Перамога на парламенцкіх выбарах у Аўстрыі Аўстрыйскай партыі свабоды яшчэ не азначае спыненне падтрымкі Украіны, лічыць палітолаг Алесь Лагвінец. Але перакос у права, канешне, будзе.
Паводле папярэдніх звестак, Аўстрыйская партыя свабоды (АПС) набрала на парламенцкіх выбарах больш за ўсіх галасоў – 29,2 %. Аб’яднанне выступае за жорсткае абмежаванні міграцыі, у тым ліку «рэпатрыяцыю ўсіх нелегальных імігрантаў на падставе дзейных прававых нормаў». Таксама партыя крытыкуе Еўразвяз, але добразычліва ставіцца да Расеі.
Цяперашняя кіроўная правацэнтрысцкая Аўстрыйская народная партыя (АНП) заняла другое месца з 26,5 %. А Сацыял-дэмакратычная партыя Аўстрыі (СДПА) – 21,1 %.
Поспех ультраправай партыі ў Аўстрыі тлумачыцца незадаволенасцю аўстрыйцаў міграцыйнай палітыкай, адзначае «Белсату» Алесь Лагвінец. А таксама доўгай прысутнасцю гэтай партыі ў палітыцы.
,,«Яна займае пэўную нішу. І гэта паказвае, што ў кожным грамадстве ёсць пэўны пласт кансерватыўна, крытычна настроенага насельніцтва, адносна, як еўрапейскай інтэграцыі, так і міграцыйных плыняў», – кажа Лагвінец.
Некаторых непакояць радыкальныя погляды Аўстрыйкай партыі свабоды, якая таксама выступае за «аднастайнасць» грамадства.
«Вядома, што яго партыю засноўвалі былыя чальцы СС і пэўныя сімпатыі да Трэцяга Рэйху можна пабачыць у некаторых дзеячаў гэтай партыі. Гэта выклікае пэўны рэзананс сярод аўстрыйскага электарату. Нядаўна быў скандал, калі на пахаванні чальцы гэтай партыі спявалі гімн, які ўслаўляе “святую нямецкую імперыю”. Тут бачна гульня словаў і намёкі на тую спадчыну, якая існавала ў Нямеччыне, Аўстрыі ў 30-я гады.
Але трэба звяртаць увагу на тое, што гэта партыя пераможца, але ўсё ж такі не абсалютны пераможца. Яна мае толькі каля 30 адсоткаў. Так, тэндэнцыя вельмі выразная. Яны па сутнасці падвоілі свой лік у параўнанні з папярэднімі выбарамі. У іх было 16 адсоткаў у 2019 годзе, а цяпер – каля 30.
Відавочна, гэта ў той ці іншай ступені будзе адлюстравана ў наступных палітычных кроках незалежна ад таго, ці будзе гэтая партыя пры ўладзе. Гэта значыць, ці будзе яна часткай урадавай кааліцыі», – працягвае палітолаг.

На мясцовым узроўні гэтая партыя ўжо супрацоўнічае з партыяй, якая кіравала. Але пакуль не вядома, ці адбудзецца супраца на нацыянальным узроўні.
«У кожным разе мы можам чакаць большы рух у права, больш жорсткую антыміграцыйную рыторыку з боку нават традыцыйных урадаў, скажам, правацэнтрысцкіх. Яны будуць гэта рабіць, каб не аддаваць цалкам гэтую тэматыку больш крайняй апазіцыі», – працягвае Лагвінец.
Перамога правых у Аўстрыі падкрэсліла і трэнд на большую папулярнасць прарасейскіх сілаў у Еўропе, а менавіта – у Вугоршчыне, Славаччыне і Аўстрыі. Ці могуць яны паўплываць на еўрапейскую падтрымку Украіны ў вайне з Расеяй?
«Відавочна, што гэта можа ўскладняць рэчы, але зноў жа мы не ведаем, ці гэта партыя будзе ва ўрадзе. Калі Аўстрыйская партыя свабоды будзе ўрэшце прадстаўленая ва ўрадзе Аўстрыі, то гэта будзе, відавочна, выклікаць складанасці адносна далейшай падтрымкі Украіны.
У той жа час варта звяртаць увагу на тое, што мэйнстрым усё яшчэ дамінуе. Абсалютную большасць, 70 адсоткаў галасоў, атрымалі іншыя сілы, якія выказваюцца як раз у іншым духу і гатовыя падтрымліваць Украіну», – падводзіць рысу Лагвінец.
Арсен Рудэнка belsat.eu