навіны

На фронце аптымізму няма адкуль узяцца. Асабліва калі няма зброі

Праца падраздзялення ўдарных БПЛА і падраздзяленняў паветранай разведкі на поўначы Харкаўскай вобласці, Украіна. 25 верасня 2024 года. Фота: Yevhen Titov / Abaca Press / East News
Праца падраздзялення ўдарных БПЛА і падраздзяленняў паветранай разведкі на поўначы Харкаўскай вобласці, Украіна. 25 верасня 2024 года. Фота: Yevhen Titov / Abaca Press / East News
podpis źródła zdjęcia

Пакуль медыі пішуць пра чацвёртую паездку Уладзіміра Зяленскага ў ЗША з пачатку вайны ва Украіне і дакумент, што ён прывёз для абмеркавання пад назваю «План перамогі», сітуацыя на фронце рэзка пагоршылася.

Расейскія войскі не толькі ўзмацнілі наступ на Данбасе і Херсоншчыне, яны з яшчэ большай інтэнсіўнасцю пачалі наносіць удары па мірных украінскіх гарадах. Дасталася гэтым разам і Ізмаілу. Украінскі бок заяўляе пра разбурэнне 5-павярхоўкі, некалькіх прыватных дамоў і трох цяжкавікоў. А расейскі – пра разбураны адміністрацыйны будынак порту, дзе нібыта былі афіцэры ЗСУ і 200 замежных наймітаў, а таксама суднарамонтны завод з трыма вайсковымі катэрамі ЗСУ. Але расейскі бок і так заўсёды сцвярджае, што яго цэлі – выключна вайсковыя аб'екты. Сёння і праўда праз удары па Крывым Рагу разбурылі адміністрацыйны будынак. І што з таго? Ратавальнікі пад заваламі шукаюць людзей. І такія паведамленні паступаюць з Запарожжа, Херсону ды іншых гарадоў штодня.

А тым часам відэакадры таго, што адбываецца ў Вуглядары, больш падобныя на канец свету. Горад вынішчаюць метадычна, не спыняючыся ні на хвіліну. 72-ая брыгада ЗСУ два гады абараняе Вуглядар. На сёння яна знясіленая і ў паўколе ворага. Кола можа з дня на дзень замкнуцца. Замены няма, дапамогі таксама няма. Сітуацыя такая, што сілы ЗСУ расцягнутыя, бо адначасова наступаюць на Курск і трымаюць абарону на поўдні ды ўсходзе сваёй тэрыторыі. Эксперты кажуць, што новым 14 брыгадам, што фармуюцца, не стае сучасных узбраенняў. Можа быць некалькі прычынаў, чаму 72-ая брыгада ЗСУ апынулася ў такім жудасным становішчы каля Вуглядару, у тым ліку памылкі ў стратэгіі і тактыцы. Але каля дзвюх тысяч украінскіх абаронцаў застаюцца там у нечалавечых умовах, і ўжо ясна, што ім давядзецца адысці на іншыя пазіцыі. І яшчэ добра, калі ўдасца гэта зрабіць без вялікіх стратаў.

,,

А што значыць пакінуць Вуглядар? Гэта значыць, што акупанты здолеюць замацавацца на ўзвышшы на стыку двух франтоў – Усходняга ў Данецкай вобласці і Паўднёвага ў Запарожскай. Літаральна за 18 кіламетраў ад Вуглядару – чыгунка, па якой расейцы змогуць бесперашкодна перакідаць свае войскі і тэхніку далей на поўдзень.


Некаторыя часткі 72-й брыгады ўжо адыходзяць з гораду ў іншыя паселішчы, але эксперты думаюць, што і там утрымацца ім будзе вельмі цяжка. На іншых участках фронту на Данбасе сітуацыя пакуль толькі пагаршаецца. Каля мястэчка Сэлыдава таксама ўсё дрэнна, а Сэлыдава – гэта апорны пункт для стрымлівання расейскіх войскаў у кірунку Пакроўску. Тым часам расейскія падраздзяленні ўварваліся ў Тарэц. Ідуць вулічныя баі. Шматпавярховікі былі нейкі час перашкодаю для наступу суперніка, але расейская авіяцыя скідае бомбы, якімі могуць кіраваць, раўняючы горад з зямлёй. Акрамя таго, на ЗСУ ціснуць з флангаў. Паводле Інстытуту вывучэння вайны, расейскія войскі вельмі хутка зоймуць Тарэц, Вуглядар і Сэлыдава.

