навіны

У Беларусі – небывалы ўсплёск выпадкаў віруснага гепатыту А: амаль у 15 разоў. Чаму?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com
podpis źródła zdjęcia

Колькасць выпадкаў гепатыту А ў Беларусі за першае паўгоддзе 2024-га вырасла ў 14,6 разу. Большасць заражаецца «кантактна-побытавым» шляхам – удома і на працы.

Гэта вынікае з дакументу, адрасаванага кіраўнікам установаў адукацыі, які «Белсату» пераслалі чытачы.


Згодна з гэтым інфармацыйным лістом, з сярэдзіны студзеня 2024 года ўва ўсіх рэгіёнах Беларусі павялічылася колькасць зарэгістраваных выпадкаў віруснага гепатыту А.


«Паказнік захворвання па выніках I паўгоддзя 2024 года ў 14,6 разу перавысіў узровень за аналагічны перыяд мінулага года (0,45 выпадкаў на 100 тысячаў насельніцтва) і склаў 6,62 выпадка на 100 тысячаў насельніцтва, – напісана ў дакуменце. – Цяпер рэалізацыя інфекцыі ажыццяўляецца кантактна-побытавым шляхам. У асноўным заражэнне адбываецца на месцы жыхарства або занятасці хворых ад выяўленых і нявыяўленых крыніцаў інфекцыі».


Пры гэтым з ліпеня захворванне пайшло на спад паўсюль, акрамя Гомельскай вобласці (68 % выпадкаў заражэння ў рэгіёне адбыліся ў Гомлі). У Гомлі часцей хварэлі дарослыя, чымся дзеці (72 % выпадкаў).

Інфармацыйны ліст, які атрымліваюць установы адукацыі ў Беларусі. Крыініца: Белсат
Інфармацыйны ліст, які атрымліваюць установы адукацыі ў Беларусі. Крыініца: Белсат

Улічваючы пачатак навучальнага года, медыкі мяркуюць, што рызыка распаўсюду захворвання ў арганізаваных калектывах павышаецца, у звязку з чым і разаслалі гэты «азнаямляльнчы ліст» з просьбаю зрабіць захады: забяспечыць запас сродкаў дэзінфекцыі, бутыляваную ваду з аднаразовымі шкляначкамі, правядзенне «ранішняга фільтру вучняў» і гэтак далей.


Як заўважылі «Белые халаты», статыстыкі ў агульным доступе наконт гэтай хваробы ў Беларусі няма. Максімальны ўзровень дасюль адзначаўся 14 гадоў таму, у 2010-м – 1,78 на 100 тысячаў насельніцтва.


Згодна з пастановаю Міністэрства аховы здароўя за 17.05.2018 года № 42 аб прафілактычных прышчэпках, вакцынацыя ад віруснага гепатыту А ў краіне не абавязковая.

Адзначым, што вірусны гепатыт A (ён жа хвароба Боткіна) – вострае інфекцыйнае захворванне вантробы, ад якога няма спецыфічнага лекавання. Яго выклікае вірус гепатыту A, які перадаецца праз заражаную ежу і ваду. Гепатыт A не мае хранічнай стадыі развіцця і не выклікае сталых пашкоджанняў вантробы, імунная сістэма пасля заражэння забяспечвае далейшы імунітэт.


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10