Газета «The Washington Post» паведамляе, што Ізраіль гатовы пачаць абмежаваную наземную аперацыю супраць радыкальнай групоўкі «Хізбула» ў Ліване.
Паводле «The Washington Post», Ізраіль папярэдзіў пра аперацыю ўлады Злучаных Штатаў.
Амерыканскі чыноўнік, на які спасылаецца выданне, кажа, што аперацыя Ізраілю мае быць менш маштабнай, чым у 2006 годзе, падчас другой ліванскай вайны. Чакаецца, што ізраільскія вайскоўцы сканцэнтруюцца на зачыстцы інфраструктуры «Хізбулы» ўздоўж мяжы, каб зліквідаваць пагрозу насельніцтву памежных рэгіёнаў Ізраілю. Наземная аперацыя можа пачацца найбліжэйшым часам.
Цяпер Армія абароны Ізраілю працягвае наносіць авіяўдары па аб'ектах «Хізбулы» на ўсёй тэрыторыі Лівану.
Пра тое што паміж Ізраілем і «Хізбулой» можа ўспыхнуць поўнамаштабная вайна, размовы вядуцца ўжо даўно. «Хізбула» падтрымала дзеянні групоўкі «Хамас», якая ўчыніла беспрэцэдэнтны тэрарыстычны напад на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года. З таго часу рэгулярна адбываліся абстрэлы памежных рэгіёнаў Ізраілю баевікамі «Хізбулы» і кропкавыя авіяўдары Цагалю ў адказ. Спачатку сітуацыя трымалася ў рамках абмежаванага абвастрэння, аднак паступова атакі «Хізбулы» рабіліся ўсё больш інтэнсіўнымі, пашыралася іх геаграфія.
З канца вясны пачала назірацца ўстойлівая тэндэнцыя да эскалацыі. У асобныя дні «Хізбула» выпускала па тэрыторыі Ізраілю некалькі сотняў ракет. Пачынаючы з кастрычніка 2023 года ў выніку нападаў з боку баевікоў «Хізбулы» загінулі дзясяткі цывільных асобаў і вайскоўцаў, ад 60 да 100 тысяч чалавек былі вымушаныя эвакуявацца з ізраільскіх памежных паселішчаў углыб краіны.
У верасні 2024 года ізраільскі ўрад дадаў да афіцыйных мэтаў вайны вяртанне жыхароў паўночных рэгіёнаў Ізраілю ў іхныя дамы, пакінутыя пасля абстрэлаў з боку баевікоў «Хізбулы». Неўзабаве пасля гэтага ізраільскія спецслужбы ўчынілі маштабную дыверсію: у Ліване адбыліся масавыя выбухі прыладаў сувязі, якімі карысталіся чальцы радыкальнай групоўкі «Хізбула». Дзясяткі баевікоў загінулі, каля 3600 асобаў атрымалі раненні.
Адначасова Ізраіль падцягнуў рэзервы да мяжы з Ліванам і распачаў інтэнсіўныя паветраныя атакі на інфраструктуру «Хізбулы». 27 верасня ў выніку авіяўдару загінулі лідар «Хізбулы» Хасан Насрала і шэраг высокапастаўленых камандзіраў баевікоў.
Глеб Нержын belsat.eu