навіны

Алігарх Гуцарыеў прапаноўваў ФБР інфармацыю пра планы Лукашэнкі і Пуціна ў абмен на зняцце санкцыяў

Міхаіл Гуцарыеў і Аляксандр Лукашэнка
Міхаіл Гуцарыеў і Аляксандр Лукашэнка. Фота: БелТА
podpis źródła zdjęcia

Расейскі алігарх, сябар Аляксандра Лукашэнкі Міхаіл Гуцарыеў прапаноўваў ФБР інфармацыю пра планы Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. За гэта ён прасіў зняцць санкцыі, піша чэшскае выданне «Deník N».

Пра спробы Міхаіла Гуцарыева абмяняць інфармацыю на выгады для сябе стала вядомая са справы пра падвойнага агента ў чэшскай паліцыі.


Дзве сустрэчы паміж Гуцарыевым, працаўнікамі ФБР і чэшскай выведкай прайшлі ў 2022 годзе. Паведамляецца, што арганізоўваў камунікацыю працаўнік чэшскага аддзелу ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, нарадзінец Грузіі. Ён паступіў на службу ў Чэхіі восем гадоў таму. «Deník N» паведамляе толькі ягоныя ініцыялы – Л. Г.


Адзначаецца, што мужчына працаваў у сілавых структурах Грузіі і змагаўся з карупцыяй, калі краіну ўзначальваў Міхэіл Саакашвілі. А пасля яго адстаўкі пераехаў у Чэхію. Там Л. Г. стаў адным з галоўных спецыялістаў у справе расейскамоўнай арганізаванай злачыннасці. Аднак цяпер ён пад следствам на падставе абвінавачання ва ўцечцы інфармацыі і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.

Раман Пратасевіч адпачывае ў Дубаі, ААЭ. 14 верасня 2024 года. Фота: SPRAVA / Telegram
Пратасевіч як сігнал для Захаду. На скасаванне якіх санкцыяў разлічвае Лукашэнка? навіны

Падазраецца, што ён перадаў інфармацыю свайму знаёмаму Георгію Арджанікідзэ, калі яго папрасілі даведацца, ці не звязаны Арджанікідзэ з расейскім алігархам і сябрам Пуціна Барысам Ратэнбергам. Таксама адзначаецца, што Л. Г. сустракаўся са сваімі землякамі, звязанымі з арганізаванай злачыннасцю ў Еўропе, якія называлі яго «самым верным агентам» у Чэхіі.


Цяпер паліцыянты, якія расследуюць справу Л. Г., спрабуюць высветліць, ці плаціў Міхаіл Гуцарыеў яму за арганізацыю сустрэчаў са спецслужбамі ў 2022 годзе.


Падчас ператрусу ўдома ў Л. Г. знайшлі каля 1,5 млн еўраў, дарагія гарнітуры і гадзіннікі.


Міхаіл Гуцарыеў трапіў пад санкцыі Еўразвязу пасля 2021 года як набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. Санкцыі дасюль не знятыя. Сярод ягоных бізнес-інтарэсаў у Беларусі ёсць калійнае радовішча пад Любанню – Нежынскі горна-абагачальны камбінат. Распрацоўканнем радовішча займаецца кампанія «Слаўкалій» Міхаіла Гуцарыева. Яму ўдалося ўзяць у Кітаі крэдыт на $1,4 млрд для будавання камбінату. Прычым гэта быў крэдыт пад гарантыі ўраду Беларусі. Відаць, гэта ў яго атрымалася праз сяброўскія стасункі з Аляксандрам Лукашэнкам. Пасля ўвядзецця санкцыяў супраць Гуцарыева кітайскае фінансаванне было прыпыненае.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10