Беларускія ўлады запланавалі на 2025 год павелічэнне росту ВУП да 4,1 %, а інфляцыя павінна замарудзіцца да 5 %. Гэта амбіцыйныя і нават супярэчныя задачы, лічыць экспертка BEROC. Даведаліся, чаго чакаць у наступным годзе і што абяцаюць па заробках.
Згодна з указам, які падпісаў Аляксандр Лукашэнка, ВУП Беларусі павінен вырасці на 4,1 % у 2025 годзе. Па выніках 2024 года ўлады прагназавалі рост на 3,8 % (па выніках студзеня – жніўня выйшла 4,9 %).
Пры гэтым інфляцыя не павінна перавышаць 5 % у 2025 годзе. На 2024 год мэтавы паказчык – не вышэй за 6 % (па выніках студзеня – жніўня выйшла 5,7% да студзеня жніўня 2023 года).
«Калі глядзець на абодва паказчыкі на наступны год, то гэта вельмі амбіцыйныя планы. Іх рэалізацыя выклікае вялікае пытанне. Таму што тут, безумоўна, ёсць супярэчнасць», – кажа «Белсату» экспертка BEROC Анастасія Лузгіна.
Бо стымуляванне росту ВУП прадугледжвае і рост коштаў.
«Гэта выльецца ў паскарэнне інфляцыі, якую вельмі складана будзе стрымліваць. Калі ж усё ж такі на першае месца будуць ставіць інфляцыю, тады такога эканамічнага росту, нават ніжэйшага, мы не атрымаем. Тут пытанне ў прыярытэтах, але вельмі сумнеўнае выкананне ўсяго», – працягвае экспертка.
Пры гэтым ва ўладаў застаецца пастанова №713, якая дазваляе жорстка рэгуляваць кошты.
,,«Да 5 %, вядома, можна зарэгуляваць. Акрамя таго, напэўна, разлічваецца, што ў наступным годзе будзе зніжэнне інфляцыі ў Расеі. Але ў Расеі яна зніжаецца не проста так, а за кошт астуджэння эканомікі. Калі б гэтак жа адбывалася і ў Беларусі, то гэта было б рэалістычна. А па тых планах, якія былі абвешчаныя, гэтага не прадбачыцца, таму я вельмі крытычна стаўлюся да гэтых паказчыкаў», – кажа Анастасія Лузгіна.
Калі казаць пра інфляцыю ў Беларусі да канца года, то пакуль рэгуляванне дапаможа выканаць прагнозны паказчык па інфляцыі ў межах 6%, лічыць суразмоўніца.
«Калі там і будзе выхад за 6 %, то не думаю, што нейкія долі дзясятых будуць перавышаныя. Таксама нейкія дзеянні Нацыянальны банк прымае па стрымліванні попыту і ў пэўнай ступені ўплывае тое, што расейскія ўлады імкнуцца запаволіць у сябе рост коштаў, які пакуль выбіваецца за прагнозныя паказчыкі. Але галоўны фактар – гэта ўсё яшчэ рэгуляванне», – кажа Анастасія Лузгіна.
Што тычыцца наступнага года, то ёсць яшчэ адзін сігнал, які паказвае на тое, што планы ўладаў па інфляцыі наўрад ці будуць рэалізаваныя. Гэта вынікае з указа аб мэтавых паказчыках грашова-крэдытнай палітыкі на 2025 год.
«Там гаворыцца, што запазычанасць перад банкамі, гэта значыць выдача крэдытаў павінна вырасці не менш, чым на 11 %. Усё, што вышэй – таксама дапушчальна. У наступным годзе будзе працягвацца палітыка. Таму што, калі паглядзець на прагнозны паказчык гэтага года, то запазычанасць перад банкамі павінны была вырасці не менш, чым на 10%», – заўважае экспертка.
Калі банкі будуць даваць больш крэдытаў, адпаведна, павінен быць вышэй попыт на тавары і паслугі, які будзе штурхаць кошты ўверх.
«Калі падсумаваць усе лічбы, якія былі агучаныя, працягваюць захоўваць актыўную мяккую эканамічную палітыку ў бок стымулявання эканомікі», – кажа Лузгіна.
Рост заробкаў плануюць запаволіць
Таксама чыноўнікі вырашылі, што ў 2025 годзе рэальныя заробкі беларусаў, гэта значыць ужо з улікам інфляцыі, не павінны расці больш, чым на 4 % у гадавым выражэнні. Па выніках студзеня – ліпеня рэальныя даходы у Беларусі выраслі на 9,9 % да адпаведнага перыяду 2023 года.
Аднак і тут планы ўрада Анастасія Лузгіна ставіць пад сумнеў.

«Усё залежыць ад таго, як будуць ісці працэсы. Па прагнозах гэтага года рэальныя даходы насельніцтва павінны былі вырасці не больш, чым на 6 %. Цалкам магчыма, што да канца года можа быць некаторае запаволенне, але прагноз хутчэй за ўсё будзе перавышаны. Планы па росце даходаў важныя, але мне здаецца, што ў аснову ставяць рост ВУП, які з'яўляецца вельмі важным для ўладаў паказчыкам паспяховасці іх палітыкі.
Таму цалкам магчыма, што рэальны рост даходаў будзе перавышаны, калі працягнецца стымуляванне эканомікі і сітуацыя з кадрамі не палепшыцца. Вядома, тэмпы росту будуць больш павольныя ў параўнанні з цяперашнім годам, таму што безупынна расці немагчыма. Калі мы паглядзім на суадносіны росту прадукцыйнасці і заробкаў, то прадукцыйнасць адстае. Гэта кажа аб дрэннай якасці структуры эканомікі, што не дазваляе разлічваць на ўстойлівы рост», – заключае экспертка.
Арсэн Рудэнка belsat.eu