Інцыдэнт адбыўся каля апоўначы і на выкананне рэйсаў, як сцвярджаецца, не паўплываў.
Паветраны аб'ект выклікаў сапраўдны перапалох: па трывозе паднялі службы аэрапорту Вільні, паліцыю і сілавікоў антытэрарыстычнага падраздзялення. Як пішуць літоўскія медыі са спасылкаю на агенцыю «Elta», скрыню, што даставіў метэазонд, спраўдзілі на наяўнасць выбухоўкі. Анічога небяспечнага там не знайшлі, толькі кантрабандныя цыгарэты «Менск» – 1250 пачак.
Тэлерадыёкампанія LRT удакладняе, што чорная скрыня ўпала на тэрыторыі аэрапорту, калі паветраны шар выбухнуў.
Прадстаўнік аэрапорту запэўнівае, што на выкананне авіярэйсаў нечаканае прызямленне кантрабанды не паўплывала.
«Пасля таго як на мяжы з Беларуссю паўстаў фізічны бар'ер, а ўся мяжа была ахоплена сістэмамі назірання, кантрабандыстам стала вельмі складана правозіць цыгарэты, і яны выбіраюць дыстанцыйныя метады: беспілотнікі, што выкарыстоўваюцца для перавозаў невялікіх грузаў, таксама прымаюцца спробы правозу цыгарэтаў на метэаралагічных шарах», – кажуць у паліцыі.
Дэпутат Сейму Дайнюс Гайжаускас у сваім Facebook заявіў, што на гэтым тыдні на тэрыторыю Літвы прыляцела 150 метэаралагічных шароў: «Гэта скандал. Аказваецца, з Беларусі ў Літву ўжо год лятаюць сотні паветраных шароў, што перавозяць грузы».
У чэрвені паветраны шар з кантрабанднымі цыгарэтамі прызямліўся на тэрыторыі памежнага пераходу «Шальчынінкай» (з беларускага боку – «Беняконі»). Грузам былі больш за тысячу пачак цыгарэтаў.
Сцяпан Кубік belsat.eu