навіны

«Некаторыя гледачы былі „забітыя”». Белсатаўскі серыял «Працэсы» перамог на фестывалі ў Чэхіі

img
Абвяшчэнне пераможцы – серыялу «Працэсы» – у намінацыі «Quick» на фестывалі «Serial Killer». Брно, Чэхія. 28 верасня 2024 года. Фота: Фота: Dan Vondra
podpis źródła zdjęcia

Рэжысёр стужкі Андрэй Кашперскі прызнаецца, што кайфуе ад узнагароды.

«Працэсы» перамаглі ў намінацыі «Quick» на фестывалі «Serial Killer» у чэшскім Брно. У гэтай катэгорыі рэпрэзентаваныя кароткія серыялы, што дэманструюць «разнастайнасць еўрапейскай прадукцыі».


«Я кайфую, што чэшскім гледачам і міжнароднаму журы спадабаўся наш серыял „Працэсы”, асабліва ў кантэксце такога моцнага конкурсу з іншымі добрымі серыяламі», – прызнаўся ў каментары «Белсату» рэжысёр Андрэй Кашперскі.


Ён раскрыў рэакцыю гледачоў на два эпізоды: «Ператрымку» і «Патрыятычнае практыкаванне».


«Усю першую серыю „Ператрымка” гледачы смяяліся і моцна залучаліся ў тое, што адбывалася на экране. А фінал другой серыі „Патрыятычнае практыкаванне” сапраўды „забіў” некаторых гледачоў, якія не чакалі такой жорсткай падачы ад таго, з чаго толькі 10 хвілінаў таму так моцна смяяліся», – кажа Кашперскі.

Аўтары серыялу «Працэсы» Андрэй Кашперскі і Міхась Зуй на фестывалі «Serial Killer». Брно, Чэхія. 28 верасня 2024 года. Фота: AndreyKASHPERSKY / Facebook
Аўтары серыялу «Працэсы» Андрэй Кашперскі і Міхась Зуй на фестывалі «Serial Killer». Брно, Чэхія. 28 верасня 2024 года. Фота: AndreyKASHPERSKY / Facebook
Рэжысёра ўзрадавала, як сур'ёзна і прафесійна ставяцца ў Чэхіі да вытворчасці ўласных серыялаў, там робяць серыялы на вельмі высокім якасным узроўні:
,,

«Вельмі спадзяюся, што мы, беларусы, не будзем адставаць і з кожным годам станем рабіць усё больш добрыя фільмы і серыялы. Дарэчы, у нас з'явілася яшчэ адна прычына зрабіць другі сезон „Працэсаў”: чэшскія гледачы вельмі чакаюць працягу».


«Гэта вялікая радасць для нас, гэтая навіна нас цешыць, дадае нам імпэту», – так узнагароду пракаментаваў «Белсату» рэдактар серыялу Віктар Шукеловіч. Ён падкрэсліў важнасць перамогі «Працэсаў» у беларускай справе:


«Нам вельмі-вельмі прыемна, што нашая прадукцыя атрымала ўзнагароду, што яе заўважыла журы ў Чэхіі. Праз гэта і „Белсат” можа больш пра сябе расказаць. Каманда нашых творцаў, якія былі заангажаваныя, працавалі, таксама могуць больш распавесці пра Беларусь, пра нашую сітуацыю. Таксама цешыць, што тэма Беларусі не сыходзіць з парадку дня, і пра Беларусь гавораць у Еўропе, намагаюцца зразумець нас і нашую сітуацыю».


Адзін з аўтараў «Працэсаў» Міхась Зуй назваў узнагароду нечаканаю:


«Навіна пра перамогу прыйшла да нас на адваротным паўшляху да Варшавы, і мы ледзьве не вярнуліся назад у Брно. Гэта было вельмі прыемна і трохі нечакана, бо сярод намінантаў былі вельмі моцныя працы».

Прэм'ера белсатаўскага серыялу «Працэсы» адбылася ў лістападзе летась. Гэта чорная абсурдысцкая трагікамедыя. Назва адсылае да працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі апошнімі гадамі, судовых, палітычных, грамадскіх, якія паказваюць брутальнасць і ў той жа час сюррэалістычнасць падзеяў у краіне пад кіраўніцтвам Лукашэнкі.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10