На парламенцкіх выбарах у Аўстрыі, паводле папярэдніх вынікаў, перамагла правапапулісцкая Аўстрыйская партыя свабоды (АПС), якая набрала 29,2 % галасоў.
У параўнанні з выбарамі 2019 года АПС атрымала яшчэ 13 % галасоў. Слоган яе перадвыбарнай праграмы: «Крэпасць Аўстрыя – Крэпасць свабоды». Партыя выступае за жорсткае абмежаванні міграцыі, улучна з разварочваннем уцекачоў на мяжы і «рэіміграцыю», пад якой правыя папулісты маюць на ўвазе «рэпатрыяцыю ўсіх нелегальных імігрантаў на падставе дзейных прававых нормаў». АПС выступае за «аднастайнасць» грамадства і супраць разнастайнасці. У вонкавай палітыцы яна крытычна ставіцца да Еўразвязу, але добразычліва – да Расеі і залежнасці ад расейскага газу.
Цяперашняя кіроўная правацэнтрысцкая Аўстрыйская народная партыя (АНП), наадварот, страціла падтрыманне 11 % выбарнікаў. Яна заняла другое месца з 26,5 %.
Вынік Сацыял-дэмакратычнай партыі Аўстрыі (СДПА) застаўся амаль нязменным – 21,1 % супраць 21,2 % у 2019 годзе.
Партыя «Новая Аўстрыя і Ліберальны форум» (NEOS) набрала на выбарах 9 % галасоў, палепшыўшы свой мінулы вынік на 0,9 % галасоў. А вось зялёныя, якія пакуль застаюцца партнёрамі АНП у кіроўнай кааліцыі, атрымалі 8 % галасоў, страціўшы падтрыманне 5,9 % выбарнікаў. Іншыя партыі прайсці ў аўстрыйскі парламент не здолелі.
Чакаецца, што астатнія галасы падлічаць да 3 кастрычніка.
Пераможца, але не кіраўнік
Як адзначае «Deutsche Welle», нягледзячы на перамогу ўльтраправых на выбарах у парламент Аўстрыі, ім наўрад ці ўдасца сфармаваць урад. Дзейны канцлер і лідар народнай партыі Карл Нэгамэр неаднаразова адмаўляў не толькі магчымасць уступлення ў кааліцыю з АПС, але і саму ідэю перамоваў аб гэтым. А прэзідэнт Аўстрыі Александэр ван дэр Бэлен, які рэпрэзентуе зялёных, заявіў, што не прызначыць канцлерам старшыні АПС Гэрбэрта Кікля.
Сам Кікль заявіў у эфіры тэлеканалу ORF, што «гатовы да перамоваў з усімі, галоўнае, як павядзе сябе федэральны прэзідэнт». «BILD» піша, што Кікль ужо заявіў, што станецца замест гэтага «народным канцлерам».
Ультраправыя маюць у Аўстрыі стабільна вялікае падтрыманне. Аўстрыйская партыя свабоды раней неаднаразова ўваходзіла ва ўрад. Яна рабілася часткай урадавай кааліцыі разам з АНП у 1999, 2002 і 2017 гадах. Уваход АПС ва ўрад нават выклікаў крызіс у 2000 годзе, калі 14 краінаў Еўразвязу на восем месяцаў спынілі супрацу з уладамі Аўстрыі, а Ізраіль адклікаў з Вены свайго амбасадара.
Якуб Хруст belsat.eu