Навуковец-хімік Сяргей Бесараб падзяліўся з «Белымі халатамі» скрыншотам з паведамленнем пра пагрозу эпідэміі халеры ў Расеі. Паводле яго крыніцы, такія паведамленні перасылае падначаленым супрацоўнік РНПЦ псіхічнага здароўя («Навінак»).
«Чакаюць з'яўленне халернай палачкі ў вадзе, смерцяў будзе больш, чым ад кавіду», – гаворыцца ў паведамленні, у якім таксама рэкамендуюць піць толькі кіпячоную ваду і ёй жа мыць ежу.
Там жа ва ўсім абвінавачваюць Украіну, маўляў, гэта «біялагічная дыверсія».
«Белыя Халаты» лічаць, што гэта свядомае распаўсюджванне дэзінфармацыі, магчыма, таму, што ў Расеі сапраўды асцерагаюцца халеры, але не з-за «біялагічных дыверсій» Украіны.
«Белыя Халаты» адзначаюць, што, паводле СААЗ, з 1 студзеня 2024 года па 25 жніўня 2024 года ў свеце было зарэгістравана 371,5 тысяч выпадкаў халеры і 2527 выпадкаў смерці.
«Большая частка тэрыторый, дзе рэгіструецца халера, знаходзіцца ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Хвароба перыядычна фіксуецца і на тэрыторыі Еўропы, але ў пераважнай большасці гэтыя выпадкі мелі гісторыю падарожжаў у раёны, "традыцыйна" закранутыя халерай», – пішуць «Белыя Халаты».
Таксама нізкія тэмпературы забіваюць бактэрыі халеры.
«Таму цяпер, у перыяд пахаладання, развагі пра ўспышку хваробы выглядаюць вельмі наіўна, – працягвае канал медыцынскай ініцыятывы. – Халеру яшчэ называюць "хваробай брудных рук", ужо з гэтага зразумелыя асноўныя сцэнары заражэння і спосабы процідзеяння. Таксама адной з верагодных крыніц распаўсюджвання хваробы могуць стаць вясковыя прыбіральні, таму разумным рашэннем будзе пераход на нармальныя ўнітазы і цэнтральную каналізацыю».
Пры гэтым вайна з'яўляецца адной з асноўных прычын разрастання ачагоў халеры.
У снежні 2023 СААЗ пісаў, што вайна ва Украіне «можа яшчэ больш пагоршыць экалагічныя і санітарныя ўмовы і аслабіць інфраструктуру аховы здароўя ў гэтым раёне, аднак у зімовыя месяцы рызыка ўзнікнення халеры не такая высокая».
А ў чэрвені 2024 года СААЗ пісала, што «перабоі з электразабеспячэннем уяўляюць сабой вядомыя рызыкі для ўспышак гепатыту, батулізму і халеры». Гэта як раз часта адбываецца ва Украіне праз расейскія абстрэлы.
«Гэта значыць першапрычына верагоднага (на самай справе — вельмі малаверагоднага) з'яўлення ачага халеры – вайна, развязаная Расеяй, а не "біялагічныя дыверсіі" Украіны. Варта ўспомніць, што летам гэтага года выпадкі ўзнікнення халеры былі адзначаныя як раз сярод вайскоўцаў расейскай арміі, якія акупавалі Украіну, – пішуць "Белыя халаты". – Такім чынам, становіцца цалкам відавочна, што з'яўленне халеры ў Расеі і тым больш Беларусі ў тэрмін да лета наступнага года – вельмі малы. Але калі ўспышка гэтай хваробы паўстане на тэрыторыі Расеі, Украіны ці Беларусі, то прычынай гэтаму будуць не дыверсіі, а развязаная Расеяй вайна, а таксама невыносныя ўмовы службы расейскіх жаўнераў і іх нізкая санітарная культура».
Таксама фэйкі пра халеру з'яўляліся раней – восенню 2022 года. Аднак Расспажыўнагляд назваў сітуацыю стабільнай.
Арсен Рудэнка belsat.eu