Рафаэль Гросі тлумачыць свой візіт трывогаю за АЭС і ядравую бяспеку ў рэгіёне. Таксама прадстаўнік МАгАтЭ засяроджвае ўвагу на недапушчальнасці нападаў на атамныя электрастанцыі незалежна ад іх месцараспалажэння.
Як паведамляецца на сайце арганізацыі, генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энергіі (МАгАтЭ) Рафаэль Гросі здзяйсняе візіт у Беларусь для правядзення сустрэчаў на высокім узроўні ў Менску, а таксама для наведвання атамнай электрастанцыі (АЭС) краіны.
На АЭС у Астраўцы гендырэктар МАгАтЭ і ягоная каманда экспертаў ацэняць сітуацыю на пляцоўцы праз амаль чатыры гады пасля падключэння станцыі да энергасістэмы і прааналізуюць выкананне высноў агляду эксплуатацыйнай бяспекі МАгАтЭ ў 2021 годзе. Візіт Рафаэля Гросі ў Беларусь адбываецца тады, калі МАгАтЭ засяроджанае на гарантаванні ядравай бяспекі ў рэгіёне.
Дарэчы, вядома, што сёлета 27 жніўня Гросі ўжо наведаў расейскую Курскую АЭС у Курчатаве. За некалькі тыдняў да ягонага візіту – 6 жніўня – Узброеныя сілы Украіны зайшлі ў Курскую вобласць. 9 верасня дырэктар МАгАтЭ заявіў пра недапушчальнасць нападаў на АЭС незалежна ад іх месцараспалажэння.
Нагадаем таксама, што з верасня 2022 года інспектары МАгАтЭ прысутнічаюць на Запарожскай АЭС (ЗАЭС), што перайшла пад кантроль Расеі ў лютым 2022 года. Сёлета 24 верасня Гросі паведаміў, што ў цяперашніх абставінах аднаўленне працы ЗАЭС было б «неразумным».
Надзея Вольная belsat.eu