навіны

Расейскі Мінюст унёс «Белсат» у спіс непажаданых арганізацыяў

Фота: Белсат
Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла тэлеканал «Белсат» у Пералік замежных і міжнародных няўрадавых арганізацый, дзейнасць якіх прызнаная непажаданай на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. 

«Белсат» быў унесены ў спіс непажаданых у Расеі арганізацыяў 1 кастрычніка на падставе рашэнне Генеральнай пракуратуры РФ ад 11 верасня. Змены ў пералік былі апублікаваныя 2 кастрычніка.

У расейскай Генпракуратуры лічаць, што адной з задач нашага тэлеканала з’яўляецца «дыскрэдытацыя ўнутранай і знешняй палітыкі расейскіх уладаў», «стварэнне негатыўнага вобраза» Расеі і «крытыка інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі».

У Генпракуратуры таксама адзначаюць, што наш канал нібыта паказваў «ілжывыя сюжэты пра беспадстаўную агрэсію» Расеі супраць Украіны, а таксама пра «нелігітымнасць уваходжання» ў склад РФ Крыма, ДНР, ЛНР, Запарожскай і Херсонскай абласцей.

«Белсат» не спыніць працы

Выканальнік абавязкаў дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі ўжо паабяцаў, што прызнанне тэлеканалу непажаданай у Расеі арганізацыяй не перашкодзіць гледачам і чытачам мець доступ да праўдзівай і свабоднай ад прапаганды інфармацыі:

«Гэта чарговая праява ў доўгім спісе рэпрэсіяў, якія за 17 гадоў існавання закранулі „Белсат“ і яго журналістаў за тое, што яны сумленна і бескампрамісна робяць сваю працу. 26 студзеня рэдакцыя „Вот так“ — арыентаваная на карыстальнікаў расейскамоўнага парталу і навіннай праграмы — унесеная Крамлём у рэестр „замежных агентаў“. А ў 2021 годзе пастановамі беларускіх судоў тэлеканал, сайт і ўсе інтэрнэт-профілі прызнаныя экстрэмісцкімі і пагрозаю грамадскаму парадку. Цяпер у лукашэнкаўскіх турмах застаюцца 17 працаўнікоў „Белсату“ — гэта цудоўныя людзі, якія, нягледзячы на небяспеку, ніколі не пераставалі быць журналістамі, — кажа ён. — Дакумент Генпракуратуры дае расейскім уладам новыя магчымасці для ўскладнення нашай працы, у тым ліку крымінальны пераслед. Уся каманда „Белсату“ перажывае за лёс сваіх калег, якія застаюцца на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Акурат іхную працу — „ілжывыя публікацыі пра нібыта агрэсію супраць Украіны і незаконную анексію Крыму, ДНР, ЛНР, Запарожскай і Херсонскай вобласцяў“ — Крэмль лічыць непажаданаю дзейнасцю і спрабуе яе перадухіліць. Мы не здаёмся. Мы будзем працаваць гэтак жа — толькі з большай асцярожнасцю, — бо ўспрымаем сённяшнюю пастанову як праяву найвышэйшага прызнання, якое можа атрымаць незалежны журналіст.

У той жа час дзякуем за ўсе словы салідарнасці, якія мы атрымалі сёння і апошнім часам ад журналісцкай супольнасці і ад вас — нашых гледачоў, чытачоў і падпісчыкаў. Нягледзячы на ўсе перашкоды, мы не пакінем вас без штодзённага доступу да праўдзівай і свабоднай ад прапаганды інфармацыі».


Прызнанне таксама пракаментаваў выканальнік абавязкаў намесніка дырэктара «Белсату» Сяргей Пеляса. «Гэта крок, які мы ўспрымаем сур’ёзна, таму што „Белсат“ — гэта відэа, якія таксама працуюць для аўдыторыі Расеі. Асабліва нашая расейскамоўная рэдакцыя „Вот так“ і „Вот так TV“ закранутыя гэтым рашэннем расейскіх уладаў, — кажа Сяргей Пеляса. — Аднак у самім тэксце рашэння ёсць некаторыя памылкі. Вось напрыклад: адной з задач з’яўляецца „дыскрэдытацыя ўнутранай і замежнай палітыкі расейскіх уладаў“, „стварэнне негатыўнага вобразу нашай краіны“. Гэта няпраўда: „Белсат“ не займаецца дыскрэдытацыяй расейскіх уладаў або стварэннем нейкага негатыўнага вобразу Расеі, у нашым калектыве працуюць таксама і расейцы. Дыскрэдытацыяй расейскай улады займаюцца самыя расейскія ўлады. Напрыклад, праз агрэсіўную палітыку ў дачыненні Украіны і Беларусі. А вось тое, што „ва ўмовах правядзення СВА варожая рыторыка дадзенага СМІ толькі ўзмацнілася“, акурат праўда. „Белсат“ асвятляе агрэсію Расеі супраць Украіны, і нашыя матэрыялы глядзяць як у Беларусі і Украіне, так і ў самой Расеі. Таму гэтае значыць, што нашую дзейнасць у Маскве заўважылі і ацанілі, гэта рэакцыя на тое, што „Белсат“ стаў папулярным у Расеі».

Ш
то за непажаданыя арганізацыі

Непажаданымі ў Расеі называюцца замежныя або міжнародныя няўрадавыя арганізацыі, дзейнасць якіх можа ўяўляць пагрозу асновам канстытуцыйнага ладу Расейскай Федэрацыі, абараназдольнасці краіны або бяспекі дзяржавы. Такім арганізацыям забаронена весці дзейнасць на тэрыторыі РФ, а за парушэнне гэтай забароны прадугледжаны адміністрацыйныя і крымінальныя меры пакарання.

Супраца з непажаданай арганізацыяй ў Расеі, згодна з артыкулам 284.1 КК РФ, караецца штрафам да 500 тысячаў расейскіх рублёў (каля 18 тысячаў беларускіх), прымусовымі працамі да пяці гадоў або пазбаўленнем волі тэрмінам да шасці гадоў з магчымым абмежаваннем волі да двух гадоў.

Гэтыя пакаранні прымяняюцца ў тым выпадку, калі чалавек працягвае браць удзел у дзейнасці арганізацыі пасля таго, як яна была прызнаная непажаданай на тэрыторыі РФ.

У спісе непажаданых можна знайсці такія выданні, як Bellingcat, The Insider, iStories («Важные истории»), «Медуза», Каралеўскі інстытут міжнародных адносінаў Chatham House, Еўрапейскую сетку арганізацыяў па назіраннях за выбарамі, Фонд Хадаркоўскага, Фонд «Будучыня Расеі» і шматлікія іншыя. Усяго ў спісе каля дзвюх соцень арганізацыяў.

27 ліпеня 2021 года суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў сайт і сацыяльныя сеткі «Белсату» «экстрэмісцкімі» матэрыяламі. У лістападзе таго ж году Міністэрства ўнутраных справаў прызнала яго «экстрэмісцкім фармаваннем» і забараніла дзейнасць на тэрыторыі Беларусі «групы грамадзянаў, абʼяднаных інтэрнэт-рэсурсамі „Белсат“». Да «экстрэмісцкага фармавання» адносяцца, акрамя сайту, Youtube-канал і акаўнты ва ўсіх сацсетках: Telegram, Instagram, Twitter, Facebook, VK, «Аднакласнікі».

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10