навіны

Павел Дураў: «Telegram» раскрывае IP-адрасы злачынцаў яшчэ з 2018 года

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Пра гэта заявіў уладальнік «Telegram» Павел Дураў у паведамленні, зробленым у сваім акаўнце мэсэнджара.

Так, Павел Дураў удакладніў, што хоць ягоная папярэдняя публікацыя магла быць успрынятая як абвестка аб значных зменах у працы «Telegram», насамрэч кардынальных змяненняў не адбылося.

З 2018 года, адзначыў Дураў, платформа мае права раскрываць IP-адрасы і нумары тэлефонаў злачынцаў уладам на падставе юрыдычных запытаў, у адпаведнасці з палітыкай прыватнасці.

Дураў напісаў, што «Telegram» апрацоўвае правільна аформленыя юрыдычныя запыты праз адпаведныя лініі сувязі і раскрывае звесткі толькі ў тых выпадках, калі гэта неабходна для барацьбы са злачыннасцю. Інфармацыя аб гэтых запытах адлюстроўваецца ў спецыяльным боте @transparency. Напрыклад, у Бразіліі і Індыі былі задаволеныя сотні запытаў ад праваахоўных органаў на працягу 2024 года.

Таксама Дураў паведаміў, што ў трэцім квартале 2024 года ў Еўропе павялічылася колькасць юрыдычных запытаў дзякуючы новай лініі сувязі, адпаведнай заканадаўству ЕЗ (DSA). «Telegram» працягвае выконваць мясцовыя законы пры ўмове, што яны не супярэчаць каштоўнасцям платформы ў галіне свабоды і прыватнасці.

«Telegram», са словаў Дурава, ствараўся для абароны актывістаў і звычайных грамадзянаў ад карумпаваных урадаў і карпарацыяў, але пры гэтым не дае злачынцам злоўжываць сваёй платформай і пазбягаць адказнасці.

Нагадаем, што 23 верасня Павел Дураў заявіў, што «Telegram» будзе раскрываць і перадаваць у «адпаведныя органы» паводле запыту IP-адрасы і тэлефоны тых, хто парушыць правілы карыстання мэсэнджарам. Гэта вынікала пасля абнаўлення ўмоваў абслугоўвання і палітыкі канфідэнцыйнасці мэсэнджара.

Да гэтага заснавальніка «Telegram» затрымалі ў аэрапорце «Ля Буржэ» ў Парыжы (гэта адбылося 24 жніўня).

Дураву былі выстаўленыя абвінавачанні паводле шасці артыкулаў, сярод якіх: кіраванне онлайн-платформай для незаконных трансакцыяў, адмыванне грошай, аказанне нелегальных крыптаграфічных паслуг, адмова ад супрацы з праваахоўнымі органамі, а таксама саўдзел у незаконным абарачэнні наркотыкаў і распаўсюджванні дзіцячай парнаграфіі ў арганізаванай групе.

Пазней Паўла Дурава вызвалілі пад заклад 5 мільёнаў еўраў.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10