У мастачкі Надзеі Саяпінай – выстава за выставай. Толькі ў Кёльне падышла да завяршэння «Гравітацыя дому», як у межах «Warsaw Gallery Weekend 2024» з удзелам Надзеі адкрылася 4-дзённая экспазіцыя «Are You that Body?». А яшчэ нядаўна ў Варшаве можна было пабачыць персанальную выставу Надзеі «Pokuć». Ці можна жыць за кошт ганарараў за выставы і што значыць быць беларусам – у нашай размове з міждысцыплінарнаю мастачкаю.
– Апошнія гады групавыя выставы, у якіх ты бярэш удзел, і твае персанальныя выставы праходзяць у асноўным у Нямеччыне і Польшчы. Чым тлумачыцца такая геаграфія?
– Я б нават сказала, што гэта больш Нямеччына, у Польшчы працэс толькі пачынаецца. Пасля года ва Украіне я паводле праграмы абмену паўгода была запрошанаю выкладчыцаю ва ўніверсітэце ў Гамбурзе. Мяне паралельна запрашалі ў розныя праекты, і праз гэта з’явіліся знаёмствы. Потым я пераехала ў Варшаву, але ў Нямеччыне мяне па-ранейшаму больш ведаюць. Там ёсць беларускія куратары і куратаркі, мастакі і мастачкі, якія пераехалі туды даўно. Яны таксама ў гэтым дапамагаюць. На некаторыя выставы мяне запрашалі польскія куратары. У Нямеччыне, да таго ж, больш падтрымання культуры, магчымасцяў і банальна – фінансаў, а ў Польшчы цяпер шмат мастакоў і мастачак з Беларусі і Украіны з мігранцкім досведам, і ўмоўная колькасць людзей на адну імпрэзу значна большая.
– Ты адчуваеш, што тваё выказванне атрымлівае ў Нямеччыне іншае прачытанне?
– У першай частцы праекту «Ліст да маці» я зрабіла інсталяцыю, перформанс, які называецца «Зашмат папераў». Ён пра эмігранцкую бюракратыю, пра тое, як адна паперка вызначае, у якой краіне ты будзеш жыць, як ты едзеш туды, дзе паперка дазволіць табе застацца. Гэты наш досвед у Нямеччыне часам зусім незразумелы, там інсталяцыю звязваюць з асабістаю праблемаю бюракратыі. На выставе ў Нюрнбергу я запыталася ў нямецкіх маладых наведнікаў, як яны глядзяць на маю працу з лістамі, «сцяну» з мноствам лістоў, якія пісалі жыхары Кіева ад імя мігрантаў і мігрантак. Мне спадабаўся адказ, што хаця ім і хочацца прачытаць лісты, з другога боку не разумеючы іх, яны могуць адчуць мігранцкі досвед, калі ты не разумееш ні мовы, ні прасторы, ні людзей, ні мясцовых асаблівасцяў.

– Праект «Ліст да маці» быў на выставе ў галерэі «CO³» у Кёльне. Тэма дому цяпер – адзін з самых папулярных матываў у беларускай прасторы ў эміграцыі. Раскажы пра сваё прачытанне тэмы.
– Гэта першая выстава цэлага праекту – не групавая выстава і не выстава нейкай часткі, хаця мне і давялося ад чагосьці адмовіцца, бо прастора невялікая, і ў ёй трэба было выставіць працы так, каб яны гучалі разам. Я працую з гэтаю тэмаю з эмацыйнага боку, у кожнага цыклу праекту свой кірунак. Пачаўся ён з інтэрв’ю з беларусамі, якія з’ехалі ва Украіну пасля 2020 года, а ўжо пасля 2021–2022-га я, напрыклад, праз фотаздымкі валізак, паказваю маштаб эміграцыі, што гэта людзі з розным досведам, што хтосьці з іх эміграваў двойчы. Былі цыклы, звязаныя з адаптацыяй да новага месца, ці можна там знайсці нешта сваё. У маёй працы, хаця звычайна я ведаю, што хачу паказаць, шмат што раскрываецца ў працэсе. Мне цікава назіраць, як праз мой запыт, напрыклад, даслаць фота месца, якое нагадвае дом, людзі пачынаюць рэфлексаваць, думаць, шукаць, і такім чынам мой праект не толькі стварае мастацтва для гледача, але і дазваляе адчуць нешта маім рэспандэнтам.
– Праект «Ліст да маці» ўбірае ў сябе сведчанні больш за двухсот рэспандэнтаў. Што гэта за людзі, як ты іх знаходзіла і наколькі ахвотна яны ішлі на такога кшталту рэфлексіі?
– Спачатку я адбірала людзей праз знаёмствы, у чатах, прасіла кагосьці мне падказаць, а з пачатку поўнамаштабнай вайны рабіла оўпэн-колы ў сацыяльных сетках. Я ніколі не спрабавала ціснуць на людзей, мне зусім не хацелася кагосьці тузаць. Да таго ж мне здаецца, гэта ўсё-ткі не пра колькасць, ідэя не ў тым, каб быць архіватаркаю, хаця з артыстычнага ці куратарскага боку мне, безумоўна, хацелася б, каб замест двухсот у праекце была тысяча чалавек.

