27 верасня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся з кандыдатам у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Доналдам Трампам. Зяленскі назваў гэтую сустрэчу «вельмі змястоўнай» і выказаў меркаванне, што да лістапада Украіна можа «спыніць Пуціна».
Падчас сустрэчы Зяленскі падзякаваў за размову, адзначыўшы, што з часу яго папярэдняй сустрэчы з Доналдам Трампам мінула 5 гадоў і што зараз Украіна сутыкаецца з вялікімі выклікамі.
«Я лічу, што ў нас ёсць агульнае бачанне таго, што вайна ва Украіне павінна спыніцца і што Пуцін не можа перамагчы. Украіна павінна перамагчы, і я хачу абмеркаваць гэта з вамі дэталёва, наш план», – сказаў Зяленскі падчас сустрэчы.
Зяленскі падкрэсліў важнасць абмеркавання плана па ўзмацненні падтрымкі Украіны і адзначыў, што Украіна разлічвае на дапамогу ЗША. Менавіта таму, падкрэсліў Зяленскі, ён вырашыў сустрэцца з абодвума кандыдатамі.
Дональд Трамп у адказ заявіў, што, калі яго абяруць, ён можа хутка спыніць вайну ва Украіне, і адзначыў, што будзе працаваць над гэтым да свайго ўступлення на пасаду ў студзені. Трамп таксама адзначыў, што ў яго добрыя адносіны з Пуціным і што ён верыць у магчымасць хуткага вырашэння канфлікту.
,,«У нас вельмі добрыя адносіны, і ў мяне таксама вельмі добрыя адносіны, як вы ведаеце, з Пуціным. І я думаю, што калі мы пераможам, я думаю, што мы вырашым гэта вельмі хутка», — сказаў Трамп.
На гэта Зяленскі з гумарам адказаў, што спадзяецца, што з ім у Трампа стасункі ўсё ж лепшыя, чым з Пуціным.
Пасля сустрэчы Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што «вельмі важна, каб мір быў справядлівым». Трамп сказаў, што павінна быць «хуткая і справядлівая ўгода для ўсіх».
«Я шмат чаму навучыўся, але думаю, што не змяніў думкі, таму што мы абодва хочам, каб вайна скончылася, мы хочам справядлівай угоды, і яна будзе справядлівай. Я думаю, што гэта адбудзецца ў патрэбны час», – сказаў у сваю чаргу Доналд Трамп пасля сустрэчы.
Таксама Уладзімі Зяленскі падкрэсліў неабходнасць націску на Пуціна. Ён адзначыў, што гэтая вайна не павінна была пачынацца і што Пуцін забіў шмат людзей. Зяленскі падкрэсліў, што трэба рабіць усё магчымае, каб націскаць на Пуціна, каб ён спыніў вайну, бо ён знаходзіцца на ўкраінскай тэрыторыі.
Трамп пагадзіўся з Зяленскім, сказаўшы, што вайна – гэта ганьба і што яе трэба вырашаць, хоць гэта і «складаны пазл».
«Занадта шмат людзей, занадта шмат прыгожых гарадоў было разбурана. Я бачыў гэтыя гарады, і я не ведаю, як іх можна аднавіць такімі, якімі яны былі», – дадаў Трамп.
У завяршэнне размовы Зяленскі запрасіў Трампа наведаць Украіну, і той пагадзіўся.
Пасля сустрэчы Уладзімір Зяленскі напісаў у сваім тэлеграм-акаўнце, што гэта была «вельмі змястоўная» сустрэча.
,,«Вельмі змястоўная сустрэча з Доналдам Трампам. Прадставіў яму план Перамогі. Дэталёва абмяркоўвалася сітуацыя ва Украіне і наступствы вайны для нашага народа. Абмяркоўвалася шмат дэталяў. Дзякуй за гэтую сустрэчу! Патрэбен справядлівы мір. У нас агульнае меркаванне, што вайну ва Украіне трэба спыніць. Пуцін не можа перамагчы. Украінцы павінны перамагчы», – адзначыў прэзідэнт Украіны.
Уладзімір Зяленскі таксама выказаў надзею на тое, што да лістапада ўдасца «спыніць Пуціна».
«Мы павінны гэта зрабіць, мы паспрабуем – на полі бою з нашымі гераічнымі воінамі, але мы разумеем, што пасля лістапада нам трэба будзе вырашаць, і мы спадзяемся, што моц ЗША будзе моцнай. Мы на гэта разлічваем», – сказаў прэзідэнт Украіны.
Нагадаем, што Доналд Трамп шмат разоў называў дапамогу Злучаных Штатаў Украіне марнаваннем грошай і заяўляў пра тое, што здольны вельмі хутка спыніць вайну.
Перад сустрэчай з Доналдам Трампам Уладзімір Зяленскі сустрэўся з кандыдаткай у прэзідэнты ЗША Камалай Гэрыс, якая падкрэсліла, што Злучаныя Штаты згодныя з меркаваннем прэзідэнта Украіны з нагоды заканчэння вайны і будуць падтрымліваць народ Украіны на падставе прынцыпаў Статута ААН. Пры гэтым яна адзначыла, што не ўсе ў ЗША раздзяляюць такую пазіцыю і прапануюць Украіне адмовіцца ад значнай часткі сваёй тэрыторыі, Гэрыс назвала такія прапановы капітуляцыяй.
Раман Шавель belsat.eu