Лукашэнка перакананы, што напрыканцы верасня магчымая эскалацыя канфлікту. Нібыта пра гэта яму дакладваюць спецслужбы. А месцам эскалацыі можа стацца Беларусь. У краіну зачасцілі прылятаць расейскія дроны, пакуль выпадкова. «Хочаш міру, рыхтуйся да вайны», – заявіў на палігоне Лукашэнка вайскоўцам. Наколькі сур’ёзна дыктатар плануе ваяваць – невядома, але праціўніка вайсковаю моцаю ўжо папужаў.
Беларусь не ў стане ўтрымаць войска, здольнае ваяваць. У гэтым прызнаўся Лукашэнка, наведваючы Абуз-Лясноўскі палігон на Берасцейшчыне. Дыктатар паабяцаў «жэстачайшае» правяранне арміі і сілавікоў. Загадаў між іншага ўдасканаліць навучанне вайскоўцаў:
«Мы чатыры разы мадэрнізавалі нашае войска, а гэта пяты раз, калі падыходзім да мадэрнізацыі ўласных узброеных сілаў».
Пра ўцягванне Беларусі ў вайну папярэдзілі Лукашэнку ўласныя спецслужбы, нібыта яны пераказалі звесткі заходніх выведак. А можа стары дыктатар проста рэтранслюе «страшылку» Крамля?
«Варожыя крокі Кіева літаральна змушаюць Беларусь задзейнічаць свае ўзброеныя сілы для выканання задачаў гарантавання бяспекі тэрыторыі рэспублікі і яе грамадзянаў. Таксама трэба ўлічваць, што на фоне відавочных правалаў у зоне «спецаперацыі» Зяленскі здольны на самыя безразважныя і цынічныя крокі. (...) Мы не выключаем магчымасці таго, што гэтыя дэструктыўныя сілы зрушаць сітуацыю ў гэтым рэгіёне і прывядуць да яе эскалацыі», – заявіла прэс-сакратарка.
Пакуль Лукашэнка загадаў свайму войску ўзяць на ўзбраенне дроны, хаця яны і так ужо там ёсць. Аднак дыктатар марыць пра ўласную вытворчасць баявых беспілотнікаў і не ўпершыню публічна ставіць сваёй ваеннай прамысловасці задачу іх стварэння. Магчыма, пра гэта вялася гаворка і з іранскімі калегамі беларускага дыктатара ў Менску: каб перадалі адпаведныя тэхналогіі ці ўвогуле наладзілі масавую вытворчасць у Беларусі. Дарэчы, пра такую магчымасць паведамлялася яшчэ летась.
,,«Тэарэтычна нейкія дроны можна зрабіць, – упэўнены палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч. – Рэч у тым, што дроны – гэта даволі простая канструкцыя, яна танная. Ва Украіне іх робяць у падвалах і гаражах. Іншая справа – наколькі яны будуць якаснымі і сучаснымі. (...) Дроны з’явяцца на ўзбраенні беларускага войска. У якой колькасці і якой якасці – гэта ўжо іншае пытанне».
Падчас нарады з вайскоўцамі на тым жа палігоне Лукашэнка ставіў перад сваймі падначаленымі і новыя задачы:
«Амапаўцам, спецпадраздзяленням – “Алмаз”, “Альфа” – і нашым унутраным войскам была пастаўленая задача адкапаць усіх, хто служыў у гэтых падраздзяленнях. Узяць іх на ўлік, хто можа працягваць ваяваць эфектыўна. У найбліжэйшы час праверым усе падраздзяленні».
Як у фільме «В бой идут одни старики». А каб салагі не падкачалі, трэба заняцца і іхным падрыхтаваннем. Лукашэнка абяцае ў войску менш муштры, але больш фізпадрыхтавання. Бо яно, як і агнявое, мусіць быць на першым месцы.
«А то ў нас салдат быццам і спецыяліст нядрэнны, але яму аўтамат 4 кілаграмы на шыю павесь – ён тры кіламетры не пройдзе пешшу, не тое што не прабяжыць марш-кідок, як мы бегалі па дзесяць. А можа за содні і больш давядзецца бегаць. То бок армію трэба страсянуць, то бок прывесці ў ідэальны стан», – кажа Аляксандр Лукашэнка.
Дзе спатрэбіцца гэты бег – падчас наступу ці адступлення, – невядома, але Лукашэнка ўзмацняе і гэтак званую тэрабарону, а таксама спадзяецца на паляўнічых. Можа, на ўзор фінаў і савецка-фінскай вайны робіць стаўку на ўнутраны рэсурс. Лясы, лыжы і снайперскія вінтоўкі.
«Больш за тое, нават паляўнічым была пастаўленая задача Шуневічу – мець брыгаду, – загадаў Аляксандр Лукашэнка. – Паляўнічых у нас шмат, яны мусяць мець сваё падраздзяленне са сваёй, як яны сказалі, зброяй. Дзе мы падрыхтуем лепшых снайпераў, чым у іх?»
Наўрад ці найбліжэйшым часам у канфлікце Расеі і Украіны можа адбыцца нейкая значная эскалацыя. Абодва бакі цяпер ваююць на максімуме сваіх магчымасцяў. Сілаў на адкрыццё новага фронту або правядзенне новых маштабных наступаў няма. Але пабразгаць дронамі перад носам суседзяў дыктатар не пагрэбаваў.
Наста Ільіна для праграмы «ПраСвет»