Падчас іранскага ракетнага абстрэлу 1 кастрычніка па ўсім Ізраілю прагучалі сігналы трывогі, а ў Іерусаліме і даліне ракі Іардан былі чутныя выбухі, піша «Reuters».
Рэпарцёры дзяржаўнага тэлебачання Ізраіля ляжалі на зямлі падчас прамых трансляцый.
Іран заявіў, што запусціў дзясяткі ракет, і, калі Ізраіль распачне меры ў адказ, то адказ Тэгерана будзе «больш зруйнавальным і разбуральным».
Пазней высокапастаўлены Іранскі чыноўнік паведаміў «Reuters», што загад аб запуску ракет па Ізраілю аддаў кіраўнік краіны Алі Хаменеі. Хаменеі застаецца ў бяспечным месцы, дадла крыніца.
Ізраільская армія заявіла, што паветраная прастора Ізраіля была закрытая.
Журналісты «Reuters» бачылі ракеты, перахопленыя ў паветранай прасторы суседняй Іярданіі. Ізраільскае вайсковае радыё паведаміла, што з тэрыторыі Ірана па Ізраілю было выпушчана каля 200 ракет.
Раней вайскоўцы заявілі, што любы ўдар балістычных ракет з Ірана будзе шырокамаштабным, і заклікалі насельніцтва схавацца ў бяспечных памяшканнях у выпадку атакі.
Іран пакляўся нанесці зваротны ўдар пасля нападаў, у выніку якіх загінула вышэйшае кіраўніцтва яго саюзнікаў з руху «Хізбула» у Ліване.
Ракетны абстрэл адбыўся пасля таго, як Ізраіль заявіў, што яго войскі пачалі наземныя
рэйды ў Ліван, хоць і назваў гэтыя рэйды абмежаванымі.
Ізраільская кампанія ў Ліване – найбуйнейшая эскалацыя рэгіянальнай вайны з таго часу, як год таму пачаліся баі ў Газе.
Арсен Рудэнка belsat.eu