Беларуска Ганна пераехала ў Літву да сваёй дзяўчыны Вайды і падалася на ВНЖ. Яны планавалі ажаніцца, але Ганну прызналі пагрозаю нацбяспецы за працу ў кол-цэнтры «Альфа-Банку» 10 гадоў таму. Цяпер беларуска просіць міжнародную абарону ў Польшчы, апавядае «Most».
Ганна кажа, што за адзін год ёй давялося бегчы двойчы: спачатку з Беларусі, а затым і з Літвы.
Яны з Вайдаю сустрэліся на сайце знаёмстваў для дзяўчат. Вайда стала прыязджаць да Ганны ў Менск. Спачатку ўсё было спакойна, але потым Вайдаю зацікавіліся беларускія сілавікі, бо тая часта прыязджае.
,,«Мы з ёй увесь час на сувязі, у нас у тэлефонах адсочваецца геалакацыя адна адной. І раптам я гляджу, яна затрымалася на памежным пераходзе – і ўсё. Я ёй пішу, а яна – нуль увагі. Пазней прыйшло паведамленне, што яе затрымалі», – згадвае Ганна.
Вайду адпусцілі, але пасля гэтага Ганна пастанавіла, што ў Беларусі ёй небяспечна. Тады беларуска праз агенцтва знайшла працу ў Польшчы і ў канцы снежня 2023 года з'ехала туды. Аднак у Польшчы на працы на складзе не склалася, Ганна паехала ў Літву, дзе адразу занялася легалізацыяй. Падаўшыся на ВНЖ паводле працы, яна запісала ўсе папярэднія месцы працы.
«Я падалася ў сакавіку, а ўжо ў красавіку прыйшла адмова ў ВНЖ на кучы старонак у звязку з тым, што я працавала [у Беларусі] у «Альфа-Банку», магу мець сувязі з крамлёўскім рэжымам, лаяльная да Лукашэнкі і мяне могуць завербаваць. Але я працавала ў 2014 годзе аператаркай у кол-цэнтры «Альфа-Банку», а санкцыі на яго наклалі толькі ў 2022-м», – здзіўляецца беларуска.
Гэтак Ганна атрымала пастанову аб пагрозе нацбяспецы і забарону на ўезд у Літву на пяць гадоў. Дата забароны – 18 красавіка 2024-га, той жа дзень, калі прыйшоў ліст.
«Я рыхтавалася да такога. Бо ў чатах чытала гісторыі, што тыя, хто працаваў у банках або служыў у войску, атрымлівалі адмовы», – кажа Ганна.
Тады жанчына звярнулася да адваката і падала апеляцыю, да якой была прыкладзеная характарыстыка ад беларускай праваабаронцы. Ганна таксама адзначыла, што працавала ў банку на нязначнай пасадзе і задоўга да санкцыяў.
Абарона настойвала, што падчас перабывання ў Літве Ганна не здзяйсняла правакацыйных дзеянняў, якія маглі б выклікаць падазрэнне ў супрацы са спецслужбамі. У анкеце жанчына ўказала, што не падтрымлівае вайны, развязанай Расеяй ва Украіне, і што Крым належыць Украіне. Акрамя таго, яна была валанцёркай, дапамагала Украіне, брала ўдзел у палітычных акцыях і інтэгравалася ў літоўскае грамадства.
Пазней абарона падала таксама інфармацыю, што Ганна ‒ ЛГБТ-персона. За дзень да слухання адвакат падаў хадайніцтва з доказамі таго, што Ганна і Вайда ‒ партнёркі.
«Я была зашуганая яшчэ ў Беларусі тым, што нельга казаць пра сваю арыентацыю, калі яна не пасуе краіне, то і тут я баялася гэта агучваць. Але ж мая дзяўчына казала, што, нягледзячы на тое, што Літва ‒ Еўропа, гэта ўсё яшчэ вельмі гамафобная краіна. Я адчувала сябе як у турме, увесь час плакала. Хацела вырвацца з таго вакууму, а трапіла ў яшчэ большы», ‒ адзначае Ганна.
Пазней жанчына зразумела, што агучваць інфармацыю пра арыентацыю было важна – у Літве дзеіць закон аб прававым становішчы замежнікаў.
«Ёсць палажэнне, што забараняе дэпартацыю і прадугледжвае выдачу гуманітарнага ВНЖ асобам, якія адносяцца да ўразлівых сацыяльных групаў. Я якраз туды і трапляю», – адзначае Ганна.

Тым не менш суд адхіліў скаргу і пагадзіўся з меркаваннем Дэпартаменту Нацыянальнай бяспекі. Абскарджанне ў Вярхоўным Судзе не змяніла рашэння.
«З боку суда і літоўскай міграцыі было трошкі хлусні. Яшчэ на першым судзе адвакат прапанаваў працаўніку міграцыі заключыць міравое пагадненне: справу вярнуць у вядзенне, а мне падацца на гуманітарны ВНЖ. Працаўнік міграцыі сказаў, што такое магчыма, але ён не ўпаўнаважаны даваць на гэта згоду. Маўляў, можна напісаць начальніку міграцыі ліст, што адвакат і зрабіў. А потым нам прыйшоў водгук ад міграцыі, што іхны працаўнік нічога такога не казаў. Тое ж было напісана і ў пастанове Вярхоўнага Суда: працаўнік не заяўляў пра магчымасць міравога пагаднення», – апавядае Ганна.
«Пані, супер! Вы малайчына, што так зрабілі»
Атрымаўшы адмову Вярхоўнага Суда, Ганна пакінула Літву праз чатыры дні і пераехала ў Беласток паводле яшчэ дзейнай візы. Горад яна выбірала, каб быць бліжэй да Вайды.
,,«У нас няма такога ‒ кінуць усё і расстацца. Мы не ведаем, як там усё будзе далей, але ўсё роўна хочам ажаніцца», – дзеліцца Ганна.
У Польшчы беларуска падалася на міжнародную абарону. Цяпер яна спынілася ў гостэле і ўжо праходзіць стажыяванне ў адной з гарадскіх кавярняў.
«Мяне здзівіла, што для падачы на міжнародную абарону ў Польшчы трэба памежнікам напісаць ва WhatsApp паведамленне і прыкласці свае пашпартныя звесткі. Я ім патэлефанавала і спытала: няўжо гэтага дастаткова? І памежнік проста як быццам прыйшоў у захапленне, такі добразычлівы. Сказаў: "Пані, супер! Вы малайчына, што так зрабілі"», – кажа Ганна.
Цяпер яна чакае апавяшчэння. Жанчына думае, што ў Польшчы працэдура падачы на міжнародную абарону прасцейшая, чымся ў Літве.
Арсен Рудэнка belsat.eu