«Белсат» працягвае адсочваць навіны супрацьпраўных дзеянняў уладаў краіны і іх памагатых.
«Наша Ніва» са спасылкай на іныцыятыву «TG House Belarus» паведамляе пра зачыстку супольнасці трансгедарных асобаў у Беларусі. Былі затрыманыя мінімум 8 чалавек. Большасць з іх абмежавалася пратаколамі за хуліганства. Але ў дачыненні дзвюх асобаў заведзеныя крымінальныя справы паводле артыкулу 343 Крымінальнага кодэксу («Распаўсюд парнаграфіі»). Радыё «Свабода» дадае, што ў верасні затрымалі яшчэ каля дзесяці прадстаўнікоў супольнасці ЛГБТК+. Затрыманні праходзілі ў розных гарадах Беларусі: Магілёве, Баранавічах, Берасці, Кобрыне.
У Менскім гарадскім судзе 26 верасня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенай Вольгі Лоцманавай паводле частак 1 і 2 арт. 361-4 КК («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Яе затрымалі 23 студзеня падчас рэйду за салідарнасць з палітзняволенымі ды іхнымі сем’ямі. Працэс вядзе суддзя Аляксандр Рудэнка.
У Пінску 26 верасня паводле артыкулу 342 КК пачалі судзіць былога журналіста «Медиа-Полесье» Яўгена Мікалаевіча, якога моцна збілі падчас асвятлення пратэстаў 10 жніўня 2020 года. Весці працэс прызначылі суддзю Яўгенію Мельнік.
25 верасня ў судзе Бабруйску і Бабруйскага раёну быў прызначаны разгляд справы палітзняволенага Сяргея Думава аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і зменах умоваў утрымання. Працэс узначальваў суддзя Андрэй Літвін. Вынік судовага пасяджэння высвятляецца. Думава затрымалі 22 сакавіка 2021 года, калі ён расклейваў у горадзе налепкі. Пазней яму прызначылі 9 гадоў і 15 содняў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
МУС паведаміў пра затрыманне 64-гадовага сябра мужчыны, які ў Магілёве параніў нажом губазікаўцаў, якія на яго напалі. Сцвярджаецца, што пры ператрусе ў доме мужчыны выявілі агнястрэльную зброю, часткі да яе, патроны, рэчывы для вырабу выбухоўкі, наркотыкі, халодную зброю. У дачыненні затрыманага распачалі крымінальную справу за незаконны абарот агнястрэльнай зброі (арт. 295 КК).
Таксама паведамляецца, што за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту затрымалі 49-гадовага мужчыну. Апроч таго, затрымалі мужчыну за падпіскі на незалежныя медыі ды каментары пра сілавікоў і Аляксандра Лукашэнку.
Якуб Хруст belsat.eu