Савет Міністраў падоўжыў да 1 красавіка 2025 года пастанову ад 14 сакавіка 2024 года № 182, якая забараняе ўвоз шэрагу тавараў з Літвы незалежна ад таго, у якой краіне яны былі зробленыя.
«Гэты крок ёсць вымушаным крокам беларускага боку для забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў і рэагавання на недружалюбныя дзеянні Літоўскай Рэспублікі», – заявіў тэлеграм-канал «Правительство Беларуси».
Забарона на ўвоз распаўсюджваецца на ваду, піва, віно, сусла вінаграднае, вермут, іншыя напоі, спірт этылавы, воцат, апоны і покрыўкі пнеўматычныя гумовыя, адзенне і іншыя вырабы, якія былі ва ўжыванні, а таксама ўжываныя часткі і прылады для транспартных сродкаў.
Правезці названыя тавары можна, калі яны прызначаныя для асабістага выкарыстання. Апрача таго, яны могуць трапіць на тэрыторыю Беларусі, калі яны былі вынятыя, арыштаваныя, сканфіскаваныя або перададзеныя ў даход дзяржавы з іншых прычынаў. І ў выпадку, калі іх затрымалі мытныя органы, але тавары не былі запатрабаваныя своечасова.
Арсен Рудэнка belsat.eu