«Альянс мусіць зрабіць медыі больш надзейнаю крыніцаю інфармацыі», – заявіў міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў падчас міністэрскай сустрэчы групы сяброў Альянсу цывілізацыяў у межах Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку, што адбылася 27 верасня.
Як адзначыў Рыжанкоў, сродкі масавай інфармацыі «адыгрываюць важную ролю ў асвеце людзей і садзейнічанні ўстойліваму прагрэсу, але могуць быць і разбуральнаю зброяю, калі скажаюць інфармацыю і распаўсюджваюць фальшывыя навіны».
«На жаль, у нашыя дні медыі ў шмат якіх выпадках распальваюць нянавісць і канфлікты. Мы мяркуем, што Альянс мусіць пільна прааналізаваць у межах свайго парадку дня, як змагацца з фальшывымі навінамі і зрабіць медыі больш праўдзівымі як крыніцу інфармацыі», — цытуе міністра прэс-служба МЗС Беларусі.
Ужо пасля гэтых словаў Рыжанкоў заявіў, што ўлады Беларусі спрыяюць адзінству грамадства без якой-небудзь дыскрымінацыі.
«Мы гатовыя падзяліцца сваім досведам забеспячэння талерантнасці ў грамадстве і запрашаем наведаць нашую краіну, каб асабіста пераканацца ў нашых дасягненнях», – заявіў Рыжанкоў.
Трэба адзначыць, што пры гэтым гаворка ішла не толькі пра медыі, але таксама пра нацыянальнае, рэлігійнае, моўнае раўнапраўе і міграцыйныя працэсы, у тым ліку ў Беларусі.
Нагадаем, пасля апошняй прэзідэнцкай кампаніі ўлады Беларусі няспынна пераследуюць журналістаў і атакуюць беларускія незалежныя медыі, пераводзячы іх у катэгорыю «экстрэмісцкіх», дзеля таго, каб адрэзаць грамадства ад доступу да крыніцаў інфармацыі, што хоць неяк выходзяць за межы дзяржаўнай манаполіі. За апошнія некалькі гадоў многія незалежныя парталы зніклі з беларускай інфармацыйнай прасторы – былі заблакаваныя або закрытыя.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, 33 прадстаўнікі беларускіх цяпер за кратамі, пераважная большасць нязгодных з рэжымам журналістаў была вымушаная пакінуць краіну і цяпер працуе ў выгнанні.
Надзея Вольная belsat.eu