Літва заклікае краіны свету далучацца і разам прыцягнуць Лукашэнку і ягоных памагатых да адказнасці. Балтыйская дзяржава падала заяву ў Міжнародны крымінальны суд. Калі сярод іншых дзяржаваў знойдуцца паплечнікі, справа пойдзе значна хутчэй. Што пагражае рэжыму Лукашэнкі ды як гэта адаб’ецца на ягоным і так амаль нулявым статусе – `у сюжэце з праграмы «ПраСвет».
Галасы беларусаў пачутыя: распачатая Народным антыкрызісным упраўленнем справа дала плён. На падставе матэрыялаў, якія доўгі час збіралі праваабарончыя арганізацыі і каманда Паўла Латушкі, Літва скіравала ў Міжнародны крымінальны суд запыт расследаваць злачынствы рэжыму Лукашэнкі.
,,«Калі пракурор пераканаецца, што выкананыя пэўныя тэсты – тэсты юрысдыкцыі, тэсты прымальнасці і тэсты інтарэсаў правасуддзя – для працягу справы, то пракурор пачне афіцыйнае расследаванне. І калі афіцыйнае расследаванне прыйдзе да высновы, што злачынствы супраць чалавечнасці здзяйсняюцца рэжымам у Беларусі, часткова на тэрыторыі Літвы, то пракурор папросіць суддзяў выдаць ордар на арышт тых, хто будзе прызнаны адказным», – каментуе справу Арыф Эйбрагам, юрыдычны кансультант ураду Літвы ў справе прыцягнення рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці.
Літва – першая ў гісторыі рэспубліка Рымскага статуту, якая ініцыявала запыт адносна краіны, што не ратыфікавала гэтай міжнароднай прававой дамовы. Калі прыклад з яе возьмуць хаця б яшчэ некалькі іншых дзяржаваў, шанцы пакараць рэжым у Менску значна павялічваюцца. Да гэтага Літва і беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі на супольнай прэс-канферэнцыі ў Гаазе.
,,«Памятаеце, з якімі плакатамі выходзілі людзі ў 2020 годзе: «Лукашэнку – у Гаагу!», «Трыбунал!»? Вы думаеце, што гэтыя простыя лозунгі засталіся ў мінулым? Не, гэта твая будучыня, Лукашэнка, – заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. – Мы заклікаем усе дэмакратычныя краіны падтрымаць намаганні Літвы, скарыстацца сваім правам, 14-м артыкулам Рымскага статуту, зрабіць так, каб справядлівасць перамагла над непакаранасцю. Гэта хоча мець беларускі народ, гэта тое, што аб’ядноўвае нас усіх, – жаданне справядлівасці».
,,«Мы згодныя з тым, што ёсць абгрунтаваныя падставы меркаваць, што рэжым Лукашэнкі мог учыніць злачынствы, вызначаныя ў Статуце Міжнароднага крымінальнага суда, – заявіў прэсавы сакратар МЗС Польшчы Павэл Вроньскі. – Міністэрства замежных справаў разам з іншымі кампетэнтнымі органамі аналізавала гэтае пытанне, і гэты працэс будзе працягнуты. Мы з цікавасцю азнаёмімся з аргументацыяй літоўскага боку, што азначае поўнае падтрыманне літоўскага звароту МЗС Польшчы».
Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан атрымлівае запыт на выдачу ордару супраць Лукашэнкі і асобаў, датычных да злачынстваў супраць чалавечнасці. Пастанову выдаць ордары ў дачыненні пэўных асобаў прымае ён. Калі Карым Хан пастановіць, што доказаў недастаткова, справа можа адкласціся, каб сабраць больш доказаў.
Ёсць і варыянт, калі Карым Хан пакіне гэтае рашэнне на судовую калегію. У гэткім выпадку, імаверна, будзе некалькі пасяджэнняў, у выніку якіх пастановяць, супраць каго выдаваць ордары і ці выдаваць увогуле. Пасля гэтага, як толькі хтосьці з гэтых асобаў трапіць на тэрыторыю любой са 125 краінаў, што ратыфікавалі Рымскі статут і прынялі абавязкі аб выбачы, яе мусяць арыштаваць і перадаць МКС.
,,«Ёсць шмат доказаў таго, што гэтыя меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасці здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі, таму натуральным следствам гэтага, вядома, могуць быць выдадзеныя ордары на арышт або, прынамсі, пракурор спачатку звернецца ў калегію суддзяў, каб гэтыя ордары на арышт былі выдадзеныя», – мяркуе Габія Грыгайце-Даўгірдзе, намесніца міністра юстыцыі Літвы.
У чым менавіта вінавацяць Лукашэнку і ягоных памагатых? Дэпартацыя беларускага народу: паводле леташняй справаздачы Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы і сёлетняй справаздачы Управы вярхоўнага камісара ААН, каля 300 тысяч беларусаў вымушана пакінулі радзіму. Пераслед беларусаў у выгнанні: завочныя суды і пазбаўленне маёмасці на радзіме, пагрозы здароўю і жыццю людзей, выкарыстанне мовы нянавісці, пераслед сваякоў, немагчымасць атрымаць пашпарт за межамі ўласнае краіны.
,,«Натуральна, я разумею, што гэты працэс можа заняць гады і можа ніколі не здарыцца так, што Лукашэнка будзе сядзець у Гаазе, – разважае абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. – Гэта, канечне, вельмі прыгожае слова і прыгожы малюнак, але на сёння гэта вельмі важны мэсідж не толькі Лукашэнку, але і ўсім дыктатарам: злачынствы непрымальныя, злачынствы будуць пакараныя».
Дыктатар і сябар Лукашэнкі Уладзімір Пуцін дакладна ведае, што значыць ордар на арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда. Далей за Беларусь гаспадар Крамля падарожнічае неахвотна. Нядаўна асмеліўся на візіт у Манголію. Хоць на краіну і распаўсюджваюцца правілы Рымскага статуту, там яго арыштаваць пабаяліся. Манголія залежыць ад расейскіх энерганосьбітаў і, як патлумачылі прадстаўнікі дзяржавы, прытрымліваецца так званага палітычнага нейтралітэту. На іншым жа кантыненце, афрыканскім, а менавіта ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, Пуціна наўпрост папрасілі больш не прыязджаць. Іначай – здадуць у Гаагу.
Ад Лукашэнкі, як сам ён ад Пуціна, ніхто так не залежыць, таму і зацікаўленасці яго хаваць ад міжнароднага трыбуналу няма. Дыктатар Беларусі і ягоныя памагатыя могуць стаць перад гаагскім судом: калі ордары на іхны арышт будуць выданыя, то краіны – удзельніцы Рымскага статуту будуць абавязаныя іх затрымаць. У такім выпадку шлях нават у гэтак званыя сяброўскія краіны будзе загароджаны калючым дротам. Можна развітацца з Сербіяй, Вугоршчынаю, Кеніяй, Ліберыяй, Мадагаскарам, Мексікай, той жа Манголіяй, Намібіяй, Нігерам, Нігерыяй, Таджыкістанам Угандай і Венесуэлай.
Лукашэнка і так амаль нікуды не ездзіць, але ў гэткім выпадку могуць перастаць завітваць і да яго. Адна рэч – сябраваць з апошнім дыктатарам Еўропы. Зусім іншая – з міжнародным злачынцам.