Гісторыі

«Я быў народжаны для кахання, а не для вайны». Лідар «Голай Манашкі» Фёдар Жывалеўскі – пра альбом «19» і мроі аб Менску

Лідар «Голай Манашкі» Фёдар Жывалеўскі. Фота: Белсат
Лідар «Голай Манашкі» Фёдар Жывалеўскі. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Фёдар Жывалеўскі ў Варшаве паўгода. Спрабаваў зарабляць на жыццё фізічнай працай ў «Auchan», жыве з сяброўкай у кавалерцы на варшаўскім Сольцу. Да гэтага – Грузія і 7 месяцаў у польскім лагеры ўцекачоў. Ён згаджаецца на размову на ўмовах, што гаворка пойдзе выключна пра музыку і творчасць. Пра асабістае жыццё, з якога журналісты, як кажа, зрабілі нейкі серыял, мелася быць ані слова…

На фэсце «Грай!» мімаходзь выхопліваю з грамады ягоны твар і праціраю вочы. Ён? Не ён? У Варшаве? Але акурат ягоныя вочы цяжка не пазнаць. Спраўдзіць не паспяваю – знікае, распускаецца ў іншых тварах і музыцы. Праз дзень знаходжу Фёдара Жывалеўскага ў «Інстаграме», пішу, атрымліваю адказ. Можам сустрэцца. На варшаўскі Solec еду з «Голай манашкай» у вушах – «19». Доўга шукаю, як сысці з бясконцага моста Панятоўскага… 

Праз паўгадзіны, калі будзем сядзець з Фёдарам на хісткім ствале дрэва ў парку (150 метраў да беларускай «Karma Crew»), ён прызнаецца, што гэтае месца ў Варшаве яго прызямліла. Паставіла на ногі. Што мост Панятоўскага нагадаў яму Стары мост у Горадні яго дзяцінства. Што хацеў бы – хоць «на адзін дзень або вечар» – стаць тым гарадзенскім мостам, каб пабачыць ягонымі вачыма «горад светлага дзяцінства і фантастычнай будучыні». Але для шчасця гэтага будзе мала. Пра шчасце – ў самым канцы гэтага тэксту. 


«У мяне ніколі не было гітары, даражэйшай за 100 долараў»


– Фёдар, распавядзі пра твой «
19». Чаму альбом, як здаецца, застаўся незаўважаны? Я знайшоў толькі невялікую рэцэнзію Аляксандра Чарнухі. «Ветэраны айчыннага гранжу і пост-панку на чале з Фёдарам Жывалеўскім выдалі цудоўны матэрыял з вялікай павагай да класікі», – піша ён. І далей: «Сыры і недасканалы, але вельмі абаяльны». Слухаю яго некалькі дзён…

– Ну, наконт таго, што не заўважылі, то паспрачаюся з табой. Справа ў тым, што гэты альбом наогул не запланаваны. Я б сказаў, што гэта такі пабочны прадукт той дзейнасці, якой мы займалася сумесна з
Аляксандрам Ільіным, вядомым як басіст гурту «Мутнаевока». У той перыяд у нас было, можна сказаць, два праекты на альбом. Адзін мы рэпетавалі ўтраіх, у нас быў яшчэ бубнач, і мы выступалі з гэтай праграмай. А другі – гэта тое, чым я займаўся такім самапалам: штосьці запісваў дома, штосьці на студыі. І вось гэтыя запісы я выкладваў на розных платформах, заліваў на сховішчы для нейкай пэўнай аўдыторыі. 

Вось, і калі падышоў момант, Саша дамовіўся са
Стасам Ламакіным (былы вакаліст «The Тoobes») дапамагчы «заліць» гэты альбом. Вырашылі назваць яго «19», таму што ён агулам ахопліваў 2019 год. Мая сяброўка зрабіла інтэрпрэтацыю вокладкі альбома «Sonic Youth». Некаторыя песні трапілі ў яго незапланавана. Але потым, калі паглядзелі на гэта збоку, падумалі, што, нават калі у нас не атрымаецца зрабіць тое, што мы задумалі, гэта усё адно нейкі вынік. І хай гэты вынік недзе і неяк жыве.