Нядаўна ўсе парадаваліся таму, што ЗСУ рушылі наперад у Ваўчанску. Здымкі ўкраінскіх вайскоўцаў з агрэгатнага заводу далі надзею на прасоўванне войскаў да мяжы. Але камандаванне харкаўскай групы войскаў не падзяляе гэтага аптымізму. Палкоўнік Віталій Саранцаў заявіў, што расейскія войскі замацоўваюцца на сваіх пазіцыях на поўнач ад Харкава. Гэта дасць ім магчымасць неўзабаве паспрабаваць вярнуцца на страчаныя тэрыторыі. Пакуль што ініцыятываю на ўсіх кірунках валодае расейскае войска.

Усім ясна, што Украіна адчувае сур'ёзную праблему з узбраеннямі. Менавіта адсутнасць сучасных узбраенняў прымушае ўкраінскіх вайскоўцаў адыходзіць. Расейскія акупанты хоць і не так хутка, як ім хацелася, але займаюць новыя гарады. Натуральна, увесь свет уважліва сочыць за візітам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў ЗША. На паперы абнадзейвальна выглядае тая дапамога, якую плануюць перадаць Украіне. Гэта і авіябомбы «Joint Standoff Weapon», а да іх яшчэ батарэя сістэмы паветранай абароны «Patriot» і дадатковыя ракеты. Яшчэ пашыраць праграму навучання ўкраінскіх лётчыкаў для палётаў на F-16. Але... Гэта будзе потым. А цяпер змучаныя салдаты і афіцэры, дактары і санітары пад шквальным агнём, амаль аглухлыя, трымаюць абарону. І яны ведаюць, што мусяць самі выбірацца з гэтага пекла, бо менавіта цяпер дапамогі ім чакаць няма адкуль. І адправіцца на пабыўку дадому яны таксама не могуць, бо невядома калі будзе ратацыя.

Пашкоджаны жылы дом бачны пасля расейскага авіяўдару па Краматорску, Данецкая вобласць, Украіна. 25 верасня 2024 года. Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News
Пашкоджаны жылы дом бачны пасля расейскага авіяўдару па Краматорску, Данецкая вобласць, Украіна. 25 верасня 2024 года. Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News

«План перамогі» Зяленскага пакуль што мякка крытыкуюць некаторыя эксперты, называючы яго не надта канкрэтным. Магчыма, ён мае занадта агульны характар. Пакуль цяжка нешта казаць, бо яго не апублікавалі. Але ці такое гэта мае цяпер значэнне? Трамп на мітынгу ў Паўночнай Караліне заявіў: «Украіны не існуе. Гэта больш не Украіна. Дамы знішчаныя, гарады зніклі». Так, шмат якія гарады і вёскі зніклі. Пра іх нагадваюць толькі разваліны. Але менавіта гэтыя разваліны – самы наглядны доказ таго, што Украіна існуе. І яна змагаецца за кожны горад, кожнае сяло і кожны дом. Так, пры гэтым гінуць тысячы і тысячы. І ніхто не ведае, колькі яшчэ загіне людзей, перш як наступіць салодкае імгненне перамогі. Але наблізіць яго можа рэальная вайсковая дапамога менавіта цяпер, а не ў канцы амерыканскага фінансавага года ці нейкай бюракратычнай валакіты. Хто дапаможа на фронце цяпер, у гэтую хвіліну, тым байцам, якім нават адыходзіць даводзіцца пад агнём суперніка? Што мусіць адбыцца, каб гэта нарэшце здарылася?

Любоў Лунёва belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10