Ëн разам з украінцам былі сярод 16 грамадзян Беларусі, Украіны і Расеі, арыштаваных Агенцтвам унутранай бяспекі Польшчы ў рамках расследвання дзейнасці шпіёнскай сеткі, якая займалася зборам інфармацыі аб транспарціроўцы ваеннай тэхнікі ва Украіну.
Акруговы суд у Любліне прыгаварыў 30-гадовага беларуса Уладзіслава П. за шпіянаж да двух гадоў і 10 месяцаў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 10 тысяч злотых, паведамляе Reuters са спасылкай на PAP.
23-гадовага грамадзяніна Украіны Максіма Л. суд прыгаварыў да шасці гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 15 тысяч злотых за ўдзел у арганізаванай групе, мэтай якой было ўчыненне злачынстваў супраць Польшчы, шпіянаж і захоўванне канабісу.
Яны таксама павінны заплаціць па 5000 злотых у фонд дапамогі ахвярам злачынстваў.
Мэтай злачынства стала атрыманне фінансавай выгады. За выкананне канкрэтных заданняў, як устанавіла следства, удзельнікі групы атрымлівалі ад 5 долараў за развешванне ўлётак да 10 тысяч долараў у крыптавалюце за спробу пусціць цягнік пад адхіл.
«Гэта была арганізаваная злачынная група, мэтай якой быў збор шпіёнскай інфармацыі, якая выкарыстоўвалася для вызначэння тыпу і аб'ёму дапамогі, якая накіроўваецца на Украіну», – кажа суддзя Міраслаў Бжазоўскі.
Па дадзеных PAP, астатнія былі паасобку прысуджаныя да турэмнага зняволення на тэрмін ад 13 месяцаў да шасці гадоў.
Тэса Анэйда belsat.eu