«Белсат» піша штодзённую хроніку рэпрэсій, якія не сціхаюць у Беларусі.
Сёння стала вядома пра затрыманне мужчыны, якога абвінавачваюць у напісанні каментароў пра сілавікоў і Лукашэнку. З мужчынам знялі «пакаяльнае відэа», на якім ён кажа, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія каналы» і пісаў у чатах каментары з заклікамі забіваць супрацоўнікаў міліцыі, Лукашэнку і ягоную сям'ю.
27 верасня пачаўся суд над Сяргеем Белым, нарадзінцам украінскага Херсона, які амаль усё жыццё пражыў у Беларусі. Мужчыну затрымалі ў лютым 2023 года нібыта за каментары ў тэлеграме і за тое, што ён прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога». Першы прысуд яму вынеслі паводле ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») у кастрычніку 2023 года. Зараз яго судзяць паводле чатырох артыкулаў за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «абразу Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК).
31-гадовага менчука Дзмітрыя Жлобу збіраюцца судзіць завочна паводле ч. 1 арт. 361-2 КК («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»). Мужчыну запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і з’явіцца ў Следчы камітэт.
Сілавікі правялі хапун у Гомельскай вобласці. Паведамляецца пра затрыманні ў Брагіне, Ельску, Лоеве, Хойніках і Нароўлі. Затрымана найменей 10 чалавек. На пакаяльных відэа затрыманыя гавораць пра тое, што былі падпісаныя на «экстрэмісцкія каналы», удзельнічалі ў паслявыбарчых мітынгах, маюць «забароненыя» татуіроўкі. У трох чалавек твары на відэа былі схаваныя.
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 7 чалавек. Гэта Сяргей Ботвіч, Дзмітрый Шлетгаўэр, Сяргей Бойка, Аксана Малочка, Дзмітрый Малочка, Аляксей Клюшнічэнка, Сяргей Белы. Такім чынам, на сённяшні дзень афіцыйна прызнаных палітвязняў у краіне 1330.
25 верасня адбыўся новы суд над Уладзімірам Аўрамцавым. Ягоную справу «аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага віду і зменаў умоваў утрымання» разглядалі ў судзе Івацэвіцкага раёна. Уладзімір – «рэйкавы партызан», якога абвінавачваюць у знішэнні двух рэлейных шафаў сігнальнай ўстаноўкі пад Асіповічамі. Яго абвінавацілі паводле арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»), арт. 309 КК («Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін»), арт. 289 КК («Акт тэрарызму»), арт. 290-4 КК («Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй») і асудзілі да 22 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
26 верасня ў Рэчыцы прайшоў суд над Галінай Кахновіч, якую абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Верагодна, гаворка вядзецца пра намесніцу гендырэктара ў вытворчасці ААТ «Рэчыцадрэў».
Мужчыну, які пакінуў каментар пад навіной пра магілёўца, што адбіваўся з нажом ад сілавікоў з ГУБАЗіК, сёння затрымлівалі 10 узброеных сілавікоў. У праўладным тэлеграм-канале з’явілася пакаяльнае відэа з мужчынам, у якім ён кажа, што знаходзіўся ў «экстрэмісцкім» чаце, дзе пакідаў негатыўныя каментары, там жа ён і пакінуў каментар пра магілёўца з нажом.
Стала вядома, што палітзняволеную праваабаронцу Насту Лойку этапуюць з гомельскай калоніі ў СІЗА ў Менск для ўдзелу ў судзе над актывісткамі, якіх вінавацяць паводле палітычных артыкулаў.
Сёння МУС абнавіў «спіс экстрэмістаў»: у ім дадаліся яшчэ 24 прозвішчы. Сярод іншых у ім прыкмецілі імёны Андрэя Павука, Вольгі Павук, Маргарыты Ляўчук, Аляксандра Чахоўскага, Ільі Салянкова і Алены Тоцкай. Агулам у гэтым спісе зараз 4477 прозвішчаў.
Раман Шавель belsat.eu