1 кастрычніка Марк Рутэ афіцыйна змяніў на пасадзе генеральнага сакратара NATO нарвежца Енса Стольтэнбэрга. Новы кіраўнік вайсковага альянсу ўжо заявіў, што сваёю прыярытэтнаю задачаю на новай пасадзе ён бачыць падтрыманне Украіны.
Цырымонія ўступлення на пасаду Марка Рутэ ўжо адбылася. З 1 кастрычніка 2024 года ён афіцыйна генеральны сакратар 32 краінаў NATO.
«Для мяне вялікі гонар быць тут, – сказаў Рутэ сябрам Паўночнаатлантычнай рады Альянсу падчас свайго выступу з нагоды ўступлення на пасаду. – Я дзякую ўсім вашым краінам за тое, што даверылі мне гэтую адказнасць».
Што нам вядома пра Рутэ: яму 57 гадоў, ён выпускнік гістарычнага факультэту, адзін з палітычных доўгажыхароў сярод дэмакратычных лідараў Еўропы. З 2010 года ўзначальваў чатыры розныя ўрады Нідэрландаў, але ў ліпені падаў у адстаўку пасля таго, як яго чатырохпартыйная кааліцыя распалася на часткі праз пытанні міграцыі.
«Былы прэм'ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ, ветэран ЕЗ, валодае ўсімі магчымасцямі для развязання праблемаў NATO», – заявілі «Euronews» эксперты ў галіне абароны на пытанне пра тое, ці ўдасца Рутэ пераадолець усе выклікі цяперашняга часу. А іх, дарэчы, нямала.
Новаму кіраўніку NATO давядзецца працаваць з ваяўнічаю Расеяю, расколатымі стасункамі ў ЕЗ і патэнцыйнаю пагрозаю з боку Белага дому Доналда Трампа.
Перад цырымоніяй прыняцця паўнамоцтваў у штаб-кватэры NATO ў Бруселі Рутэ ўжо паспеў зрабіць свае першыя заявы. Гэтак, ён адзначыў, што Украіна будзе галоўным пытаннем у спісе ягоных прыярытэтаў як новага кіраўніка Альянсу, піша «Еўрапейская праўда».
«Украіна. Мы мусім зрабіць так, каб Украіна выстаяла як суверэнная, незалежная, дэмакратычная нацыя», – выказаўся Рутэ.
Таксама Рутэ адзначыў, што, як і ягоны папярэднік, ён будзе развіваць альянсы NATO з партнёрамі ва ўсім свеце.
«Адна рэч дакладна не зменіцца. Гэта ключавая місія NATO: мы абараняем нашых людзей, нашыя дзяржавы і, вядома, нашыя каштоўнасці», – сказаў Рутэ.
Стольтэнбэрг са свайго боку заявіў, што з нідэрландцам на чале NATO будзе ў надзейных руках.
Надзея Вольная belsat.eu