– Дык жыве. Але можа згубіцца ў інфармацыйнай бездані…

,,

«Ну, нейкая аўдыторыя паслухала гэтыя запісы ўжо шмат разоў. Можа быць, з камерцыйнага пункту гледжання гэта і няправільна, што ты не збіраеш лічбы на пэўных платформах. Але я як выканаўца існую ўжо больш за 26 год, і мяне гэтым не купіш: сёння актуальная адна платформа, заўтра будзе другая. Калісьці мы распаўсюджвалі запісы проста ў лакальным сеціве і зрабіліся вядомымі такім чынам. Таму я такія рэчы, каб усё было тыпу правільна, не спяшаюся рабіць». 


А можа, на ўсё гэта проста не хапае ні сіл, ні здароўя. Тым больш, што з 2016 года запісы свае я стаў рабіць сам, што было вельмі складана – не было ні магчымасці, ні апаратуры. Толькі тое, што пад рукамі. Фотаапараты, магнітафоны, плёнка. У мяне ніколі не было гітары, даражэйшай за 100 долараў. 

Усё, што там можна пачуць, – гэта эксперымент на мяжы немагчымага. Проста была вялікая матывацыя нешта зрабіць. А потым ужо з'явіліся нейкія ідэі. Адна з іх – увайсці ў новую беларускую альтэрнатыву. Паспрабаваць быць нейкім прыкладам для моладзі – што варта і цікава спяваць па беларуску. 


«У гэтым трэку – паветра Менску. Сапраўднае»

– Прыкладам таксама і ў гучанні, і ў падыходзе да творчасці?


– Тое, што адбываецца ўжо 5-6 гадоў у музыцы, мне было блізка заўсёды. Такімі рэчамі я цікавіўся яшчэ з канца 1990-х. Хіба што не ўсе кірункі падыходзілі пад нейкія шаблоны. Напрыклад, на пачатку нулявых, калі ты ствараў электронны біт, трэба было рабіць выгляд, што гэта жывы бубнач. Цяпер жа ледзь не наадварот...

Фота: Белсат
Фота: Белсат

І я гэты эксперымент пачаў рабіць больш смела.  Мне спадабалася, што я магу быць больш свабодным. Напрыклад, у трэку «Сталіца» гучаць сырыя гітары, і поўную карціну гуку дае падклад, які я зрабіў, запісваючы шум менскай вуліцы. У гэтым трэку – паветра Менску. Сапраўднае. 

Ну і водгукі былі. У асноўным пісалі сталыя ўжо музыкі, прафесійныя. Мы ахапілі сваё кола калег. І ўсе нам рэспектнулі за гэты «19». Мне, канешне, балюча – я хацеў зрабіць больш. І ў мяне вісіць на сёння матэрыял, напэўна, альбомы на два... 


– Што гэта за матэрыял? Працуеш з ім?


– Нешта амаль ўжо зробленае, нешта яшчэ трэба зрабіць. Гэта тое, чым я займаўся ў Менску. Тое, чым я не змог займацца. Тое, над чым я зараз слаба працую, таму што у мяне цяжкі псіхалагічны стан і цяжкасці са здароўем. 


– «19» атрымаўся троху дэпрэсіўны…


– Калі рабіў, не задумваўся асабліва над гэтым. Потым мне сказалі: Федзя, ў тваіх песнях вельмі дэпрэсіўны настрой. Напэўна, так. Але я часам сам слухаю гэтыя трэкі, і яны мне ўздымаюць настрой. Таму што там ёсць выхад. Я прыйшоў да мінімалізму, перастаў грузіць,
перастаў паказваць, што я нейкі там паэт, перастаў выпінаць нейкія моцныя бакі тэхнікі ігры. Гэта для мяне стала няважна. Я пачаў ствараць музыку і звяртацца да нейкай эстэтыкі.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

«Першая легенда: я сканаў ад перадазіроўкі» 

– Табе закідаюць, што ніяк не можаш выйсці з пост-панку. Што ты на гэта?


– Ну, слухай, я магу сказаць, што побач з «Голай манашкай» заўсёды ішла нейкая легенда. Напрыклад, «
Голая манашка» – гэта «легенда андэграўнду». А першая была такая, што я наагул сканаў ад перадазіроўкі. У 2001 годзе прыязджаю ў Віцебск, сядзіць нейкая бландзінка і кажа: «А, «Голая манашка», я знала вокалиста, он же от передоза умер». Я сяджу насупраць і гляджу на яе… 

А потым была вельмі непрыемная легенда, калі мяне ў турму саджалі. Я звярнуў увагу, што журналістаў цікавіў не музычны бок, а маё жыццё – як серыял. Праз гэта пра мяне і супрацоўнікі міліцыі даведаліся, я нейкую рэпутацыю там займеў. У той час музыкаў так павальна яшчэ ў турму не саджалі. Не было такога мэйнстрыму.


