Два браты, якія прыехалі з-за мяжы ў Менск на заробкі, апынуліся ў закладніках у прыватным доме ў Менскім раёне. Іх катавалі распаленым прасам і патрабавалі выкуп у сваякоў.
Падазраваных у справе затрымалі, усе яны аказаліся грамадзянамі дзяржаваў Паўднёвай Азіі. На іх завялі крымінальную справу аб вымагальніцтве, паведамляе Следчы камітэт.
«Мне надзелі на галаву пакет, а апошнія чатыры дні ставілі гарачы прас на маё цела. Адзін з іх патэлефанаваў маёй сям'і і запатрабаваў 8 тысяч еўраў. Затым яны пачалі біць мяне па твары. Мне сказалі зняць вопратку і пачалі прыпальваць маё цела цыгарэтай.
Праз чатыры дні нас завялі ў іншы пакой, сказалі зняць штаны. Затым пачалі нас біць палкай. Яны прыстаўлялі нож да горла майго брата, пры гэтым білі мяне. Далей надзелі пакет на галаву і прыставілі нож да горла», – кажа на відэа Следчага камітэту адзін з пацярпелых.
Пра злачынства ў Беларусі стала вядома па дыпламатычных каналах, пасля гэтага выкрадальнікаў затрымалі.
Арсен Рудэнка belsat.eu