Генпракуратура дала пастанову дырэктару інтэрнэт-крамы «Wildberries» у Беларусі, згодна з якой яна мусіць спыніць продаж беспілотных лятальных апаратаў, авіямадэляў і запасных частак да іх.
«Як паказалі вынікі працы мытных органаў, значная частка такіх тавараў паступала на адрас грамадзянаў Беларусі ў міжнародных паштовых адпраўленнях і пасылках», – заявіў начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры Дзмітрый Брылёў.
Бескантрольны распаўсюд беспілотнікаў, авіямадэляў і запчастак да іх нібыта здольнае аказаць негатыўны ўплыў на грамадскую бяспеку, паколькі «павышае рызыкі іх выкарыстання ў супрацьпраўных мэтах, у тым ліку для парушэння грамадскага парадку, экстрэмісцкай дзейнасці і здзяйснення актаў тэрарызму», заявіў Брылёў.
Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі ад 25 верасня 2023 года, у Беларусі забаронена ўвозіць у краіну, а таксама захоўваць і выкарыстоўваць беспілотнікі.
За парушэнне могуць прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці са штрафам да 20 базавых велічыняў (Br 800) для фізічных асобаў і да 50 базавых (Br 2000) – для юрыдычных асобаў.
Арсен Рудэнка belsat.eu