– Колькі агулам часу правёў за кратамі?


– Гадоў 5 назбіраецца. Розныя праблемы з законам былі. У тым ліку з наркотыкамі, хоць не магу сказаць, што былі звязаныя менавіта з імі, хутчэй з людзьмі… Я жыў заўсёды вельмі адкрыта. Жыць хацеў нармальна. Хацеў быць свабодным чалавекам. І рок-музыка для мяне таксама своеасаблівая форма пратэсту, таму што я вырас у сям'і акадэмічнага музыкі і не хацеў прымусова займацца музыкай. 

Дык вось, пра мяне тады ўвесь час пісалі такую лухту ў артыкулах, што можна было судзіцца і судзіцца… Я ўвесь час чакаў, каб гэтая інфармацыя стала неактуальная. І ведаеш, гэта была не слава. Гэта было тое, аб чым я шкадаваў вельмі доўга.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

– Шкадаваў, але легендай зрабіўся.

– Мяркую, што ўсё ж такі з легендамі мы скончылі бліжэй да года 2016-га. Я стаў тады супрацоўнікам беларускага выдавецтва «Галіяфы». Шмат размаўляў з рознымі пісьменнікамі, з мастакамі знаёміўся. Слухаў, што казаў
Альгерд Бахарэвіч, якога ведаю з канца 1990-х і паважаю ў тым ліку як музыку. Прыслухоўваўся, калі ён казаў, чаму ён ужо не панк. Многія не хацелі гэтага чуць. 
І я зразумеў, што трэба рабіць нешта новае, проста сваё. І завязваць з легендамі. Вырашыў пачаць з нуля. І гэта аказалася яшчэ цяжэй, чым стварыць легенду. Аказалася яшчэ больш цяжкай работай, чым рабіць нешта эпатажнае і яркае, як «Голая манашка» напрыканцы 1990-х. І зараз я цешуся, калі мы размаўляем з людзьмі пра творчасць і музыку, а не пра маё жыццё.


«Мне ўвесь час мроіцца Менск» 


– Я стараюся. Што новага і нечаканага ў тым матэрыяле, які мы яшчэ не чулі?


– Там ёсць, напрыклад, песня па матывах кнігі Янкі Маўра «Чалавек ідзе». Для мяне нечаканасцю была навіна пра перавыданне гэтай кнігі, таму што праект з песняй у мяне ўжо даўно ляжыць. Кніжка, якая мяне ў дзяцінстве вельмі ўразіла. Мне хацелася раскрываць нешта такое, што не раскрываецца ў звыклай навуковай фантастыцы. 

Ведаеш, да мяне часта падыходзяць, напрыклад, украінцы і кажуць: «Фёдар, вы добра робіце, што не палітызуеце сваёй творчасці, таму што гэта не ўзбагачае культуру». Маўляў, рабіце так, як вы робіце. 

І гэта надае мне ўпэўненасці. Трэба не шукаць нейкі трэнд на беларушчыну – трэба глядзець, што табе блізка, і спрабаваць з гэтым працаваць. І мне вельмі не падабаецца, што беларуская мова сёння стала вельмі палітызаванай. З-за гэтага мне вельмі цяжка размаўляць з тымі людзьмі, з якімі я хацеў бы размаўляць. З тымі, якія жывуць у Беларусі, з моладдзю. Людзі баяцца ўспрымаць беларускую мову і творчасць на беларускай мове праз яе палітызаванасць. Гэта дрэнна. Я з'ехаў з Беларусі ў 2022 годзе. Я бачыў, што беларуская мова знікае. Для нас.


– Не знікае. Тут можна размаўляць і ствараць па-беларуску без страху. Больш за тое, ведаю людзей, якія толькі тут і перайшлі на беларускую – пад уплывам польскай, напрыклад. Цікавы феномен.


