Пачакайце, не спяшаецеся кідаць у мяне цяжкімі прадметамі, давайце разважаць лагічна. Выбар у бюлетэнях праз пяць–сем месяцаў будзе відавочна невялікі, і ні Ціханоўскай з Латушкам, ні нават Караткевіч з Дзмітрыевым і Чэрачнем мы там ніяк не знойдзем.
Спіс будзе складацца з самых надзейных, правераных кандыдатаў, а значыць, лідара адзінай афіцыйна дазволенай «дэмакратычнай», ды яшчэ і «ліберальнай» партыі варта разглядаць сур'ёзна. Дык чаму я выбіраю яго?
Алег Сяргеевіч Гайдукевіч увайшоў у ідэальны для кіраўніка ўзрост. Ён практычна на чвэрць стагоддзя маладзейшы за Лукашэнку. І апошні 30 гадоў таму, на першых прэзідэнцкіх выбарах заявіў, што «час 70-гадовых кіраўнікоў прайшоў» (ну не ведаў ён, што дажыве). Народ падтрымаў яго тады, і нішто не паказвае на тое, што аналагічны тэзіс не будзе падтрыманы насельніцтвам і сёння. Так што тут «наш кандыдат» відавочна выйграе.
Адукацыя ў «нашага», безумоўна, профільная. Ну, судзіце самі, што там у Лукашэнкі? Сельгасакадэмія ды Магілёўскі педінстытут – пагадзіцеся, слабенька... Іншая справа «наш». Па-першае, Акадэмія МУС, што па цяперашніх часах самае тое, што трэба. А па-другое, ёсць жа яшчэ і нядаўна скончаная Акадэмія кіравання, самы што ні на ёсць «правільны» і профільны ВНУ. Таму і тут «наш» кладзе на абедзве лапаткі Лукашэнку, нават не задыхаўшыся.
Досвед працы ў Алега Сяргеевіча таксама, ці ведаеце, які яшчэ пашукаць. 13 гадоў добрасумленнай службы ў сістэме МУС, кіраўніцтва самым вялікім па памеры Фрунзенскім РУУС. У яго было 800 падначаленых! Куды там калгасу «Гарадзец». Ды і пяць гадоў службы дэлегатам Нацыянальнага сходу, намеснікам кіраўніка камісіі па міжнародных справах, таксама не сатрэш, не схаваеш! Па гэтай лініі калі і былі ў мяне нейкія хваляванні душы на тэму «а ці пацягне?», то ўважлівае вывучэнне творчага шляху кандыдата развеяла ўсе сумневы.
Жыццёвыя прынцыпы. Зразумела, што ў існуючай сістэме Алег Сяргеевіч, нягледзячы на відавочна правакацыйную назву яго партыі, не мае магчымасці наўпрост выказаць электарату «усё, што назапасілася», але не-не, ды і вырвецца, прарвецца. Успомнім: то ён прапаноўваў адмяніць «палачную» сістэму ў МУС, то патрабаваў разагнаць БРСМ (і грошы пусціць на больш эфектыўныя праекты), а ў жніўні 2020-га, нягледзячы на статус «дзяржаўнага» дэлегата, прапаноўваў дыялог з пратэстоўцамі і сцвярджаў, што ўсе скаргі, якія паступілі да яго, ён сумленна перанакіраваў у адпаведныя органы. Таму я цалкам перакананы, што ў спісе кандыдатаў нікога больш дэмакратычнага і ліберальнага (і па літары, і па духу) і не знойдзецца. Ставім і ў гэтым месцы плюс.
А які ён сем'янін! Які бацька! Вы яго дачку бачылі? Яны з'яўляліся разам у перадачах дзяржканалаў і нічога акрамя гонару іх з'яўленне не выклікала.
А яго спартыўная форма? Яго жыццёвы тонус, які ён усім нам прадэманстраваў год таму? Нягледзячы на свае 47 гадоў і лысіну, Алег Сяргеевіч малады душой. Джынсы, красоўкі, майка з надпісам на замежным, модны гадзіннік – вось і гатовы вобраз сучаснага паспяховага беларускага палітыка.
,,«І, вядома, «наш кандыдат» лёгкі словам і заўсёды гатовы выказацца з любой нагоды – ад перспектыў ва ўборачнай да правалаў блока NATO на нашым, усходнім кірунку. Скажыце мне, паважаныя чытачы, як за такога не прагаласаваць?»
Ці ёсць у вас хоць нейкія аргументы супраць? Перакананы, што такіх не адшукаецца, а значыць, трэба не адкладаць у доўгую скрыню, не чакаць, калі нам скамандуюць зверху, а ўжо сёння фармаваць групы падтрымкі, рэгістраваць профільныя рэсурсы ў сацсетках, прадумваць кампаніі прасоўвання – мы (пад кіраўніцтвам Сяргея Алегавіча) павінныя перамагчы, скінуць нарэшце абрыдлую дыктатуру!
Як вам такі план? Можаце не адказваць, я і сам ведаю, што добры, тым больш, што лепшага-та няма.
Меркаваць допуск да збору подпісаў нават самых вегетарыянскіх, бяскрыўдных апазіцыйных кандыдатаў не даводзіцца – часы не тыя, а значыць, трэба «браць, што даюць», тым больш, што ад іншых прапановаў дэмакратычных лідараў (байкот або галасаванне супраць усіх) зыходзіць ўстойлівы пах нафталіну.
Адна ёсць на гэтым шляху закавыка. Сам Алег Гайдукевіч можа на ўваходзе адчуць падвох і «саскочыць», нягледзячы на ўсю нашу любоў да яго. Але гэта не павінна нас спыняць і зрынаць у песімізм. Кагосьці ж у гэты бюлетэнь усё ж давядзецца засунуць, і гэты хтосьці будзе дакладна лепшым, маладзейшым, больш адукаваным, больш сучасным за Лукашэнку.
Таму – хто там наступны?
P. S. «Вусы Лукашэнкі вырашылі самастойна балатавацца ў прэзідэнты» – жартавалі ўжо больш за 10 гадоў таму. Мы смяяліся тады. І вось, пры падрыхтоўцы гэтай калонкі, я прачытаў, што 23 снежня 2023-га Гайдукевіч заявіў на з'ездзе сваёй партыі наступнае: «Столькі бруду [на мяне] вылілі – яшчэ выбары не пачаліся. Адзін бруд, хлусня. Пра мяне за гэтыя чатыры гады напісалі ўжо не ведаю пра што. Нават палавыя органы мае абмяркоўваюць. Але я ім адказаў: нават мой палавы орган выйграе ў вас выбары! Нават ён! На любых выбарах».
Быў бы цікавы варыянт. Калі, вядома, сам Алег адмовіцца.
/ ИР belsat.eu