– А што агульнага ці, наадварот, адрознага ты заўважыла паміж сваім досведам і досведам тых, з кім працавала для свайго праекту?
– Збольшага ўсё падобнае, бо я абіраю тэмы праз свой досвед, праз тое, што мне баліць, што мне здаецца ў гэтым досведзе цікавым. Пра гэта ж і запытваюся. Амаль ува ўсіх з нас ёсць досвед раптоўнага пераезду, калі ты не маеш часу на зборы, альбо матыў улюбёнага ў новай краіне месца, проста таму, што яно нагадвае дом. Для мяне жахлівая была першая частка майго праекту, дзе ўкраінцы і ўкраінкі пісалі лісты пра досвед беларусаў і беларусак і літаральна праз год сутыкнуліся з такім досведам самі. Сярод іх былі тыя, хто зазнаў яго паўторна, бо раней мусіў выехаць з Данецку, Луганску ці Крыму. Цікава, што чалавек, які згадвае дом нават праз сем гадоў пасля пераезду, усё роўна памятае нейкія дробязі, скажам, узор на сценах. Невыпадкова назва «Ліст да маці» адсылае да дзяцінства: у гэтым досведзе шмат адчування сябе разгубленым дзіцём, ва ўспамінах часта ўсплывае нешта звязанае з дзяцінствам – з бабуляю, з маці, з чымсьці прыемным, з быццам бы бесклапотным перыядам жыцця.
– А дзе твой дом цяпер?
– Дасюль не магу сказаць, у Польшчы я не адчуваю сябе як удома. Проста калі доўга жывеш на адным месцы, з’яўляецца намінальнае адчуванне, што гэта дом, што табе там хораша, што ты можаш там адпачыць, што ты маеш свой закуточак, дзе табе камфортна. Я магу сказаць, што вяртаюся дадому, у гэтым адчуванні ёсць утульнасць і бяспека, але эмацыйна я не назаву гэта домам, бо для гэтага, мне здаецца, трэба быць на адным месцы вельмі доўгі час, прычым менавіта ў месцы, дзе табе хочацца быць, а не там, дзе ты апынуўся таму, што так атрымалася.
,,Як месца, дзе я б хацела жыць, Варшаву я таксама, напэўна, не назаву.
– На рыхтаванне выставы, на ўсе яе аб’екты патрабуюцца сродкі. Колькі каштуе зарганізаваць персанальную выставу і адкуль на гэта бяруцца сродкі?
– Калі цябе запрашаюць, ты маеш сродкі на выставу – на друк, на патрэбныя прылады, часта ў галерэях штосьці ўжо ёсць, кшталту праектара ці планшэтаў. Звычайна прадугледжаны ганарар за ўдзел у выставе, як групавой так і сола, праўда, жыць на гэта ў маім выпадку немагчыма, нават улічваючы, што выставаў даволі шмат, бо гэта ганарары ад нічога да тысячы еўраў. Цяжэй, калі ты сам усё арганізуеш. Калі я шукала прастору для выставы «Pokuć» у Варшаве, знайсці яе ўдалося толькі на ўмовах арэнды. Пры ўсёй зацікаўленасці прыватная галерэя таксама мусіць аплочваць рахункі, наколькі разумею, у іх распісаны план выставаў, на якія шукаецца фінансаванне, а на ўсё, што па-за гэтым, бюджэту няма. Адкуль браць на арганізацыю выставы грошы? Хтосьці прадае працы, а мне больш пасуе ўдзел у стыпендыях і рэзідэнцыях, бо я перадусім ствараю змяшаныя медыі, інсталяцыі ці відэа, што не надаецца да продажу. Выставу «Pokuć» я дазволіла сабе дзякуючы стыпендыі, яны для таго і існуюць, каб падтрымаць тых, хто займаецца мастацтвам, якое нельга зрэалізаваць, прадаць.

