Гульцам у «Hamster Kombat» амаль нічога не трэба было рабіць: толькі націскаць на віртуальнага хамяка. За гэта абяцалі раздаць крыптавалюту. Абяцанне выканалі, 26 верасня крыптавалюта HMSTR з’явілася на біржах.
Відэагульня «Hamster Kombat» была запушчаная ў фармаце Telegram-бота 26 сакавіка 2024 года і менш як за два тыдні набрала мільён актыўных гульцоў. Хутка лік пайшоў на дзясяткі мільёнаў. У «хамяка» гулялася мноства беларусаў.
Праўда, назваць гэта відэагульнёй можна з вялікай нацяжкай: усё, што трэба, гэта клікаць (на тэлефонах – тапаць) па віртуальнаму хамяку тысячы разоў, а на гэтым зарабляць віртуальныя манеткі, якія абяцалі канвертаваць у сапраўдную крыптавалюту.
22 верасня «Hamster Kombat» падвяла вынікі першага сезону і размеркавала між гульцоў сваю крыптавалюту. Гульцы чакалі большага: руплівыя атрымалі толькі пару тысяч токенаў (адзінак крыптавалюты) за паўгода штодзённага «ціскання хамяка». А адзін токен перад вывадам на біржу ацанілі ў 1 цэнт – 0,01 амерыканскага долара.
Хай мала. Але ж гэта грошы з паветра?
26 верасня крыптавалюта HMSTR з’явілася на біржах – і стала губляць вартасць. Вечарам 26-га, паводле падлікаў Coinmarketcap.com, за 1 HMSTR былі гатовыя даць толькі 0,62 цэнта або 0,0062 долара. На момант публікацыі курс кропельку палепшыўся: 1 HMSTR роўны 0,0068 долара.
Можна чакаць, што ён яшчэ вырасце, але падставаў да істотнага росту не відаць: HMSTR нічым не лепшы за тысячы іншых крыптавалютаў.
Такім чынам, актыўны гулец, якому налічылі 3000 токенаў, мог перад вывадам крыптавалюты на біржу разлічваць на 30 долараў, а цяпер – хіба на 20. За ранейшую аналагічную гульню «Notcoin» гульцы атрымлівалі 200–400 долараў.
Некаторым гульцам, якіх западозрылі ў парушэнні правілаў (напрыклад, у выкарыстанні іншых праграмаў ці механічных апаратаў для накруткі тапаў), зусім не далі крыптавалютаў. І ў афіцыйным чаце гульні адзін карыстальнік абураецца: забанілі тых, хто гуляў па правілах, а ён вось парушаў правілы – і яго не забанілі. Ён таксама наракае: гуляў з трох акаўнтаў, з аднаго паспяхова вывеў грошы, з другога не можа вывесці, на трэці пра тэхнічную памылку грошы прыйшлі не яму… І праз «хамяка» пачаліся тэхнічныя праблемы ва ўбудаванага крыптагаманца Telegram.
Агульную рынкавую капіталізацыю HMSTR цяпер ацэньваюць у 438 млн долараў. Ды гэта не значыць, што грошы з’явіліся з ніадкуль у пары дзясяткаў мільёнаў чалавек. Гэтая сума – толькі ацэнка сумарнай цаны ўсіх токенаў. А калі ўсе захочуць абмяняць свае токены на іншую валюту ці на «рэальныя» грошы, то цана токенаў знізіцца – можа ўпасці і да нуля.
Дарэчы, агульную рынкавую капіталізацыю ўсіх-усіх крыптавалютаў ацэньваюць у 2,3 трыльёны долараў, з гэтага 1,3 трыльёны – «Bitcoin». Так што «хамяк» нарабіў шуму, але па мерках рынку крыптавалютаў не прынёс вялікіх зменаў.
Ну, пагулялі, а нічога ж не страцілі?
«Ды я і не чакаў нічога, для забавы гуляў», – распаўсюджаны мэм пра такія вынікі гульні. Сапраўды ж, гульня была ўмоўна бясплатная. Праўда, і менш захапляльная за безліч іншых умоўна бясплатных гульняў, як то беларускія «World of Tanks», амерыканская «Rocket League» ці кітайская «Genshin Impact».
Час можна было бавіць весялей. І як піша адзін фанат крыптавалютаў, «якая заўгодна некваліфікаваная праца ў пераліку на гадзіну была б на парадак больш прыбытковай».
Акрамя таго, гульцы ў «Hamster Kombat» запускалі Telegram-бот ад невядома каго. Гульня не раскрывала сваіх стваральнікаў і інвестараў. Ёсць толькі здагадкі, журналісцкія расследаванні і ўскосныя прыкметы. Найбольш імаверна, што за гульнёй стаіць заснавальнік кампаніяў «CarPrice» и «CarMoney», расейскі прадпрымальнік Эдуард Гурыновіч і звязаная з ім зарэгістраваная на Кіпры кампанія «Arenum».
Многіх украінцаў «расейскі сед» насцярожваў: ці не звязаны «хамяк» з Крамлём, ці не нашкодзіць гульня праціўнікам Крамлю? Ды пакуль пра нейкае зламыснае выкарыстанне «Hamster Kombat» не паведамлялі. А найбольшая патэнцыйная шкода – у тым, што аматары «тапаць па хамяках» могуць уцягнуцца ў рызыкоўную спекуляцыю на рынку крыптавалютаў, на чым зарабіць не так і проста, а страціць грошы лёгка.
Для гульцоў з Беларусі рызыкі асаблівыя: грошы яшчэ трэба вывесці праз ухваленыя дзяржавай крыптавалютныя біржы, а за вывад грошай праз замежныя крыптабіржы – нават за тыя пару дзясяткаў долараў – могуць і аштрафаваць.
Алесь Наваборскі belsat.eu