27 верасня палітзняволеную праваабаронцу Насту Лойку этапавалі з жаночай калоніі № 4 у Гомлі ў СІЗА ў Менску.
Пра гэта паведамляе радыё «Свабода» са спасылкай на сваю крыніцу.
Згодна з інфармацыяй, атрыманай журналістамі выдання, палітзняволеную этапуюць для ўдзелу ў судзе над актывісткамі, якіх абвінавачваюць паводле палітычных артыкулаў.
Як адзначаюць былыя палітвязні, піша выданне, працэс этапавання з гомельскай калоніі ў Менск можа заняць больш за тыдзень. Адбываецца гэта ў жорсткіх умовах.
Акрамя таго, крыніца выдання паведаміла колькі звестак пра саму Насту.
,,«У калоніі яна працуе, часам лістуецца са сваякамі. Паводле апошніх звестак, пачуваецца нармальна. Нядаўна мелі інфармацыю, што шмат перажывала за лёс сабакі Эрыка, але цяпер даведалася, што яе любімы сабака жывы, пад наглядам добрых людзей, за яго можна не перажываць, такім чынам Наста крыху супакоілася», – расказала крыніца выдання пра палітзняволеную.
Нагадаем, Насту Лойку затрымалі ў кастрычніку 2022 года і ў чэрвені 2023-га асудзілі на 7 гадоў калоніі на падставе абвінавачання ў распальванні варожасці. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Справа звязаная з дакладам пра пераслед анархістаў, антыфашыстаў і левых актывістаў у Беларусі ў 2017–2018 гадах, у якім крытычна ацэньваліся дзеянні міліцыі. Наста магла з’ехаць ад пераследу, але да апошняга заставалася ў Беларусі. Яе затрымалі спачатку паводле адміністратыўнага артыкулу, а пазней абвінавацілі ў распальванні варожасці. Паведамляецца, што ў Лойкі з'явіліся праблемы са здароўем у зняволенні.
Раман Шавель belsat.eu