– Ці ёсць спецыфіка ў рыхтаванні выставаў, уласцівая пэўным краінам?
– Я сутыкнулася з рознымі куратарамі і куратаркамі, і досвед можа быць вельмі розны. Мы разумеем краіну нейкім чынам. У выпадку Нямеччыны думаем пра якасць, пунктуальнасць, бюракратыю і гэтак далей. Але ў рэальнасці, і гэта не толькі мой досвед, часта ўсё зусім не так. У адной інстытуцыі ўсё будзе дакладна зарганізавана, з вялікаю павагаю да цябе і твайго мастацтва, з большаю нават, чымся твая асабістая. Будзе шмат ліставання, удакладненняў, працы будуць рыхтавацца за паўгода. Але часам у мяне быў шок, што ўсё плануецца загадзя, ліставанне вядзецца амаль год, а за некалькі дзён да адкрыцця штосьці – вельмі банальныя тэхнічныя рэчы – не працуе альбо штосьці зламалася. Для мяне як мастачкі гэта балюча, я нервуюся, калі бачу, што ўсё не так, як я задумвала. Часта ў буйных арганізацыях з сур’ёзным бюджэтам людзі не будуць перапрацоўваць сваіх гадзінаў, нават калі нешта не паспяваецца. З майго досведу, беларусы вельмі адказныя, будуць рабіць, пакуль не зробяць: хоць уначы, хоць хварэючы. Выставу ў Кёльне я мантавала хварэючы, на таблетках, бо патлумачыць, як зрабіць, мне цяжэй, чымся зрабіць самой. Не ведаю, гэта добра ці не: з аднаго боку, такім чынам дамагаешся добрых вынікаў, я бачу, што замежнікі любяць з намі працаваць, з другога – гэта цяжкая праца і перапрацоўка праз гіперадказнасць. Маўляў, калі ты не зробіш, усё пасыплецца.

– У адным з інтэрв’ю я выхапіла тваю фразу пра пошук таго, што значыць быць беларусам. Ты вызначыла для сябе, што гэта значыць, тым больш у эміграцыі?
– У сваім апошнім праекце я хацела адысці ад тэмы эміграцыі, але не ўдалося: атрымаўся праект пра пошукі ідэнтычнасці ў кантэксце эміграцыі, рэпрэсіяў, каланізаванасці. Мне здаецца, значнай у нашай ідэнтычнасці акурат ёсць спроба яе нават не адшукаць, а нейкім чынам пазначыць. Мне здаецца, мы заўсёды намагаемся даць сабе быць беларусамі, сам гэты пошук, гэтая барацьба – і ёсць частка Беларусі і нашай гісторыі: мы спрабуем быць, быць нязнішчанымі, захоўваць і распаўсюджваць сваю культуру. На жаль, часта гэта адбываецца ў такіх сітуацыях, як эміграцыя, бо, ясна, з’яўляецца штуршок. Цяпер гэта таксама пра традыцыі: кожны пераломны перыяд мы пачынаем займацца народнаю традыцыяй, бо разумеем, што там карані беларускасці. І мне здаецца, ёсць у нас штосьці такое, як няўпэўненасць у сабе, што стварае нам шмат праблемаў. Цяпер шмат размоваў пра нацыяналізм, хаця нам да яркіх праяваў нацыяналізму вельмі далёка – мы простую спробу штосьці пра сябе расказаць часам гатовыя абазваць нацыяналізмам, гэта таксама праз няўпэўненасць. Я яе адчуваю на розных узроўнях, артыстычных таксама.

– А як яна ў мастацтве праяўляецца?
– Мы, напрыклад, шмат думаем, ці трэба больш адаптавацца ў новым асяроддзі і што гэта значыць. Вагаемся, абіраючы, з якою тэмаю працаваць, часта выбіраем не тое, пра што сапраўды хочам сказаць, а тое, пра што лепш сказаць, пра што кажа іншы. Гэта вядома, таксама пра быццё актуальным, але з другога боку, я бачу шмат мастакоў і мастачак, якія на свае «сціплыя» тэмы, звязаныя з нацыянальным досведам, традыцыямі сваіх краінаў і народаў, кажуць па ўсім свеце. Свайго досведу нікуды не дзенеш, і беларускі досвед у свеце настолькі незразумелы, што пра яго можна яшчэ доўга расказваць.
Размаўляла Ірэна Кацяловіч belsat.eu