З 1 кастрычніка ў сталіцы зноў пачнуць рэгістраваць новых індывідуальных прадпрымальнікаў. Аднак не ўсё так проста. Адначасова з паляпшэннямі для іпэшнікаў чыноўнікі ўвялі пагаршэнні.
Нагадаем, рэгістрацыя новых ІП у Менску была прыпыненая 17 жніўня 2021 года. У Мінгарвыканкаме гэта патлумачылі «тэхнічнымі прычынамі». Цікава, што зарэгістравацца альбо ўнесці змены ў пасведчанне было немагчыма нават праз партал Адзінага дзяржаўнага рэгістру.
Раней падобныя праблемы ўзнікалі ў міліцэйскіх падраздзяленнях. У адзін момант у пачатку ліпеня 2021 года спынілася праца інфармацыйных сэрвісаў МУС. Было немагчыма ні замовіць даведку, ні зняць машыну з уліку. У МУС тады заяўлялі, што прычынаю сталася «анамальная спёка». Дарэчы, у астатніх рэгіёнах Беларусі рэгістрацыя новых ІП працягвалася.
У выніку больш за тры гады ў Менску ніхто не мог заняцца бізнесам, аформіўшы ІП. Праз гэта колькасць прадпрымальнікаў у краіне пачала скарачацца.
Цяпер жа з 1 кастрычніка ў сталіцы зноў пачнуць рэгістраваць новых індывідуальных прадпрымальнікаў, аднак пры гэтым спыняць рэгістрацыю ІП у некаторых відах дзейнасці. Пра гэта паведамляе ўпраўленне рэгістрацыі і ліцэнзавання Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкаму.
Новы спіс дзейнасці, якою могуць займацца іпэшнікі, быў зацверджаны Саветам міністраў 1 ліпеня 2024 года. Гэта значыць, што новае ІП у незацверджаным відзе дзейнасці зарэгістраваць не ўдасца. І тыя, хто цяпер мае ІП у такіх відах дзейнасці, будуць абавязаныя да 31 снежня 2025 года аформіць юрыдычную асобу ці ўвогуле закрыцца.
Чым гэта пагражае?
«Зразумела, што пазбавіўшы людзей магчымасці стаць ІП, улады скарачаюць магчымасць пачаць уласную справу і адсякаюць як мінімум тую частку, што праз альбо не вельмі добрую кваліфікацыю, альбо недахоп грошай не можа адразу стварыць юрыдычную асобу», – пракаментаваў старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (АМСП) Сяргей Балыкін у інтэрв'ю «Точке».
Кіраўнік АМСП дадаў, што сітуацыя зусім не простая: абмежаванні для ІП вельмі сур'ёзна скароцяць колькасць бізнесменаў, якія стартуюць. Бо зарэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка – найбольш просты спосаб пачаць уласную справу для шмат якіх відаў дзейнасці, а цяпер гэта робіцца недаступным.
Ягоны калега, які пажадаў застацца неназваным, упэўнены, што праз новыя ўмовы працы ў краіне не з'явіцца некалькі дзясяткаў тысяч новых ІП. Гэта ўдарыць па малым бізнесе, што больш мабільны і хутчэй адгукаецца на запыты спажыўцоў, перш за ўсё, у рэгіёнах.
«Планка ўваходу ў бізнес павышаецца, першая прыступка робіцца вышэйшай, і далёка не ўсе здолеюць на гэтую прыступку заскочыць», – перакананы Сяргей Балыкін.
Надзея Вольная belsat.eu