Былы палітычны вязень, праваабаронца Леанід Судаленка стэлефанаваўся з чальцом «камісіі для памілавання» Юрыем Васкрасенскім наконт палітзняволеных. Той казаў пра чаканне «падарунку» ад Польшчы.
Леанід Судаленка спытаў пра палітвязня, стваральніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага.
«Бяляцкі і ўсе астатнія такога ж калібру – Бабарыка, Знак, Калеснікава… Я маю на ўвазе – такога ж калібру для ўладаў Беларусі, ясна, што для дэмакратычнай грамадскасці Бабарыка альбо Знак – гэта, выказваючыся словамі Саннікава, самазванцы, якія з’явіліся толькі ў 2020 годзе. Ясна, што тут фігура Бяляцкага самая магутная.
Але для ўладаў Беларусі людзі такога калібру пойдуць у апошняй чарзе, у самай апошняй. Калі не паўторыцца кейс з Дашкевічам. Ну, я вам кажу, як ёсць, на што разлічваць. З ягонай нагоды сітуацыя вельмі складаная. А вось з нагоды іншых якраз ёсць унікальная магчымасць, каб найперш жанчын, хацелася б…» – адказаў Юрый Васкрасенскі.
Судаленка адзначаў, што Бяляцкаму будзе ўжо 69 гадоў, калі скончыцца ягоны тэрмін зняволення, здароўе не вытрымае.
«Леанідзе, я вам кажу дапушчэнні. Такіх важкіх вязняў будуць мяняць на важкія прапановы. Напрыклад, адкрыццё паветранай прасторы, зняцце санкцыяў з прамысловых прадпрыемстваў. Мы чакалі плюшку. Плюшак няма – вызваленні больш не разглядаюцца», – сказаў Васкрасенскі.
Леанід Судаленка таксама спытаў пра 34 журналістаў за кратамі, на што Васкрасенскі толькі сказаў, быццам цяпер час, калі рэжым можа пайсці на “міласэрнасць”, а не пасля 23 лютага (меркаваная дата правядзення чарговых прэзідэнцкіх выбараў).
Але далей ніякіх прарываў у вызваленнях няма, бо «няма ніякіх плюшак», заявіў прадстаўнік рэжыму. Нават прыняць ад Судаленкі «гуманітарны спіс» палітвязняў суразмоўца адмовіўся.
,,«Ды навошта мне даваць? Я вам сказаў, дзе ключ ляжыць. Ключ ляжыць у Сікорскага [кіраўнік МЗС Польшчы. – Заўвага belsat.eu]», – сказаў Васкрасенскі.
Каб вызваліць Анждэя Пачобота? таксама нібыта патрэбен Радослаў Сікорскі, працягвае Юрый:
«Трэба прасіць каб Сікорскі ўзяў падарунак “бацьку” і прыехаў у Менск».
І нібыта кіраўнік МЗС Польшчы такім чынам можа паўплываць і на іншыя вызваленні.
«Сядае o машыну ці самалёт, бярэ нейкі падарунак “бацьку” – Біблію ВКЛ якую-небудзь, прыязджае, цісне руку», – працягвае Васкрасенскі.
Леанід Судаленка таксама падкрэсліў, што, паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», 115 чалавек памілаваныя з 3 ліпеня, а за гэты час 140 чалавек кінутыя за краты. Гэта нібыта для «парадку любой цаной», адказаў ягоны суразмоўца.
Арсен Рудэнка belsat.eu