Вайна

Крытычнае становішча ЗСУ ў Вуглядары. Ці змогуць вайскоўцы адысці?

Праца падраздзяленняў ўдарных БПЛА і паветранай разведкі на поўначы Харкаўскай вобласці, Украіна. 25 верасня 2024 года. Фота: Yevhen Titov / Abaca Press / East News
Праца падраздзяленняў ўдарных БПЛА і паветранай разведкі на поўначы Харкаўскай вобласці, Украіна. 25 верасня 2024 года. Фота: Yevhen Titov / Abaca Press / East News
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 30 верасня чытайце ў нашым матэрыяле.

 

Дынаміка баёў на поўначы

 

Сітуацыя па лініі сутыкнення на тэрыторыі Курскай вобласці РФ застаецца напружанай для абодвух бакоў канфлікту, але пры гэтым істотных зменаў цягам апошняга тыдня не фіксуецца.

 

Збройныя сілы Украіны па-ранейшаму захоўваюць ініцыятыву на поўдні Глушкоўскага раёну, атакуючы адразу на некалькіх участках, але рэалізаваць сваю актыўнасць у выглядзе прасоўванняў не могуць.

 

У суседнім Коранеўскім раёне ЗСУ ўдалося канчаткова спыніць наступ праціўніка, і цяпер ужо самыя ўкраінцы намагаюцца контратакаваць каля населеных пунктаў Альгоўка і Любімаўка.

 

У Суджанскім раёне працягваюцца цяжкія баі на лакальных участках фронту, але і тут істотных зменаў не назіраецца.

 

Пры гэтым прарасейскія крыніцы адзначаюць, што Збройныя сілы назапашваюць рэзервы ў прылеглых раёнах Сумскай вобласці Украіны, што ўказвае на магчымасць новых вылазак на тэрыторыю праціўніка.

 

Самыя вайскоўцы ЗСУ пацвярджаюць, што наступы абодвух бакоў на Куршчыне спыненыя, і ў далейшым перавага будзе за тым, хто першым здолее знайсці адпаведныя рэсурсы і ўзнавіць актыўныя дзеянні.

 

Таксама цягам тыдня на паўночным фронце ўзнавіліся актыўныя баявыя дзеянні ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці.

 

У ваколіцах сяла Глыбокае (Харкаўскі раён) ЗСУ правялі шэраг паспяховых атак і прасунуліся да цэнтру населенага пункту, але ў выніку контратак праціўніка з флангу былі вымушаныя адысці з часткі пазіцыяў. Вялікую ролю ў абароне расейцаў на гэтым участку выконвае авіяцыя і артылерыя, з дапамогай перавагі ў якіх войскам РФ удаецца наносіць істотныя ўдары па тылавых пазіцыях і камунікацыях праціўніка.

 

Больш істотных поспехаў дасягнулі ЗСУ на тэрыторыі суседняга Ваўчанскага раёну, дзе ў аднайменным горадзе пад іхны кантроль перайшоў мясцовы Агрэгатны завод.

 

У гэты ж час варта адзначыць, што сам горад ужо амаль цалкам зруйнаваны праз няспынныя ўдары авіяцыі і артылерыі, таму ўтрыманне пазіцыяў у ім абыходзіцца вялізнай цаной для абодвух бакоў. Пры гэтым расейцы намагаюцца трымаць фронт дзеля адцягвання сілаў праціўніка з іншых участкаў, а ЗСУ кантроль над Ваўчанскам важны ў інфармацыйным плане, асабліва, на фоне правалу фронту на Данбасе.


Украінскі вайсковец 56-й брыгады ЗСУ вядзе агонь па расейскіх пазіцыях у напрамку Часовага Яру, Данецкая вобласць, Украіна. 27 верасня 2024 года. Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News
Украінскі вайсковец 56-й брыгады ЗСУ вядзе агонь па расейскіх пазіцыях у напрамку Часовага Яру, Данецкая вобласць, Украіна. 27 верасня 2024 года. Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News

Планы расейцаў на паўночным усходзе

 

На паўночным усходзе працягваецца наступальная аперацыя Узброеных сілаў РФ, якія намагаюцца выбіць праціўніка з плацдарму на левым беразе ракі Аскіл у Купянскім раёне Харкаўскай вобласці. За апошні тыдзень расейцы крыху прасунуліся ў ваколіцах сёлаў Кіслоўка і Сынькоўка.

