Паводле прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, «Марафон адзінства» – гэта працяг канцэрту 17 верасня, які «вельмі спадабаўся прэзідэнту і гледачам».
Імпрэза пачнецца 11 кастрычніка: пройдуць нейкія «маштабныя сустрэчы» і канцэрты ў рэгіёнах, адкрыты конкурс малюнкаў вучняў пачатковай школы ды іншыя, не менш інтрыгоўныя конкурсы – твораў на тэму «Што такое адзінства», праектаў «Мой унёсак у будучыню краіны», а таксама стварэнне муралаў і гарадскія кўэсты «Гэта ўсё маё роднае».
Нявестку Лукашэнкі Ганну на гэтым свяце жыцця зрабілі кіраўніцаю працоўнай групы.
Нагадаем, Ганна – жонка Дзмітрыя Лукашэнкі з 2002-га, у іх тры дачкі. Вядома, што у 2018 і 2020 гадах працавала ў Гандлёвым доме «БелАЗ». Але самы прыкметны талент Ганны Лукашэнкі (яна ж Ганна Сялук) можна заўважыць у напісанні прапагандысцкіх песень.

На рахунку Ганны ‒ больш за сотню песень дзяржаўным установам, шмат з якіх прысвечаныя свёкру-кармільцу, накшталт «Ах, Александр», «Цените настоящего мужчину» і «Бульба-дэнс». Ейны талент двойчы ўзнагароджвалі дзяржаўнымі «Песней года Беларуси» як найлепшага аўтара словаў, а яшчэ зрабілі лаўрэаткаю расейскай прэміі «Шансон года – 2024».
Тэса Анэйда belsat.eu