навіны

«Не заслугоўвае ступаць на ізраільскую зямлю». Ізраіль забараніў уезд у краіну генеральнаму сакратару ААН

Антонью Гутэрыш, генеральны сакратар ААН з 1 студзеня 2017 года. Крыніца: antonioguterres / x.com
Антонью Гутэрыш, генеральны сакратар ААН з 1 студзеня 2017 года. Крыніца: antonioguterres / x.com
podpis źródła zdjęcia

Міністр замежных справаў Ізраілю Ісраэль Кац абвясціў генеральнага сакратара ААН Антонью Гутэрыша персонай нон-грата і забараніў яму ўязджаць у краіну. За тое, што ён не падтрымлівае ніводнага з бакоў у вайне Ізраілю супраць «Хамасу».

«Сёння я абвясціў генеральнага сакратара ААН персонай нон-грата ў Ізраілі і забараніў яму ўезд у краіну. Любы, хто не можа адназначна асудзіць агідны напад Ірану на Ізраіль, як гэта зрабілі амаль усе краіны свету, не заслугоўвае таго, каб ступіць на ізраільскую зямлю. Гэта генеральны сакратар, які дасюль не асудзіў разні і сексуальных зверстваў, учыненых забойцамі з «Хамасу» 7 кастрычніка, і не ўзначаліў ніякіх намаганняў дзеля абвяшчэння іх тэрарыстычнай арганізацыяй», – паведаміў Ісраэль Кац на сваёй старонцы ў Х.

Кац дадаў, што Ізраіль «працягне абараняць сваіх грамадзянаў і адстойваць сваю нацыянальную годнасць, з Антонью Гутэрышам або без яго».

Нагадаем, што пасля нападу «Хамасу» на Ізраіль у кастрычніку мінулага года Антонью Гутэрыш на паседжанні Рады бяспекі ААН раскрытыкаваў Ізраіль за «бязлітасныя бамбаванні» сектару Газа, назваўшы іх «яўным парушэннем нормаў міжнароднага права» і «калектыўным пакараннем». Ён таксама асудзіў баевікоў руху «Хамас» за напад на Ізраіль, у выніку якога загінулі больш за 1400 чалавек і яшчэ каля 220 былі захопленыя, але заявіў пры гэтым, што гэтыя злачынствы былі ўчыненыя «не на пустым месцы».

У сваёй заяве 1 кастрычніка 2024 года пасля атакі Ірану на Ізраіль Гутэрыш асудзіў пашырэнне канфлікту на Блізкім Усходзе і заклікаў неадкладна спыніць агонь. Таксама ён пісаў, што «вельмі занепакоены эскалацыяй канфлікту ў Ліване».


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10