навіны

Дэмакратычныя сілы мусяць ініцыяваць перагляд санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі?

img
Аляксандр Лукашэнка з дручком. Скрыншот: Двубой
podpis źródła zdjęcia

Пра неабходнасць правесці «рэвізію санкцыяў» і «вынесці пул патрабаванняў на перамовы з рэжымам Лукашэнкі супольна з партнёрамі з Еўразвязу» заявіў палітык Віталь Рымашэўскі ў эфіры праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.


Адзін з лідараў БХД лічыць, што сам Лукашэнка дасылае «ясныя сігналы Захаду» пра гатовасць ісці на перамовы і нават выканаць нейкія «сімвалічныя патрабаванні», пра што быццам і сведчыць вызваленне пасля 3 ліпеня 115 палітвязняў. Пры гэтым сам Рымашэўскі заўважае, што, сапраўды, у Беларусі за краты трапілі яшчэ больш тых, хто праходзіць паводле палітычных артыкулаў. Праваабаронцы такіх налічылі 142.

Таму палітык Юрась Губарэвіч выказвае нязгоду з Віталём Рымашэўскім: «Калі нейкае акно ёсць, то вецер дзьме ў гэтым акне ў нейкі не той бок». Лідар руху «За свабоду» лічыць, што дзеянні Лукашэнкі – не больш як «спроба прамацаць глебу» і выкарыстаць сённяшнюю вонкавапалітычную сітуацыю, як самаабвешчаны кіраўнік Беларусі ўжо рабіў у 2008 і 2015 гадах. Аднак цяпер Еўразвяз не купляецца на такое, а для самога Лукашэнкі сітуацыя патавая:

,,

«Я думаю, што тут для Лукашэнкі таксама патавая сітуацыя, бо вызваляючы палітвязняў, ён гуляецца з агнём. Гэта таксама сігнал не толькі Захаду, які так, фіксуе, але не бачыць тут ніякага відавочнага прагрэсу, што дазволіў бы памяняць стаўленне да Лукашэнкі. Але гэта сігнал і ўнутры Беларусі. Часткова грамадству, для якога, можа быць, узнікаюць спадзяванні на тое, што, можа быць, сітуацыя зменіцца, калі можна будзе ўздыхнуць вальней, а значыць, пратэсныя настроі могуць вярнуцца. Але перадусім – чыноўнікам і сілавікам. Гэта значыць, што чалавек, які дэклараваў апошнія чатыры гады, што ўсё пад кантролем, ён у моцным кулаку трымае сітуацыю, ён будзе працягваць рэпрэсіі, ворагі ўсе будуць пакараныя – дае слабіну. Гэта небяспечная сітуацыя для Лукашэнкі».


Губарэвіч лічыць, што горш, чым сёння, у Беларусі ўжо быць не можа, але Рымашэўскі бачыць у такім пункце погляду памылку: «Можа быць яшчэ горш». Таму заклікае ўжо цяпер выкарыстоўваць «прагматычныя інтарэсы дыктатара і рэжыму» з улікам памылак, што «былі зробленыя папярэднімі перамоўцамі». Што менавіта Віталь Рымашэўскі прапануе рабіць?

,,

«Рэвізія санкцыяў і адмена тых санкцыяў, якія б’юць па простым беларускім народзе. Ну, напрыклад, спыненне транспартнага перамяшчэння беларусаў чыгункай. Або адкрыццё памежных пераходаў. Гэта тое, што трэба для беларусаў дзеля камунікацыі з Еўразвязам».


Віталь Рымашэўскі і Юрый Губарэвіч ў праграме «Двубой» з Віталём Цыганковым. Крыніца: Белсат
Віталь Рымашэўскі і Юрый Губарэвіч ў праграме «Двубой» з Віталём Цыганковым. Крыніца: Белсат

Паводле аднаго з лідараў БХД, на Лукашэнку могуць уплываць разуменне хісткасці ягоных адносінаў з Уладзімірам Пуціным і магчымае хуткае спыненне вайны таго супраць Украіны. Таму менавіта цяпер, паводле Рымашэўскага, наспеў час змены стратэгіі беларускіх дэмакратычных сілаў:

,,

«Другое, што трэба зрабіць, – вынесці пул патрабаванняў на перамовы з рэжымам Лукашэнкі супольна з партнёрамі з Еўрапейскага Звязу. У гэтым пуле, безумоўна, мусіць быць і вызваленне палітвязняў, і спыненне рэпрэсіяў, і, зрэшты, [трэба] пачаць прагматычна пра гэта казаць. Зноў улічваючы памылкі папярэдніх гадоў».


Майстар тлуміць галаву пралічыўся? Гаага і перагляд санкцыяў навіны

Юрый Губарэвіч лічыць, што ўкідамі пра лібералізацыю і адлігу рэжым Лукашэнкі, які валодае «майстэрствам задурваць мазгі», імкнецца збіць увагу беларусаў і дэмакратычных сілаў: «Гэта якраз тое, што нам навязвае рэжым Лукашэнкі і Пуціна – размаўляць пра нейкія эфемерныя рэчы, якія нават у тэорыі могуць ніколі не адбыцца. Мы будзем губляць час. І вось гэтае гублянне часам і называецца пераглядам стратэгіі».

Працяг дыскусіі паміж Юрыем Губарэвічам і Віталём Рымашэўскім глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

ББ belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10