навіны

Суд над палітзняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк прызначылі на 14 кастрычніка

Паліна Шарэнда-Панасюк
Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: сямейны архіў палітзняволенай
podpis źródła zdjęcia

Рэжым працягвае здзекавацца са зняволенай жанчыны. Разгляд чарговай крымінальнай справы супраць Паліны Шарэнды-Панасюк у судзе Рэчыцкага раёну Гомельшчыны адбудзецца праз два тыдні.

Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», суддзёй прызначаны Станіслаў Іванюценка. І гэта той самы суддзя, які летась прысудзіў палітзняволенай яшчэ адзін дадатковы год пазбаўлення волі.

Апошняе, што вядома пра зняволеную, – гэта тое, што 11 верасня Паліну Шарэнду-Панасюк этапавалі з ізалятару часовага ўтрымання ў Рэчыцы ў следчы ізалятар № 3 Гомля, дзе яе адразу ж змясцілі ў карцар на 10 дзён.

Туды палітзняволеную накіравалі нібыта для правядзення следчых дзеянняў згодна з новай крымінальнай справаю паводле арт. 411 КК РБ за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі».

Як пачувае сябе жанчына цяпер, дакладна невядома, але раней муж Паліны Андрэй паведамляў пра рэзкае пагаршэнне стану здароўя жонкі, у якой дыягнаставаны хранічны панкрэатыт:

«Яна пакутуе ад рэзкіх боляў збоку жывата, што аддаюць у спіне. Патрэбную медычную дапамогу Паліне не аказваюць, даюць толькі болепатольныя сродкі. Мы дагэтуль не ведаем нічога пра стан здароўя Паліны. Нам вядомы толькі ейны дыягназ – хранічны панкрэатыт. Гэта вельмі цяжкая хвароба, што патрабуе строгай дыеты і сталага кантролю з боку лекараў. Ва ўмовах, у якіх утрымліваюць Паліну, гэта проста адтэрмінаваны смяротны прысуд».

Раней ён жа паведамляў, што палітзняволеная мінімум 32 разы змяшчалася ў «нечалавечыя ўмовы» штрафнога ізалятару і карцару і каля 150 дзён правяла ў памяшканні камернага тыпу.

Нагадаем, у чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёну Берасця прысудзіў Паліне Шарэндзе-Панасюк 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму адразу паводле некалькіх крымінальных артыкулаў: арт. 364 КК РБ (гвалт у дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў), арт. 369 КК РБ (знявага прадстаўніка ўлады) і арт. 368 КК РБ (знявага Лукашэнкі).

У красавіку 2022-га палітзняволенай прысудзілі яшчэ 1 год паводле ч. 1 арт. 411, у кастрычніку 2023-га — да такога ж тэрміну паводле таго ж артыкулу. І вось цяпер ізноў…

Толькі паводле афіцыйных звестак праваабарончага цэнтру «Вясна» на 1 кастрычніка 2024 года, за кратамі ў беларускіх калоніях і турмах рэжым утрымлівае 1317 асобаў, прызнаных палітвязнямі.

1 кастрычніка ў Гаазе, у амбасадзе Літвы ў Нідэрландах, прайшла прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў літоўскага Міністэрства юстыцыі, дэмакратычных сілаў Беларусі і экспертаў у галіне міжнароднага права з нагоды падачы Вільняй звароту ў Міжнародны крымінальны суд для прыцягнення да адказнасці Аляксандра Лукашэнкі.

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10