У Беларусь з тэрыторыі Украіны заляцелі тры дроны «Shahed» каля 12:55 гадзіны дня. Таксама ў небе верталёт Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».
«Шагэды» заляцелі з Чарнігаўскай вобласці Украіны ў напрамку Гомельскай вобласці Беларусі.
«Вядома, што два з іх пераляцелі ў зоне Новай Гуты і рухаюцца курсам на Гомель, яшчэ адзін зайшоў у зоне Лоева і рухаецца ў напрамку Хойнікаў.
Акрамя таго, у небе над Беларуссю проста цяпер застаецца і верталёт з Лукашэнкам, які накіроўваецца паўднёвым курсам з рэзідэнцыі «Азёрны». Паводле папярэдніх звестак, верталёт ляціць у Мікашэвічы», – піша «Беларускі Гаюн».
Раней стала вядома, што ноччу 3 кастрычніка ў Беларусь зноў заляцеў беспілотнік тыпу «Shahed». Гэта адбылося падчас таго, як Расея атакавала Украіну мінімум 105 беспілотнікамі.
Што адбылося з дронам потым, не вядома. Паводле звестак рэсурсу «Флагшток», жыхары Калінкавічаў чулі выбух. Ён мог быць выкліканы падзеннем дрона.
Арсен Рудэнка belsat.eu