Рада Еўропы апублікавала даведнік для еўрапейскіх дэпутатаў і палітыкаў, у якім прыводзяцца канкрэтныя крокі, рэалізацыя якіх можа дапамагчы беларусам, якія жывуць у выгнанні ў краінах Еўразвязу.
Дакумент, падрыхтаваны Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы (ПАРЕ), мае назву «Люксембургскія рашэнні: вынікі і перспектывы» і даступны на англійскай, французскай і беларускай мовах.
У дакуменце можна знайсці палітычныя рэкамендацыі і прапановы наконт пытанняў, што датычаць беларусаў у выгнанні. Напрыклад, пытанні легальнага ўезду і перабывання, пагрозы свабодзе перамяшчэння, адмова ў консульскіх паслугах, доступ да адукацыі, кар'еры і прадпрымальніцтва ў выгнанні, а таксама захаванне і развіццё беларускай культурнай ідэнтычнасці.
Сярод пытанняў легальнага ўезду і пражывання закранаюцца такія аспекты, як спрашчэнне візавага рэжыму, стварэнне кансультацыйных цэнтраў у краінах Еўропы.
У выпадку з абмежаваннямі на свабоду перасоўвання гаворка вядзецца пра новы беларускі пашпарт, які мог бы стацца «найлепшым сродкам ад застрашвальных захадаў, уведзеных указам Лукашэнкі № 278, што імкнецца адпомсціць за мірныя пратэсты 2020 года і мае на мэце канфіскацыю маёмасці беларусаў, якія цяпер у выгнанні за мяжой». У дакуменце адзначаецца, што на гэтым этапе пашпарты і праязныя дакументы замежнікаў «маюць быць даступныя не толькі ўцекачам, а ўсім беларусам у выгнанні».
«Неабходна прызнаць той факт, што беларусы не могуць атрымаць беларускі пашпарт, і даць ім магчымасць атрымаць пашпарт замежніка або праязны дакумент да заканчэння тэрміну дзеяння іх пашпарта», – гаворыцца ў дакуменце.
Сярод захадаў, неабходных для забеспячэння доступу да адукацыі, гаворка вядзецца пра спрашчэнне працэсаў атэстацыі і допуску, бо гэтая функцыя патрэбная для допуску настаўнікаў з Беларусі да педагагічнай дзейнасці ў іхных краінах перабывання і г. д.
Дапаможнік падрыхтавалі па выніках канферэнцыі, праведзенай у чэрвені 2024 года ў Люксембурзе як працяг дакладу аб праблемах беларусаў у выгнанні, складзенага Полем Галесам. ПАРЕ прыняла рэзалюцыю на гэтую тэму ў чэрвені 2023-га.
Дакумент публікуецца разам з Даведнікам па Беларусі, створаным знакамітым беларускім пісьменнікам і журналістам Сашам Філіпенкам.
Раман Шавель belsat.eu