Як вынікае з інфармацыі электроннай гандлёвай пляцоўкі «ІПМ-Таргі», «Bombardier» 1999 года выпуску прадаецца за 2,92 млн рублёў. Прытым пазначана, што яго эксплуатацыя і тэхнічнае абслугоўванне магчымыя толькі пасля выканання патрабаванага комплексу работ.
Сыходзячы з інфармацыі, размешчанай на сайце «ІПМ-Таргі», прыём заявак ад патэнцыйных пакупнікоў працягнецца да 24 кастрычніка. Самі таргі прызначаныя на 25 кастрычніка. Першапачатковы кошт самалёта – каля 900 тыс. долараў. Цікава, што ў адпаведнай інфармацыі пазначана, што яго «далейшая эксплуатацыя і тэхнічнае абслугоўванне магчымыя толькі пасля выканання патрабаванага комплексу работ, звязаных з тэхнічным абслугоўваннем, у адпаведнасці з зацверджанаю праграмаю і выкананнем працэдуры падаўжэння тэрміну дзеяння сертыфікату лётнай прыдатнасці».
Вядома, што на сваіх рэйсах «Белавія» выкарыстоўвала «Bombardier» з 2007 да 2018 года. Раней, як адзначае тэлеграм-канал «АдВінта | Авіяцыя Беларусі», гэты самалёт належаў авіякампаніям Францыі, Нямеччыны, Канады і ЗША. І на дадзены момант гэта апошняе судна канадскага вытворцы ў парку «Белавія».
Нагадаем, што 2 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у дачыненні «Белавія» ЗША ўвялі абмежаванні, звязаныя з экспартам прадукцыі авіяцыйнай сферы і ліцэнзаваннем пэўных самалётаў і запчастак.
З 7 снежня 2023 года яны былі падоўжаныя яшчэ на 180 дзён. 9 жніўня 2023 года «Белавія» дадалі ў санкцыйныя спісы ЗША. 3 лістапада 2023 года падчас прэс-канферэнцыі ў Менску гендырэктар «Белавія» Ігар Чаргінец прызнаў, што планы мадэрнізацыі флоту самалётаў беларускай авіякампаніі былі парушаныя праз увядзенне заходніх санкцыяў.
29 траўня 2024 года Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі пакінуў у сіле санкцыі Еўразвязу, уведзеныя супраць «Белавія», адхіліўшы адпаведны пазоў беларускай авіякампаніі.
Надзея Вольная belsat.eu