Выданне «The Insider» атрымала доступ да сотняў афіцыйных дакументаў, звязаных з гібеллю расейскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага ў папраўчай калоніі «Палярны воўк». Апісаныя ў іх сімптомы паказваюць на тое, што Навальнага атруцілі.
У распараджэнні The Insider сярод іншага апынуліся дзве версіі пастановы аб адмове пачынаць крымінальную справу, падпісаныя маёрам юстыцыі Аляксандрам Варапаевым. У больш ранняй версіі паведамляецца, што 16 лютага Аляксею Навальнаму рэзка стала дрэнна, ён лёг на падлогу і пачаў скардзіцца на рэзкі боль у вобласці жывата, «у яго пачалося рэфлекторнае вывяржэнне змесціва страўніка, выявіліся сутаргі, і ён страціў прытомнасць».
Пры гэтым з пазнейшай версіі гэтай жа пастановы (якая і сталася канчатковай) зніклі словы пра болі ў жываце, ваніты і курчы. Тым не менш у апісанні «вынятых аб’ектаў» таксама фігуруюць «узоры ванітавых масаў», якія былі аддадзеныя на экспертызу.
На думку рэаніматолага Аляксандра Палупана, які лекаваў Навальнага ў омскай лякарні пасля атручвання «Навічком» у 2020 годзе, паказаныя ў дакументах сімптомы ніяк не супадаюць з афіцыйнаю версіяй пра «парушэнне рытму сэрца».
«Такія сімптомы наўрад ці можна растлумачыць чымсьці акрамя атручвання. Кароткі прамежак часу паміж болем у жываце і курчамі кажа на карысць таго, што гэта магло быць, напрыклад, фосфараарганічнае рэчыва (да гэтага ж класу рэчываў адносіцца і „Навічок“), але толькі не пры наскурным ужыванні, а пры ўнутраным», — заявіў доктар.
З высновамі Палупана згодныя і іншыя апытаныя «The Insider» дактары розных спецыяльнасцяў. Таксама на карысць атручвання сведчыць і тое, што ўлады доўга не аддавалі цела і не дапусцілі правядзення альтэрнатыўнай экспертызы біяматэрыялаў.
Пра смерць Аляксея Навальнага стала вядома 16 лютага 2024 года. Ён памёр, правёўшы ў зняволенні 295 дзён, 27-ы раз пабываўшы ў ШІЗА. Толькі праз 10 дзён, пасля доўгіх адмоваў і затрымак, цела Навальнага аддалі ягонай маці. У 2020 годзе палітык трапіў у рэанімацыю. Сам Навальны і ягоныя паплечнікі казалі, што яго спрабавалі атруціць прадстаўнікі расейскіх уладаў.
Афіцыйнае правяранне па факце смерці апазіцыйнага палітыка не знайшла ніякіх парушэнняў, а прычынаю смерці назвалі комплекс праблемаў са здароўем. Пра адмову распачынаць крымінальную справу гаворыцца ў пастанове за 26 ліпеня.
Якуб Хруст belsat.eu