Прадстаўніцтва Еўразвязу ў Менску скараціла штат, адправіўшы частку супрацоўнікаў у Брусель. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД) Петар Стана «Позірку».
Петар Стана адзначыў, што скарачэнні абумоўлены сітуацыяй у Беларусі і ўзроўнем узаемадзеяння Менска і ЕЗ. Аднак адкліканыя супрацоўнікі працягнуць у Еўропе «сваю важную працу, звязаную з Беларуссю».
«Палітыка ЕЗ у дачыненні да Беларусі застаецца нязменнай. У прыватнасці, Еўрасаюз па-ранейшаму прыхільны падтрымцы народа Беларусі», – падкрэсліў прадстаўнік ЕСЗД.
Раней «Позірку» стала вядома, што прадстаўніцтва закрывае адзін з аддзелаў у Менску.
ЕЗ «адаптуе сваю дыпламатычную прысутнасць у трэціх краінах у адпаведнасці з неабходнасцю і знешнімі абставінамі», але «пытанні арганізацыі працы Прадстаўніцтва ЕЗ з'яўляюцца ўнутранай справай Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, і, як правіла, публічна не абмяркоўваюцца», заявіў стана.
Адносіны паміж ЕЗ і афіцыйным Менскам сталі пагаршацца з 2020 года. Яшчэ больш моцны спад назіраецца пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне і ўдзелу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі.
З 2020 года краіны ЕЗ адклікаюць сваіх амбасадараў і на іх месца прызначаюць часовых павераных. Даверчыя граматы пасля 2020 года з краін ЕЗ Аляксандру Лукашэнку ўручыў толькі амбасадар Вугоршчыны.
Арсен Рудэнка belsat.eu