– Не ведаю чаму, але мяне пакуль што не вельмі цікавіць беларуская аўдыторыя, якая ў Польшчы. Я дагэтуль, відаць, прывязаны да Беларусі. Мы ўвесь час размаўляем з калегам, якія тэмы раскрываць. Увесь час мроіцца Менск, Менск… Хочам нейкую эстэтыку менскую перадаць, яшчэ штосьці такое, што не звязанае з нейкай класікай. Бо мяне, шчыра кажучы, ванітуе ад школьнай праграмы. А Янка Маўр таму, што для мяне гэта харошы прыклад творцы, якога прызнавалі ўсе – і «саўкі», і не «саўкі».

Бо зараз для мяне самае актуальнае пытанне – як утрэсці ў сваім жыцці палітыку і мастацтва. Я не хацеў палітыкі. Былі моманты, калі мне казалі, што я недастаткова палітызаваны толькі праз тое, што я выказваўся супраць палітыкі. Але для мяне гэта важнае пытанне, і мне гэта вельмі складана сфармуляваць. Займаюся гэтым.


«Чаму вы мяне ўвесь час баіцеся?..»

– Цікава, на пачатку верасня я
размаўляў з акцыяністам Аляксеем Кузьмічом, які спрабуе цалкам вытрасці палітыку з таго, што робіць сам (зараз зноў трапіў у французскую турму), але не заўжды з поспехам. Кузьміч казаў, што Алесь Пушкін не блізкі яму мастак, бо ён вельмі нацыяналістычны і палітызаваны. 

– Але для мяне
Алесь Пушкін блізкі. Помню яго яшчэ з тых часоў, калі я вучыўся ў трэцім класе ліцэю імя Ахрэмчыка, а ён размалёўваў там столь перад актавай залай. І казаў: «Чаму вы мяне ўвесь час баіцеся?..» Добра гэта памятаю, хоць больш за 30 гадоў ужо прайшло. Ён вельмі неардынарна выглядаў і паводзіў сябе. І справа была не толькі ў тым, што Пушкін размаўляў па-беларуску, хоць гэта дадавала каларыту яго персоне. Справа ў тым, што я ўспрымаў яго як хіпі. Я ўжо тады любіў паслухаць гурт «Zodiac» на кружэлцы, і мне з дзяцінства падабаліся хіпі. І я лічыў, што ён хіпі. 

,,

Гэтую фразу я запомніў на ўсё жыццё: «Чаму вы мяне баіцеся?..» І вось калі яго не стала, мне хацелася размаляваць рукі фарбаю і паўсюль пакінуць адбіткі рук: чаму вы мяне ўвесь час баіцеся?..


Ну і яшчэ – я ўжо неяк пра гэта пісаў, і была не вельмі станоўчая рэакцыя, – Пушкін несвядома паўплываў на станаўленне маёй, так скажам, эратычнасці. Бо я калісьці пабачыў у ліцэі ягоныя эцюды з аголеным жаночым целам. І такім чынам першай трапілася мне ў рукі не газета «СПІД-інфо», а эцюды Алеся Пушкіна… 

«Голая манашка»
мой жыццёвы правал»

– І тут паўстае «Голая манашка» (смяёмся). Зможаш распавесці мне гісторыю гурту за тры хвіліны?


– Не, гэта будзе цяжка. Некалькі перыядаў. І гэта легенда, канешне, але разам з тым, гэта вельмі істотны і вельмі балючы правал… Так, жыццёвы правал. Мяне магло не стаць, ўжо, я мяркую…


– Але ж стаў, ёсць, існуеш, мы з табой гутарым. І «Голая манашка» жыве. Так?


– Напэўна, так. Мы яшчэ камунікуем з маім калегам, хоць Саша Ільін зараз у Штатах. Запісалі з ім разам яшчэ адзін альбом, які пакуль ніяк не можам звесці. Магчыма, у мяне з'явяцца іншыя калегі. Але не хачу загадваць. Хачу разабрацца са сваім жыццём. І калі зразумею, што з музыкай трэба скончыць, я так і зраблю. 

Зараз нічога не пішу. Не той момант. Вось папрасілі мяне паўдзельнічаць у паэтычнай вечарыне
пад мостам – я згадзіўся. Пачытаць вершы. Не, не свае. Я захапляюся сучаснай беларускай паэзіяй. Люблю Змітра Вішнёва, з якім, на жаль, не склаліся адносіны падчас маёй працы ў «Галіяфах». Люблю Бахарэвіча, які быў для мяне прыкладам на сцэне. Усіх не пералічыш.

– А што слухаеш зараз?