 

Разам з тым найбольш складаная сітуацыя для ЗСУ назіраецца ніжэй па фронце, дзе расейцы рухаюцца на захад ад раней занятага сяла Пішчанае.

 

Праўкраінскія крыніцы паведамляюць пра актывізацыю праціўніка, які цягам толькі адных содняў намагаўся прабіцца да сёлаў Круглякоўка і Калеснікоўка, задзейнічаўшы каля 50 адзінак тэхнікі. Адзначаецца, што ЗСУ ўдалося знішчыць большую частку і спыніць праціўніка, але сам факт выкарыстання такіх сілаў указвае на прыярытэтнасць гэтага ўчастку фронту для расейцаў.

 

Першасная задача для расейцаў - пераразанне дарогі 0-211942 на рубяжы населеных пунктаў Новаасінаўка - Круглякоўка. Але галоўная, відавочна, - выхад да ракі Аскіл і рассяканне плацдарму ўкраінцаў на дзве часткі.

 

Лінія фронту на пакроўскім і курахаўскім кірунках

 

У Данецкай вобласці поўнай ініцыятывай валодаюць Узброеныя сілы РФ, якія ціснуць амаль па ўсёй лініі сутыкнення.

 

На паўночным фланзе пакроўскага кірунку ідзе паступовы рух да Мірнаграду, які знаходзіцца на ўсходзе ад самога Пакроўску. Акрамя гэтага расейцам удалося выбіць праціўніка з выступу ўздоўж населеных пунктаў Красны Яр і Круты Яр.

 

У гэты ж час на поўдні расейцы намагаюцца закрыць кацёл для ЗСУ ў палях каля сяла Невельскае. За апошні тыдзень прасоўванні адбыліся каля населеных пунктаў Жэланнае Першае і Жэланнае Другое (Желанне Перше і Желанне Друге). Цяпер за ЗСУ застаецца вузкі калідор, каля чатырох кіламетраў, па якім магчымыя забеспячэнне і адыход байцоў з ваколіцаў Невельскага.

 

Акрамя гэтага на пакроўскім кірунку расейцы прасунуліся на захад ад раней занятага гораду Украінск і замацаваліся ў асобных будынках населенага пункту Цукурына.

 

На суседнім курахаўскім кірунку, паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, войскі РФ намагаюцца абысці горад Курахава з поўначы ўздоўж вадасховішча. Такая сітуацыя пагражае заходам у тыл ЗСУ, акрамя гэтага такім чынам расейцы абыходзяць абарончыя лініі праціўніка да гэтым участку фронту.

 

Італьянская гаўбіца OTO Melara Mod 56, якая выкарыстоўваецца 15-й брыгадай аператыўнага прызначэння Нацгвардыі Украіны, бачная на нулявым рубяжы Пакроўскага фронту.Данецкая вобласць, Украіна. 28 верасня 2024 года. Фота: Vincenzo Circosta / Anadolu Press / Abaca Press / East News
Італьянская гаўбіца OTO Melara Mod 56, якая выкарыстоўваецца 15-й брыгадай аператыўнага прызначэння Нацгвардыі Украіны, бачная на нулявым рубяжы Пакроўскага фронту.Данецкая вобласць, Украіна. 28 верасня 2024 года. Фота: Vincenzo Circosta / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Пагроза атачэння Вуглядару

 

Між тым найбольш складаная сітуацыя для Збройных сілаў у Данецкай вобласці назіраецца на поўдні рэгіёну, дзе праціўнік з трох бакоў атачыў горад Вуглядар. Тут цягам тыдня расейцы занялі тэрыторыі мясцовых шахтаў, якія знаходзяцца на паўночным усходзе ад гораду, а таксама прасунуўся на поўнач ад сяла Паўлаўка (на паўднёвым захадзе гораду). У выніку гэтага былі перарэзаныя або ўзятыя пад агнявы кантроль апошнія дарогі з Вуглядару на Богаяўленку.

 

Вайскоўцы ЗСУ пішуць, што каманда загадзя адысці з гораду не давалася па палітычных прычынах, паколькі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі цягам тыдня знаходзіўся з афіцыйным візітам у Злучаных Штатах. Цяпер жа гарнізону гораду давядзецца выбірацца палямі ва ўмовах шчыльных абстрэлаў, якія, відавочна, адгукнуцца сур’ёзнымі стратамі ў асабовым складзе.

 

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення. 

 

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

 

Наталля Кулыгіна belsat.eu 


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10