Лукашэнка зноў палохае Трэцяй сусветнай вайной і злымі амерыканцамі, а ягоная прапаганда ледзь не з кожнага праса кажа пра гатовасць афіцыйнага Менску да перамоваў з Захадам. Дык якія сігналы дасылае ў свет рэжым Лукашэнкі? Навошта дыктатар пагражае вайной і сустракаецца з кіраўніком тэрарыстычнай арганізацыі ДНР? І як на гэта адказваюць дэмакратычныя сілы Беларусі? Пра гэта і не толькі ў сённяшнім выданні праграмы «ПраСвет» са Змітром Міцкевічам.
Навошта Лукашэнка правярае беларускае войска?
Лукашэнка перакананы, што напрыканцы верасня магчымая эскалацыя канфлікту – яму пра гэта нібыта дакладваюць спецслужбы. А месцам эскалацыі можа стаць Беларусь. У Беларусь часцей залятаюць расейскія дроны, пакуль выпадкова. «Хочаш міру, рыхтуйся да вайны», – заявіў на палігоне Лукашэнка вайскоўцам. Наколькі сур’ёзна дыктатар плануе ваяваць – невядома, але праціўніка вайсковай сілаю ўжо папужаў. Рэпартаж Насты Ільіной.
Пуцін адмяніў перадвыбарную кампанію Лукашэнкі
Чаму Лукашэнка абнуліў словы ўласнай прапаганды? Што цяпер галоўнае для Лукашэнкі? Ці працуе шантаж Масквы? Ці можа Масква выкарыстаць ядравую зброю праз Лукашэнку? Гэтыя ды іншыя пытанні абмяркоўваем з экспертам Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў Рыгорам Ніжнікавым.
Пушылін у Менску: ці разарве Украіна стасункі з Беларуссю?
Кіраўнік гэтак званай ДНР Дзяніс Пушылін наведаў Менск, дзе асабіста сустрэўся з дыктатарам. Візіту ў сацсетках Лукашэнкі месца вылучылі зусім не шмат – усяго відэаролік з анатацыямі, дзве хвіліны. Навошта прыязджаў Пушылін, што гэта значыць і чаго цяпер чакаць афіцыйнаму Менску ад Кіева – у сюжэце Надзеі Бельскай.
Пра што сведчыць візіт Пушыліна да Лукашэнкі?
Каментар кіраўніка фонду «BySol» Андрэя Стрыжака.
Беларускія палітвязні на парадку дня
Ад Жузэпа Бурэля і Гілары Клінтан да Ілана Маска – падчас чарговага візіту Святланы Ціханоўскай у ЗША адбылося некалькі важных сустрэчаў. Такія паездкі здаюцца ўжо чымсьці звычайным, хоць да 2020 года падобнага прадстаўніцтва на міжнародным узроўні ў беларусаў не было. Тым больш яго ніколі не мелі чыноўнікі лукашысцкага рэжыму. Галоўнай тэмай візіту былі беларускія палітвязні, яе Святлана Ціханоўская ўзняла перадусім на Генеральнай асамблеі ААН. Пра падзеі падчас візіту – у нашым сюжэце.
Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» глядзіце шточацвер а 20:45 у жывым эфіры «Белсату», на YouTube-канале «Belsat News», а таксама ў нашым Facebook.
Калаж з фота: president.gov.by