– Я шмат цікавіўся беларускай музыкай. Рознай, не самай вядомай у тым ліку. І зараз цікаўлюся самымі андэграўнднымі выканаўцамі. Слухаю літаральна ўсё. У мяне пытаюцца: а што ты гэтае лайно слухаеш? Ну, каму лайно, а каму і не. У юнацкім узросце ў людзей такі запал і такая матывацыя, якой у 40 гадоў я ўжо ў сваіх калег не назіраю. 

І вось там сістэматычна знаходжу залацінкі і натхняюся гэтым. Моладзь натхняе. Ну вось у Польшчы ёсць такія хлопцы «Вішнёвы торт», з імі яшчэ ў Беларусі пазнаёміўся.
Данііл Вашкевіч падабаецца таксама. Ну і ў Менску шмат засталося файных людзей насамрэч.

«Я проста скінуў з сябе гэтага дэмана»


– «Людзі ненавідзяць сапраўдных людзей», – сцвярджаеш у трэку «Снег»…


– Гэта стары тэкст. Ён потым прайшоў карэкцыю. Што зараз праспяваў бы пра людзей? Зараз я сяджу і думаю, што я ўвогуле спяваў апошнім часам. На працы хадзіў і спяваў ўкраінскія песні ў сваёй галаве. «Океан Ельзи». Калісьці даўно прадаваў іх касеты – наслухаўся. 


– Ведаеш, дзіўна, мой сын нядаўна адкрыў для сябе Курта Кабэйна. Яму 12 гадоў! Ходзіць у майцы «Нірваны». Усё – па коле. Ты пераспяваў яго па–беларуску.


– Так, было. Аднойчы на канцэрце нехта сказаў нават, што я легенда беларускага гранжу (смяецца). 

Фота: Белсат
Фота: Белсат

– Праспяваў яго і ў кіно. І гэта быў фільм Андрэя Кудзіненкі, наколькі памятаю.

–  Так, пра расейскі гурт «Noize MC» (фільм «
Hard Reboot»). Нейкую такую беларускую экспансію Курта Кабэйна я сыграў там па задуме рэжысёра. Гэта прыкольны досвед быў. У мяне тады таксама быў складаны перыяд пасля ўсіх маіх прыгодаў. І мне пашанцавала, я думаю, тады, бо мяне адкрыла ізноў пасля кіно. 

– Твой Курт спыняецца на парозе, абарочваецца на музыкаў і кажа: «Я буду лепей бухаць, чым рабіць грошы».


– Ну, гэта не маё альтэр-эга. Я тады граў хутчэй самога сябе, якім я ўжо не хацеў быць. Усе гэтыя рваныя джынсы, гэтыя кеды. Я проста скінуў з сябе гэтага дэмана. Гэты вобраз, што з мяне малявалі. Бо калі да цябе прылепіцца штосьці, можаш з гэтым усё жыццё хадзіць. А ў кіно сыграў – і ўсё: персанаж – асобна, жыццё – асобна. І гэта вельмі дапамагае. Удзячны
Андрэю Кудзіненку. Мне трэба было гэта. Я зразумеў, што я быў народжаны для кахання, а не для вайны. Я пайшоў далей…

«Я спакойны. Тое, што я распачаў, я скончу»

– Трэба ісці. Калі чакаць новы альбом?


– Зараз, калі мне складана займацца музыкай, калі я губляю матывацыю, я проста ёй не займаюся. Чакаю той момант, калі з'явіцца натхненне, калі я зноў буду рабіць альтэрнатыўную музыку па-беларуску. Сябры сказалі, каб я не перажываў, што не раблю песень, якія жывуць адзін дзень ці адзін год. Таму, рана гэта здарыцца ці позна, – нічога страшнага. Я спакойны. Тое, што я распачаў, я скончу.


– Што павінна здарыцца, каб ізноў пачаў пісаць?
 

– Трэба разабрацца са сваім жыццём. Проста адчуваць сябе ў бяспецы. Стаць шчаслівым. Гэтага хопіць.


– І што для Фёдара Жывалеўскага шчасце?


– А вось гэтае пытанне я напэўна буду задаваць сусвету. Мне тут моладзь параіла паваражыць на Бібліі. Я табе потым адпішу.


Увечары напісаў: «Шчасце – не жыць бессэнсоўна». Так мне адказаў Эклезіяст».


Зміцер Міраш
belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10