенце выбралі кіраўніцу дэлегацыі ў справе Беларусі. Яе ўзначаліць еўрадэпутатка ад Польшчы Малгажата Гасеўска. Вядома, што яна ўваходзіць у фракцыю кансерватараў ды рэфармістаў і ёсць сябрай польскай партыі «Закон і справядлівасць».
Дарадца Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька лічыць такі выбар добрым, аргументуючы свае словы тым, што Малгажата Гасеўска ў польскай палітыцы з дзевяностых гадоў, яна была з візітамі ў Менску і ў цэлым беларуская тэма ёй блізкая.
«Думаю, агульнымі намаганнямі мы зможам трымаць беларускае пытанне ў парадку дня Еўрапейскага парламенту, – цытуе словы Лябедзькі «Парламенцкі канал». – А пакуль – нашыя віншаванні ўсім новым чальцам дэлегацыі. Жыве Беларусь!»
Вядома, што Малгажата Гасеўска – былая віцэ-маршалка польскага Сейму, а таксама экс-намесніца старшыні камісіі ў замежных справах польскага парламенту.
Адзначым, што на нядаўніх дэбатах у Еўрапарламенце яна па-беларуску звярнулася да палітвязняў з нашае краіны.
«Дарагія беларускія сябры, мы памятаем пра вас. І заўсёды будзем змагацца за вашу свабоду», – сказала падчас сваёй прамовы Малгажата Гасеўска.
Тады ж, з трыбуны Еўрапарламенту, яна асобна распавяла пра Анджэя Пачобута, Алеся Бяляцкага, а таксама пра беларускіх палітвязняў, якія загінулі за кратамі.
Надзея Вольная belsat.eu