4—6 кастрычніка ў Варшаве ўпершыню пройдзе фестываль антываеннай драматургіі «Рэха Любімаўкі». На ім будуць прэзентаваны п’есы, напісаныя па-расейску, у асноўным, пасля 24 лютага 2022 года аўтарамі з Расеі, Беларусі, Ізраіля, Літвы і Украіны. Асноўная праграма фестывалю сфармаваная з п’есаў, якія ўвайшлі ў шорт-лісты фестывалю драматургіі.
Арганізатары адзначаюць, што «Рэха Любімаўкі» ў Варшаве — гэта розныя галасы супраць вайны ва Украіне. Яны падкрэсліваць: нягледзячы на стомленасць ад тэмы вайны, сёння асабліва важна зважаць на тое, што вайна ўсё яшчэ ідзе поўным ходам. Да яе нельга прывыкаць, пра яе нельга забывацца, пра яе трэба гаварыць. Прадстаўленыя на фэсце п’есы адлюстроўваюць рознабаковы досвед судотыку з вайной і пражывання вайны.
У асноўную праграму ўвайшлі 12 п’есаў:
- Віталь Чэнскі, «Самагоншчыца Ганна» (Украіна)
- Дыяна Балыка, «Маю нахабства быць» (Беларусь)
- Дыяна Дзіс, «Называлася яна» (Польшча)
- Кацярына Аўгустэняк, «Common Shame» (Расія)
- Лізавета Кашынцава, «Бобік» (Расія)
- Ірына Серабракова, Маша Дзянісава «Жанчыны ў цемры» (Украіна)
- Ірына Серабракова, «Мужчыны пры святле дня» (Украіна)
- Марус Івашкявічус, «Узыход багоў» (Літва)
- Міхаіл Дурнянкоў, «Вайна яшчэ не пачалася» (Расія)
- Наталля Лізоркіна, «Ваня жывы» (Расія)
- Юлія Тупікіна, «Напала жывёла» (Расія)
- Esther Bol, «Вырадкі» (Ізраіль, Францыя)
П’есы прагучаць па-польску і па-расейску (для кожнай моўнай версіі прадугледжаны субтытры). Чыткі пройдуць на трох пляцоўках — гэта прасторы Reforum Space Warsaw і Teal House, а таксама Witryna Domu Wschodniego. Па традыцыі фестывалю пасля кожнай чыткі пройдзе сумеснае абмеркаванне з аўтарам п’есы, рэжысёрам і акторамі чытак.
Акрамя таго, на фестывалі адбудзецца паблік-ток драматургаў Івана Вырыпаева і Міхаіла Дурнянкова — пра Любімаўку, яе мінулае і сучаснасць, пра феномен драматургічнага фестывалю на эміграцыі.
Адмысловай падзеяй фестывалю стане аўтарская чытка новай п’есы Івана Вырыпаева «Вішнёвы чалавек», якая была напісана на замову Нацыянальнага Тэатра Чэхіі пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Прэм’ера адбылася на галоўнай гістарычнай сцэне Нацыянальнага тэатра ў Празе.
«Рэха Любімаўкі» ў Варшаве — гэта не толькі агляд п’ес, але і акцыя салідарнасці. Усе арганізатары і ўдзельнікі фестывалю — драматургі, рэжысёры, мастакі, акторы, арт-менеджары і куратары — працуюць на валанцёрскіх пачатках.
Што такое «Любімаўка»?
Любімаўка — незалежны фестываль сучаснай драматургіі, да 2022 года ён штогод праводзіўся ў Маскве і быў галоўнай падзеяй для маладых расейскамоўных драматургаў з усяго свету. Фестываль татальнай свабоды, дзе аўтары выказваюць сваю пазіцыю і не баяцца цэнзуры. На штогадовы оўпэн-кол паступала больш як 700 новых п’есаў, з якіх прафесійныя рыдары адбіралі 20-25 лепшых на агляд чытак.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварвання ва Украіну фестываль адкрыта выказаў пратэст супраць расейскай агрэсіі. Правядзенне Любімаўкі ў Маскве сталася немагчымым праз цэнзуры і пагрозы палітычнага пераследу ўдзельнікаў. У верасні 2022 года фестываль аб’явіў бестэрміновы антываенны оўпэн-кол. Сёння гэтыя п’есы чытаюць у розных кропках свету на фестывалях «Рэха Любімаўкі», якія сталіся своеасаблівым антываенным рухам тэатральных дзеячаў, якія эмігравалі з Расеі га знак пратэсту супраць вайны або ўцякалі ад палітычнага пераследу.
«Рэха Любімаўкі» ўжо «прагучала» ў Нарве і Тарту, Тбілісі, Хайфе, Тэль-Авіве, Парыжы, Бялградзе, Стамбуле, Берліне, Баку, Гранадзе, Ерэване, Алматы, Ювяскюля, Хельсінкі, Франкфурце-на-Майне і Мюнхене. У кастрычніку фестываль упершыню пройдзе ў Варшаве.
Якуб Хруст belsat.eu