Меркаваннi

Вось вам і план, спадару Рыжанкоў

Мітынг беларусаў ук Вільні
Мітынг салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі на Катэдральнай плошчы Вільні з нагоды Дня палітвязня. Вільня, Літва. 21 траўня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Лукашэнкаўскі міністр замежных справаў Максім Рыжанкоў звярнуўся да літоўскага народу з палымянаю прамоваю пра сяброўства і выгадную супрацу.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: mova.livejournal.com

«Прапановаў наконт аднаўлення стасункаў не атрымлівалі» – МЗС Літвы выкрыла хлусню Рыжанкова

навіны

Калі чуеш такое, адразу ўяўляецца, як нейкае аўтарытэтнае літоўскае выданне надрукавала адпаведны артыкул, размясціўшы яго на развароце. І як літоўцы, закінуўшы нагу на нагу, папіваючы раніцаю капучына на ўтульных тэрасах віленскіх і ковенскіх кавярняў, прасякаюцца беларускім сяброўствам.

Так гэта, пэўна, уяўляў сабе сам Максім Рыжанкоў, калі выліваў на паперу свае думкі, але праўда аказалася куды прасцейшая.

Артыкул выйшаў на старонках лукашэнкаўскага прапагандысцкага выдання «Советская Белоруссия», прабачце, «Беларусь Сегодня». Ну і як вынік – чыталі рыжанкоўскія развагі не літоўцы, а ў асноўным такія ж, як і ён, вертыкальшчыкі ды ідэолагі рознага калібру.

А шкада. Я б вельмі хацеў, каб літоўцы пабачылі гэты артыкул. Па-першае, каб лепш разумець рэжым у суседняй краіне ды поўную дэградацыю маралі і сумлення ў служак Аляксандра Лукашэнкі. Ну а па-другое, каб пасмяяцца. Артыкул Рыжанкова – тая яшчэ камедыя. І вось чаму.

Гэтак званы міністр прыводзіць шмат лічбаў у эканоміцы, называе нейкія адсоткі, намагаецца апавесці літоўцам, як добра было рабіць бізнес з Лукашэнкам. Страты Літвы ад разрыву сувязяў з Беларуссю Рыжанкоў ацаніў на адзін мільярд долараў, і без гэтага гандлю. Паводле яго, літоўская эканоміка ўжо сыплецца, а будзе яшчэ горш.

,,

Відавочна, спадар Максім жыве ў свеце прапагандысцкіх фантазіяў. Чэрпае інфармацыю з артыкулаў такіх жа, як ён сам, пісакаў у «Советской Белоруссии» і таму не ведае, што маленькая Літва ў эканамічных паказніках даўно на галаву вышэйшая за «беларускі эканамічны рай», створаны Лукашэнкам і тысячамі ягоных прыкарытных карупцыянераў.


Калі б Рыжанкоў не ружовых поні лічыў, а адкрыў інтэрнэт-старонку Міжнароднага валютнага фонду ці Сусветнага банку, то ведаў бы, што валавы ўнутраны прадукт Беларусі складае $ 72 мільярды ($ 71 860 000 000), а ў Літве – $ 78 мільярдаў ($ 77 840 000 000). Але, як кажуць, ёсць нюансы: насельніцтва Беларусі складае 9 мільёнаў чалавек (9 178 000), а Літвы – няпоўныя тры (2 871 000).

Нескладаная матэматыка дае нам $ 7800 валавога прадукту на аднаго беларуса і $ 27 000 на аднаго літоўца. Розніца ў 3,5 разу.

Калі правесці паралелі, то гэта выглядае так, як бы Рыжанкову пра тое, як трэба эканоміку аздараўляць, расказваў чыноўнік з Папуа – Новай Гвінеі ($ 2994), Конга ($ 2509) або Зімбабвэ ($ 1592).

Здагадваецеся, што б адказаў Максім Рыжанкоў на такія лекцыі? Але сам ён думае, што можа павучаць літоўцаў, як эканоміку трэба будаваць. Смешна, праўда? Я думаю, літоўцы, калі б маглі, пачыталі б і пасмяяліся. У Літве добра ведаюць, што гэта не іхныя суайчыннікі ў Беларусь з'язджаюць працаваць. Гэта якраз такі грамадзяне Беларусі за апошнія 5 гадоў атрымалі каля мільёна першасных відаў на жыхарства ў Еўразвязе. Настолькі ў Беларусі ўсё добра.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларусы і палякі выйшлі на акцыю з патрабаваннем вызваліць Анджэя Пачобута ў Беластоку, Польшча. 26 траўня 2023 года. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларусы і палякі выйшлі на акцыю з патрабаваннем вызваліць Анджэя Пачобута ў Беластоку, Польшча. 26 траўня 2023 года. Фота: Белсат

Ну а пра абсалютную дэградацыю маралі прадстаўнікоў менскага рэжыму літоўцы даведаліся б, дачытаўшы артыкул да канца.

Бо ўсё, што ім прапануе ў сваім тэксце Рыжанкоў, – плаціць грошы. Купляйце ў нас электрычнасць, купляйце паліва, купляйце харчы і давайце адкрываць мяжу, а яшчэ абмены давайце рабіць – будзем ізноў да вас з канцэртамі ездзіць.

,,

Такія вось рыжанковы, светапогляд якіх абмежаваны палкаю каўбасы. Яны не ў стане паглядзець на свет шырэй і зразумець, што недзе там у людзей акрамя каўбасы ёсць яшчэ маральныя каштоўнасці.


Пра іх і нагадалі спадару Максіму ў літоўскім Міністэрстве замежных справаў:

«Рэжым Лукашэнкі выдатна разумее, пры якіх умовах можна чакаць аднаўлення стасункаў паміж Літвой і Беларуссю, што абрынуліся з віны рэжыму: вызваліць усіх палітвязняў, выплаціць ім кампенсацыі і ўсім беларусам, якія пацярпелі ад гвалту рэжыму. Прыцягнуць да адказнасці вінаватых у гвалце і зверствах – не толькі беспасярэдніх выканаўцаў, але і тых, хто аддаваў загады. А таксама правесці свабодныя і справядлівыя выбары, забяспечыць адказнасць рэжыму і аднавіць справядлівасць у дачыненні народу Беларусі, які пацярпеў ад гвалту. Выплаціць кампенсацыю ўкраінскаму народу, які пацярпеў ад ваеннай агрэсіі і злачынстваў супраць чалавецтва, у тым ліку за дапамогу ў выкраданні ўкраінскіх дзяцей. Кампенсаваць страты, зазнаныя Літвой у абароне ад зазнанай гібрыднай агрэсіі».

Вось вам і план, спадару Рыжанкоў, дарожная мапа. Рабіце, выконвайце па пунктах – і будзе і экспарт калію, і гандаль палівам, і адкрытыя межы. А калі вы не ў стане вярнуць законнасць у Беларусі, то ідзіце махаць сваёй каўбасой у іншыя месцы.

Ігар Кулей belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10