Ад Жузэпа Бурэля і Гілары Клінтан да Ілана Маска – чарговы візіт Святланы Ціханоўскай у ЗША адзначыўся шэрагам істотных і нават забаўных сустрэчаў. Такія паездкі здаюцца ўжо чымсьці звычайным, хаця да 2020-га года такога прадстаўніцтва на міжнародным узроўні ў беларусаў не было. Тым больш яго ніколі не займелі чыноўнікі лукашэнкаўскага рэжыму. Галоўнаю тэмаю візіту былі беларускія палітвязні, яе Святлана Ціханоўская ўзняла перадусім на Генеральнай асамблеі ААН. Пра падзеі падчас візіту – у сюжэце з праграмы «ПраСвет».
Святлана Ціханоўская заклікала ААН выкарыстоўваць усе наяўныя сродкі, каб дамагчыся вызвалення палітычных вязняў. На гэтым тыдні беларуская дэмакратычная лідарка ўзяла ўдзел у Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку, дзе далучылася да дэбатаў аб палітвязнях, разам з дыпламатамі і прадстаўнікамі больш як трыццаці краінаў. Сітуацыю ў Беларусі яна назвала нацыянальнаю катастрофаю:
,,«Падзялюся толькі прыблізнымі лічбамі, якія гавораць самі за сябе: праз турмы і затрыманні прайшлі 65 тысячаў чалавек, за кратамі цяпер не менш за тысячу 400 палітвязняў, сярод іх – 177 жанчын, 34 журналісты, 224 асобы ў цяжкім стане».
«Магчымасць коратка абмеркаваць тэрміновыя рэчы – у першую чаргу гэта пытанне палітвязняў, шляхі іх вызвалення, шмат размоваў непублічныя, таму што тэма далікатная. Другая важна тэма – гэта размовы па Украіне, мірныя перамовы па Украіне, нам важна уключыць Беларусь у гэтыя перамовы, каб не атрымалася так, што Беларусь асталася часткаю расескай сферы ўплыву», – пракаментаваў удзел Святланы Ціханоўскай у Генеральнай асамблеі ААН Франак Вячорка.
Пытанне толькі, ці можа ААН сапраўды паўплываць на сітуацыю з палітвязнямі, якія для лукашэнкаўскага рэжыму застаюцца бясцэнным інструментам замежнай палітыкі.
На думку каардынатара «Нашай візіі» Вадзіма Мажэйкі, пазіцыя ААН па палітвязнях у Беларусі можа быць вельмі важнай, таму што ААН усё роўна дагэтуль працуе і будзе працаваць у Беларусі.
,,«ААН працуе паўсюль, у краінах, дзе яшчэ горш, чым у Беларусі. ААН з аднаго боку вельмі важна добрая арганізацыя, але з іншага – вялікая бюракратычная структура, яна патрабуе пастаяннага ціску, пастаянных нагадванняў», – мяркуе Вадзім Мажэйка, каардынатар «Нашай візіі».
Дэбаты аб палітвязнях падчас Генасамблеі ААН былі зарганізаваныя дэлегацыяй Еўразвязу супольна з Эстоніяй, Літвой, Іспаніяй, Нямеччынай і Францыяй. З кіраўніком еўрапейскай дыпламатыі Жузэпам Бурэлем Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Нью-Ёрку асобна.
«Мусіць быць палітыка Еўразвязу: што мы патрабуем вызвалення ўсіх палітвязняў, мы патрабуем спынення рэпрэсіяў і мы патрабуем свабодных выбараў», – заявіла дэмакратычная лідарка Беларусі.
Жузэп Бурэль падчас сустрэчы атрымаў ад Святланы Ціханоўскай крыж Добрасуседства – ўзнагароду за салідарнасць і падтрыманне дэмакратычнай Беларусі.
Датычна візіту дэмакратычнай лідаркі ў ЗША ў медыях з’явіліся навіны ад сустрэчы з Іланам Маскам, падчас якой Святлана Ціханоўская папрасіла дадаць беларускую мову ў сацсетку X да ўдзелу ў форумах і самітах высокага ўзроўню.
,,«Чаму ўвогуле палітыкі ўсяго свету трацяць свой каштоўны час і туды ляцяць – таму што гэта магчымасць і фармальна ўзняць нейкія тэмы, як вось цяпер па беларускіх палітвязнях, але таксама галоўная магчымасць нефармальна правесці шмат сустрэчаз з калегамі, з палітыкамі, якія з усяго свету з’ехаліся», – упэўнены Вадзім Мажэйка.
Гэтак, напрыклад, Святлана Ціханоўская выступіла на Глабальным форуме будучыні Атлантычнай рады:
«Вы ведаеце, барацьба за дэмакратыю часта рамантызуецца. Вы, можа быць, памятаеце натхняльныя выявы масавых пратэстаў у Беларусі, калі сотні тысяч людзей выходзілі на вуліцы, памятаеце тых бясстрашных жанчын з букетамі на чале пратэсту. Аднак ёсць больш змрочная карціна гэтай барацьбы».
Таксама ўзяла ўдзел у публічнай гутарцы з Гілары Клінтан і Юліяй Навальнай на нарадзе Глабальнай ініцыятывы Клінтана.
«Мы так прызвычаіліся да таго, што беларускія дэмакратычныя сілы прадстаўленыя на найвышэйшым ўзроўні, і нам гэта падаецца нечым звычайным, а што такога, проста наступная паездка, варта памятаць, што да 2020 года нічога падобнага ў нас ніколі не было і шмат у каго такога няма. Насамрэч уся гэтая міжнародная актыўнасць – гэта магчымасць падымаць пытанне Беларусі і вырашаць праблемы, хаця так, можа быць, не ўсе і не так хутка, як хацелася б», – кажа Вадзім Мажэйка.
Апроч Нью-Ёрку, у праграме візіту – Філадэльфія, Вашынгтон і Чыкага. Падчас паездкі, на сустрэчах з сусветнымі лідарамі, Святлана Ціханоўская дамагалася падтрымання і дапамогі ў дэмакратычных памкненнях беларусаў. Перамога дэмакратыі застаецца галоўнаю глабальнаю мэтаю міжнароднай актыўнасці беларускіх дэмакратычных сілаў.